Дзень святога Валянціна: моладзь аб каханні

09:08 / 14.02.2011

«Ну якое зараз у моладзі каханне? Адна толькі назва. Знаёмяцца праз інтэрнэт, перапісваюцца смскамі, размаўляюць толькі па мабільным. А сустрэнуцца – дык хутчэй да кахання фізічнага. А калі і дойдзе справа да вяселля – дык таксама або па неабходнасці, або па разліку. А цудоўная вядомая фраза «шлюбы ўтвараюцца на нябёсах» зараз змянілася на прагматычнае заключэнне саюза двух закаханых у натарыяльнай канторы – складанне шлюбных дагавораў, кантрактаў і падзелу маёмасці… Не, што ні кажыце, а кахання ў моладзі зараз амаль няма – сэкс і цынічны разлік выходзяць на першае месца…»
Такое ці падобнае выказванне прыходзілася чуць ці міжволі падслухоўваць неаднойчы. Маўляў, няма зараз месца рамантыцы і прыгожым учынкам дзеля каханых, маладыя людзі ўсё глыбей пагружаюцца ва ўсеабдымную сетку ці “завісаюць” у розных клубах ці дыскабарах. І невядома, чым усё гэта закончыцца.    А канчаткова мяне “дабіў” калега па працы, які нядаўна заявіў, што гадоў праз сорак усе любоўныя стасункі абмяжуюцца да зададзеных параметраў у камп’ютары і зараней вядомага выніку. “А дзеці адкуль будуць брацца?” – спытаў хтосьці. На што калега імгненна адказаў: “Як адкуль? З прабіркі!” Вось такія невясёлыя перспектывы.



Аднак ці ўсё так сур’ёзна і ў такіх шэра-чорных фарбах? Каб расставіць усе кропкі над “і” напярэдадні Дня закаханых, я вырашыла пацікавіцца непасрэдна ў моладзі: ці так усё сумна з каханнем, ці святкуюць яны дзень Святога Валянціна і ці ёсць будучыня ў гэтага пачуцця без прабірак?

Алена, 22 гады:
– Дзень закаханых трэба святкаваць, калі ты – закаханы і цябе кахаюць. А пісаць смешныя “валянцінкі” сяброўкам і атрымліваць такія ж сябе  я лічу пустым і непатрэбным заняткам.
А вось жыць без кахання? Гэта нешта новенькае. І немагчымае. Кожны чалавек хоць раз у жыцці, але абавязкова адчуў гэтае пачуццё. А што атрымалася ў выніку – гэта ўжо іншая размова. Бо, як правіла, не заўсёды каханне бывае шчаслівым. Напэўна, у некаторых выпадках лепш яго і не ведаць. Але хіба сэрцу загадаеш? А тое, што праз некаторы час яно зусім знікне – дык гэта глупства. Каханне было, ёсць і будзе жыць, пакуль жыве чалавек, пакуль існуюць мужчына і жанчына.


Міша, 24 гады:
– Жыццё без інтыму і дзеці з прабіркі – ну гэта ўжо перабольшванне. Думаю, добраахвотна на такое ніхто не падпішацца. А калі сур’ёзна, я наогул не разумею, пры чым тут інтэрнэт і іншыя дасягненні прагрэсу? Калі б усё стаяла на месцы, мы б і зараз жылі ў каменным стагоддзі. Мяняецца час – мяняецца ўсё навокал, мяняемся і мы. Няма нічога страшнага, што маладыя людзі зараз знаёмяцца і сябруюць крыху па-іншаму, чым іх дзядулі і бабулі.
На 14 лютага я стараюся не эксперыментаваць і прытрымліваюся традыцыйнага падарунка – купляю каханай прыгожы букет, якую-небудзь прыемную дробязь і білеты ў кіно ці тэатр.


Саша, 27 гадоў:
– Каханне, вядома, ёсць. Але яно, на жаль, недаўгавечнае. Бо гадоў праз пяць знікае і ўступае месца элементарнай звычцы, пастаянству, прывыканню, што побач знаходзіцца менавіта гэты чалавек, з якім утульна, камфортна і ўсё, у прынцыпе, задавальняе. Але ранейшага яркага феерверку, буры эмоцый і шквалу пачуццяў ужо няма.
Цяжка ўявіць, што будзе нават гадоў праз дзесяць. Таму ў будучым не выключаны кардынальныя змены нават і ў асабістых адносінах.
А дзень закаханых ніяк асабліва не святкую.


Каця, 25 гадоў:
– Каханне… (Уздыхае) Колькі пра яго ўжо сказана-пераказана. Можна пісаць цэлыя дысертацыі, аналізаваць, вылічваць і ўсё роўна ніхто не зможа дакладна адказаць, што гэта такое. Проста ў кожнага яно сваё, асабістае. Калі бачыш чалавека – і нешта сціскаецца ўсярэдзіне і падае ўніз. І няпраўда, што зараз моладзь апашляе гэтае пачуццё. Якім яно было, такім і застанецца нават праз стагоддзе.
А дзень Святога Валянціна – гэта свята дваіх, і ў інтымныя падрабязнасці ўмешвацца не варта.


Максім, 21 год:
– Вось ужо грамадству ніяк не дагадзіць. Бадзяемся па вуліцы – дрэнна. Сядзім у інтэрнэце – жах! Кахаем – і то не так, як трэба. Словам, ва ўсім моладзь вінаватая. А калі ж кахаць, як не ў маладым узросце? А ўжо як, дзе і колькі – гэта ўжо, прабачце, наша справа.
Дзень закаханых стараюся праводзіць весела і насычана. А наконт будучыні і кахання ніколі не задумваюся – стараюся жыць сённяшнім днём. Пажывём – пабачым.


Марына МАЦКЕВІЧ.