“І яго б дзеці бегалі па гэтай хаце”, – са слязамі гаворыць маці Іосіфа Канстовіча

09:27 / 12.02.2019

Трыццаць гадоў назад савецкія войскі пакінулі Афганістан. Трыццаць гадоў назад тысячы маладых хлопцаў вярнуліся дадому з сівізной у валасах. Трыццаць гадоў яны зноў і зноў у снах вяртаюцца туды, дзе бязлітасна пячэ сонца, абсыпае пяском ад выбухаў, не змаўкае кулямёт і стогне побач паранены таварыш.

3.jpg

Ірына Францаўна Канстовіч ніколі не была на вайне. Але вось ужо трыццаць пяць гадоў яна носіць у сэрцы асколак, боль ад якога не суцішаць ніякія лекі. Афганістан забраў яе старэйшага сына – Іосіф Канстовіч вярнуўся дадому ў цынкавай труне.

4.jpg

…Нас у пакоі трое: Ірына Францаўна, яе малодшы сын Васіль і я. Але мяне не пакідае адчуванне, што нас чацвёра – з вялікага партрэта на сцяне, бы жывы, глядзіць усмешлівы малады хлопец у вайсковай форме.

– Гэта мой старэйшы хлопец, – перахапіўшы погляд, тлумачыць Ірына Францаўна. – Гэта ён не вярнуўся з арміі. Мой першынец… Юзюк…

Жыццё Ірыны Францаўны з самага пачатку было няпростым. Бацьку забілі, калі яна была малая, маці, як магла, адна падымала дзяцей.

– Жылі мы на хутары Віктарышкі – гэта за Дайноўкай, – успамінае жанчына. – Я і зараз не ведаю, хто і за што забіў бацьку. Маці казала, што час такі тады быў – пасляваенны, неспакойны. А нас двое было – я ды брат. Што значыць застацца без мужчыны ў хаце, ды яшчэ з малымі дзецьмі на руках? Усяго нацярпеліся: і холаду, і голаду. Я ў школу амаль не хадзіла: тры класы скончыла, чытаць-пісаць крыху навучылася – і хопіць. Трэба было на хлеб зарабляць, дык маці мяне няньчыць дзяцей да багацейшага чалавека адправіла.

Аднак ніякія цяжкасці не могуць перакрэсліць радаснага прадчування шчасця, якое ўласціва юнацтву. Разам з сяброўкамі Ірына бегала на танцы, хадзіла ў госці да сваякоў, а ў нядзелю – да касцёла. І ўсюды ёй на вочы трапляўся Браніслаў. Ён даўно прыкмеціў дзяўчыну – і падчас адной з сустрэч падышоў. Маладыя людзі пазнаёміліся летам – а ўжо на Новы год у Віктарышках шумела вяселле.

– Гэта цяпер кафэ ды рэстараны, а тады хто іх ведаў? – расказвае Ірына Францаўна. – Шлюб у касцёле ў мястэчку Гудагай бралі, вяселле ў хаце спраўлялі. Усё як у людзей было – можа, і не вельмі багата, але весела. Я ж маладзенькая зусім была – васямнаццаць гадоў усяго. Браніслаў на тры гады старэйшы. Статны, культурны – мабыць, гэтым і прыглянуўся. Спачатку мы на хутары жылі, а пасля мая мама хату падарыла – вось гэту, у якой зараз сядзім. Толькі Бог ведае, колькі гадоў яна працавала ды капейку да капейчыны складвала, каб стары будынак купіць ды сюды перавезці. Памятаю, стрыечныя сёстры на танцах у прыгожых сукенках фарсілі, а я – у чым давядзецца. Ніхто мне ніякіх убораў не купляў. Нават да шлюбу якую мама сукенку пашыла – у той і пайшла. Усе грошы на хату збіралі. А пераехалі – нічога ж не было: голыя сцены ды земляная падлога. Першы час падваконне было замест стала. Але затое – сваё!

