Прапанова ад лясгаса: дровы па цане... коржыка

15:03 / 28.01.2011
3

Нам, работнікам лясгаса, часта даводзіцца чуць папрокі ў свой адрас. Маўляў, чаму не дазваляюць людзям забраць з лесу тыя дровы, якія літаральна пад нагамі валяюцца, – сухастой, буралом?… Канешне, рацыянальнае зерне ў гэтых заўвагах ёсць. Тым больш, што і мы падчас зрабіць усё не паспяваем.
Таму, ідучы насустрач пажаданням насельніцтва, Міністэрства лясной гаспадаркі прыняло рашэнне ажыццявіць водпуск дроў спажыўцам – як фізічным асобам, так і юрыдычным – за кошт сухастойнай і паваленай ветрам драўніны. Такім чынам, можна будзе вырашыць адразу дзве задачы – навесці парадак у лесе і забяспечыць попыт людзей на дровы. ДЛГУ “Астравецкі лясгас” плануе рэалізаваць гэтым спосабам не менш 5000 метраў кубічных дроў. Кошт – 500 рублёў за “куб”. Цана, як бачна, чыста сімвалічная. Умова толькі адна – нарыхтаваць і вывезці дровы трэба ўласнымі сіламі.
Зразумела, нарыхтоўваць драўніну можна будзе не там, дзе пажадаецца, а ў спецыяльна адведзеных месцах. Найперш гэта тычыцца “зялёных зон” вакол населеных пунктаў, лесапасадак ля дачных таварыстваў, берагоў рэк, дарог.
Інфармацыя аб месцы магчымых высечак змешчана на стэндах ва ўсіх лясніцтвах. 
Тым, хто зацікавіўся прапановай, раім паспяшацца. Самыя вялікія аб’ёмы продажу дроў запланаваны на першы і другі кварталы бягучага года.


А. РАТКЕВІЧ, начальнік аддзела лясной гаспадаркі ДЛГУ “Астравецкі лясгас”.