Пра Афганскую вайну расказаў Уладзімір Алізар у клубе «Актыўнае даўгалецце»

10:28 / 18.02.2019

Немагчыма абысці ўвагай такую лютаўскую дату, як Дзень памяці воінаў-інтэрнаціяналістаў – тым больш, што сярод астраўчан ёсць тыя, хто выконваў свій інтэрнацыянальны абавязак. Таму на сваё чарговае пасяджэнне ўдзельнікі клуба «Актыўнае даўгалецце» запрасілі ветэрана Афганскай вайны Уладзіміра Алізара.

IMG_9717.jpg

«Актывістам» цікавіліся ў госця, як ён стаў удзельнікам гэтай вайны, у якіх умовах ваявалі і жылі воіны-інтэрнацыяналісты. Уладзімір Мар’янавіч адказваў на пытанні, але было бачна, як цяжка яму ўспамінаць перажытае. Аднак нават і гэтых пачутых сціплых расказаў хапіла, каб крануць слухачоў да слёз.

Як?

Уладзімір Алізар з тых, каго ў Афганістан закінуў армейскі лёс. Так здарылася, что хлопца з Гудагая, двойчы прызывалі ў армію: пасля першай павесткі, калі ўжо родныя і сябры рыхтавалі провады, Уладзіміра папрасілі крыху пачакаць.

А вось у другі раз чакаць не давялося – размеркаваны ў паветрана-дэсантныя войскі, ён вельмі хутка праз Гродна, Мінск і Маскву апынуўся ў Ташкенце, дзе яго чакалі паўгода «вучэбкі». Затым быў Афганістан.

IMG_9710.jpg

Навошта?

Гэтага пытання тады не ўзнікала: быў загад – а загады не абмяркоўваюцца.

На той момант савецкія войскі абаранялі паўднёвыя межы адной вялікай краіны – Савецкага Саюза.

IMG_9713.jpg

Вайна і жыццё

Без перабольшання можна сказаць, што кожны дзень, кожную хвіліну вайскоўцы пражывалі як апошнія – немагчыма было ведаць, што будзе заўтра-сёння-зараз.

– Спачатку я прасіўся ў адну з самых гарачых кропак вайны – Баграм. Малады быў, не разумеў усяго, – расказвае Уладзімір Мар’янавіч. – Але камандзір, таксама беларус, спыніў: маўляў, куды ты, дурань.

IMG_9702.jpg

– Часцей за ўсё мішэнню станавіліся адзінкавыя баявыя машыны, на калоны нападалі менш, – працягвае мужчына. – У такой сітуацыі аднойчы давялося пабываць і мне, калі зламаўся наш БТР і мы адсталі ад сваіх: у «зялёнцы» трапілі пад абстрэл. Але нам пашанцавала – выйшлі з бою жывымі. Нас потым узнагародзілі.

Самае страшнае, калі хлопцы гінулі ў апошнія дні, калі нашы войскі ўжо выходзілі з Афганістана. Шмат і тых, хто прапаў там без звестак – яшчэ і цяпер маці чакаюць іх.

Сувязь з Радзімай

– Вядома, пісалі лісты дахаты. Але толькі тады, як дазваляў час, – успамінае Уладзімір Алізар. – Канешне, пісалі так, каб не хваляваць бацькоў. Маці да гэтага часу захоўвае мае лісты.

IMG_9711.jpg

Вяртанне

Служба Уладзіміра Алізара зацягнулася: чакаць вяртання з Афганістана давялося лішніх паўгода – да таго часу, калі пачаўся вывад савецкіх войскаў.

Першымі, каго Уладзімір сустрэў у Гудагаі, калі сышоў з цягніка Мінск-Вільнюс, былі яго аднакласнікі – больш цёплай сустрэчы ў яго жыцці не было.

IMG_9709.jpg


Текст:
Фото: Светлана Фёдорова