Якія кветкі любіць старшыня Астравецкага суда Святлана Лабар?

12:16 / 08.03.2019
Святлана Лабар, старшыня суда Астравецкага раёна

IMG_2652.jpg

 У судовую сістэму Святлана Вікенцьеўна прыйшла не адразу – перш, чым зразумець, што яе стыхія – юрыспрудэнцыя, яна атрымала медыцынскую адукацыю.
– Хіба ў сямнаццаць гадоў разумееш, куды паступаеш і што чакае наперадзе? – з усмешкай адзначае жанчына. – Але што наканавана, таго не пазбегнуць. Сярод маіх знаёмых было шмат юрыстаў. Слухаючы іх размовы, абмеркаванне розных спраў, я і сама зацікавілася гэтай прафесіяй – настолькі, што вырашыла атрымаць юрыдычную адукацыю. Пачынала кансультантам суда Дзятлаўскага раёна, пасля працавала старшым судовым выканаўцам – нават была прызнана лепшай на гэтай пасадзе ў рэспубліцы. Затым дзесяць гадоў з'яўлялася суддзёй, а ў мінулым годзе прызначана старшынёй суда Астравецкага раёна.
Вывучаць дэталі крымінальных, грама­дзянскіх ці адміністрацыйных спраў, выслухоўваць удзельнікаў судовага працэсу і выносіць справядлівы прысуд – справа сур’ёзная, адказная і няпростая. Але ці жаночая?
– Сярод суддзяў Беларусі шмат жанчын, – гаворыць Святлана Вікенцьеўна. – Напэўна, гэта тэндэнцыя часу, калі ў прафесіі няма полавызначальнай прыкметы. Што тычыцца цяжкасцей ці праблем, то яны здараюцца на любой рабоце. Канешне, сітуацыі бываюць розныя, аднак заўсёды стараюся адносіцца да людзей, што сядзяць на лаве падсудных, па-чалавечы. Праўда, цяпер, як старшыня суда, займаюся больш грамадзянскімі і адміністрацыйнымі справамі. Мая прынцыповая пазіцыя ў такіх выпадках – упэўніць паглядзець людзей на праблему з іншага боку, прызнаць памылкі і вырашыць справу мірным чынам. 
Аднак не работай адзінай… Ёсць у Святланы Вікенцьеўны захапленні, месца для рэлаксацыі і маленькія жаночыя слабасці.
– Захапленні ў мяне мяняюцца, – усмі­хаючыся, гаворыць жанчына. – Я шыла, вышывала, зараз – вяжу. Люблю пада­рожнічаць. Мару з’ездзіць у Карэлію, палюбавацца яе непаўторнымі краявідамі. Але больш за ўсё падабаецца проста гуляць па лесе – на ўлонні прыроды я адпачываю, расслабляюся і аднаўляю сілы.
Нават любімыя кветкі ў Святланы Вікенцьеўны не тыя, што растуць у аранжарэях, а лясныя і палявыя.
– Вельмі падабаюцца ландышы, – прызнаецца Святлана Вікенцьеўна. – І палявыя кветкі даспадобы. А наогул люблю ўсё простае і пяшчотнае. Але вясной – толькі цюльпаны. Гэта першыя прадвеснікі цяпла, сонца і, канешне ж, нашага жаночага свята. Дарэчы, віншую жаночую частку нашага калектыву, супрацоўніц пракуратуры і адвакатуры, з якімі мы цесна супрацоўнічаем, і ўсіх прадстаўніц прыгожай паловы Астравеччыны з надыходзячым святам. Няхай вясна заўсёды жыве ў вашых сэрцах! 
Текст: