Знакомьтесь: старший оперуполномоченный БЭП Алексей Довляш

12:16 / 04.03.2019
Аляксей Даўляш ніколі не задумваўся пра выбар прафесіі. Не таму, што быў безадказным ці летуценным юнаком. Проста яшчэ ў дзяцінстве ён вырашыў, што будзе, як тата – а Тадэвуш Станіслававіч Даўляш усё жыццё праслужыў у міліцыі.

1.jpg


 Як правіла, дзеці людзей у форме дзеляцца на дзве катэгорыі: першыя, успамінаючы, як іх бацька ці маці днямі і начамі прападалі на службе, не хадзілі на ранішнікі і бацькоўскія сходы і нават у выхадныя маглі сарвацца «па трывозе», выбіраюць больш спакойныя прафесіі. Другія ж, наадварот, раскрыўшы рот, слухаюць рэдкія бацькавы аповеды пра работу, употайкі прымяраюць яго медалі і, заплюшчыўшы вочы ад захаплення, мараць: вырасту – і таксама буду насіць пагоны!
Аляксей Даўляш адносіўся да другой катэгорыі – і пасля заканчэння астравецкай сярэдняй школы №1 паступіў у акадэмію МУС. 
– Бацька ўсё жыццё служыў у міліцыі,  я вырашыў пра­доўжыць яго справу, – расказвае Аляксей Тадэву­шавіч. – І зараз магу сказаць, што не пашкадаваў аб  сваім выбары і не расчараваўся, што трапіў менавіта ў аддзя­ленне па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі. Першых тры гады ў акадэміі ў нас былі агульныя дысцыпліны, а на чацвёртым курсе падзялілі па спецыяльнасцях. Памятаю, перад гэтым неаднойчы думаў, што хацеў бы паспрабаваць сябе ў барацьбе з эканамічнымі злачынствамі. Пры размеркаванні быццам прачыталі мае думкі. 
У 1996 годзе Аляксей Даўляш маладым спецыялістам прыйшоў у аддзяленне па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Астравецкага РАУС. Вучоба ў акадэміі МУС дала веды, аднак на практыцы ўсё давялося спасцігаць амаль што «з нуля». 
– Служба ў нашым падраздзяленні спецыфічная, – тлумачыць Аляксей Даўляш. – А сфера дзейнасці маштабная: дзяржбюджэт, сістэмы адукацыі, аховы здароўя, сельская і лясная гаспадаркі, прамысловасць – словам, усе галіны эканомікі і сацыяльнага жыцця. Унікнуць ва ўсе нюансы «зялёнаму» оперупаўнаважанаму вельмі складана. Мне пашанцавала, што побач аказаўся вопытны спецыяліст, настаўнік і Чалавек з вялікай літары, якому заўсёды буду ўдзячны, – Аляксандр Казіміравіч Лябецкі. Ён ад «А» да «Я» вучыў мяне, што і як трэба рабіць. Яго парады і падтрымка дапамаглі годна выконваць свае абавязкі.
З таго часу мінула больш за дваццаць гадоў. На рахунку старшага оперупаўнаважанага Аляксея Тадэвушавіча дзясяткі раскрытых спраў і багаты вопыт службы ў міліцыі. Цяпер ён і сам каго хочаш навучыць, як змагацца з эканамічнымі злачынствамі.   
– Каб добра выконваць сваю работу, трэба не толькі ў ёй разбірацца, але і паважаць тое, чым займаешся, – працягвае мужчына. – Служыць у міліцыі няпрос­та – але мне падабаецца. Тым больш што дома надзейны тыл. З сям’ёй я адпачываю маральна і фізічна і чэрпаю энергію для новых спраў. 

Текст:
Фото: Марина Мацкевич