Месяц за месяцам, год за годам Канстовічы абжываліся на новым месцы. А праз тры гады іх хата напоўнілася шчасцем, аб якім марыць кожная сям’я – нарадзілася немаўля.

1.jpg

– Дзяцей у мяне чацвёра: тры сыны і дачка, – з мацярынскім гонарам расказвае Ірына Францаўна. – Першы – Юзюк, праз пяць гадоў з’явіўся на свет Франак, а яшчэ праз чатыры нарадзіліся двайняты Васіль і Валянціна. Яны ўсе добрымі былі – калі і ўтвораць што, дык гэта ж дзеці. Юзюк з самага маленства быў дужым: у годзік сам табурэтку насіў. Пасля заканчэння Астравецкай сярэдняй школы паехаў вучыцца на слесара-электрыка ў Вільнюс. Рамантаваць цеплавозы хацеў – жывём жа побач з чыгункай, дык ён рос, гледзячы на цягнікі. Толькі паспеў адвучыцца, як прыйшла павестка ў армію. Забралі майго хлопчыка…

Разам з Васілём Канстовічам разглядваем фотаздымкі, якія яго брат зрэдку дасылаў з Афганістана. Гле­дзячы на вясёлых маладых хлопцаў, не верылася, што не­дзе побач бушуе вайна. Мабыць, Афганістан хутка навучыў гэтых юнакоў жорсткай мудрасці: не думаць пра будучыню, не адкладваць жыццё на заўтра, радавацца кожнаму новаму світанку і спадзявацца, што сустрэнеш чарговы ўзыход сонца жывым.

5.jpg

– «Вучэбку» брат праходзіў у горадзе Чырчык Ташкенцкай вобласці, – далучаецца да размовы Васіль Канстовіч. – Адтуль яго накіравалі ў Кабул. Лісты дасылаў нячаста, пра службу амаль не расказваў. Пісаў, што скончыў ваенную школу повараў, што пабачыў горы, што днём там нават у ценю +50. Я хоць і малы быў, але памятаю, як мы Юзюка ў армію праводзі­лі. Сабраліся родныя, сябры яго – вясёлыя провады былі. Ніколі не забуду і яго вяртанне... Я толькі з Вільнюса прыехаў, сышоў з цягніка, як хтосьці на вакзале сказаў: «Бяжы хутчэй дадому. Твой брат вярнуўся… у цынкавай труне».

– Тагачасны ваенкам разам з братам майго мужа служыў, – дадае Ірына Францаўна. – Дык ён пасля прызнаўся, што ніяк не мог асмеліцца нам пра смерць Юзюка сказаць. Многія аднавяскоўцы ўжо ведалі, што майго сына няма ў жывых, а мы – не. Я на працы якраз была, як хтосьці сказаў, што мне трэба дадому ісці, бо Юзюка прывезлі – і быццам асколак сэрца працяў. Не помню, як дайшла, помню толькі, што ўсю дарогу прагаласіла – ведала, что больш не ўбачу сына жывым.

2.jpg

– Не магу паскардзіцца, дзеці мяне глядзяць, – працягвае жанчына пасля паўзы. – Дачка, хоць і жыве ў Гродне, але гатова хоць кожныя выхадныя сюды ляцець. У свае 77 гадоў маю пяцёра ўнукаў і праўнучку. Мне б яшчэ крыху здароўя, каб імі пацешыцца. Часта думаю: быў бы Юзюк жывы – і яго б дзеткі бегалі па гэтай хаце…

6.jpg

 Ужо трыццаць пяць гадоў Ірына Францаўна жыве з балючым асколкам у сэрцы. Яна радуецца поспехам дзяцей і ўнукаў, перажывае за іх праб­лемы, аднак ніколі не забывае пра старэйшага сына. А ён, бы жывы, паглядае на маці з вялікага фотаздымка, быццам хоча сказаць: «Не хвалюйся, мама.»

Текст: