Две истории о тунеядцах

16:10 / 05.02.2019
1056
Тэма дармаедаў і Дэкрэту №3 па-ранейшаму застаецца адной з най­больш абмяркоў­ваемых у нашым грамадстве. Вось і двое нашых чытачоў пажадалі выказацца па гэтым пытанні – праўда, папрасілі не называць іх сапраўднае імя, кожны па сваёй прычыне. 

relax-1024x682.jpg

А мо, іх лячыць трэба?

– Зараз на кожным скрыжаванні толькі гавораць пра дармаедаў і пра Дэкрэт, які павінен прымусіць іх працаваць. А я так лічу: дармаеды былі, ёсць і будуць, бо мы іх самі і выхоўваем. 

Вось у мяне сусед – малады хлопец, школу закончыў і нават нейкі каледж, а нідзе не працуе. Спачатку яго накіравалі на работу ў іншы горад, дык маці паехала, забрала. Сказала, што цяжка яму там: плацяць мала, а трэба кватэру здымаць і есці самому гатаваць.  А тут, жаліцца, сынок нідзе не можа ўладкавацца. Туды, куды б ён хацеў пайсці працаваць, не бяруць, бо там вопыт работы патрэбен – а які ў яго вопыт? А куды бяруць, там за такія грошы маладому чалавеку проста сорамна працаваць – гэтак маці ягоная лічыць. А я вось, жыццё пражыўшы, ніяк не магу зразумець: як можа быць сорамна працаваць? Сядзець у маткі на шыі – не сорамна, а працаваць – сорамна?! 

Суседку мне шкада. Яна сына адна гадавала, пылінкі здувала. Як малы быў, усё ў школу сварыцца бегала: то яму адзнаку не тую паставілі, то аднакласнікі пакрыўдзілі. Вось, выгадавала на сваю галаву дармаеда! Сядзіць зараз на шыі ў маці. Яшчэ і «нявестак» ёй час ад часу «падкідвае». То адну дзяўчыну прывядзе – «Мы, –  кажа, – кахаем адзін аднаго, ра­зам жыць будзем». Пажывуць паўгода, маці корміць, падарункі купляе, дагаджае «нявестцы», а там, глядзіш, скончылася каханне – разбегліся. Праз нейкі час ужо з другой «каханай», абняўшыся, ходзіць… Цяжка і палічыць, колькі іх было.

Не, афіцыйна хлопец гэты не дармаед: маці ўладкавала яго некуды на работу вартаўніком. Цяпер сама працуе на паўтары стаўкі, а па начах ідзе за яго дзяжурыць. Яшчэ і па выхадных бяжыць людзям то шпалеры клеіць, то сцены шпакляваць – сыночка ж трэба карміць, апранаць, тэлефон не горшы, чым у іншых, купіць, цыгарэты. 

І ніхто маёй суседцы не дапаможа прымусіць сына працаваць: ні Дэкрэт, ні камісія. Хіба што, крый Божа, здароўе падвядзе, тады, мо, толькі яе дармаед адумаецца. Ды і то, як мой жыццёвы вопыт паказвае, наўрад ці. Такія матак не шкадуюць… Хіба што якая дурніца ўтрэскаецца ды замуж за яго пойдзе – тады ён з адной шыі на другую перасядзе…

Вось у савецкія часы за дармаедства ў турму садзілі. І правільна, лічу, рабілі, бо як гэта можна: жыць – і не працаваць? 
Ці, можа, такіх лячыць трэба? Я думаю, гэта ў псіхіцы нейкае адхіленне… Нармальны здаровы чалавек не можа не працаваць, не імкнуцца да нечага…
Я вось усё жыццё працавала, з сямнаццаці гадоў, працоўнага стажу – сорак гадоў. Пенсія, праўда, не нашмат большая, чым у тых, хто лайдачыў… Але ж большая! Мне хапае… Да таго ж я і цяпер без справы не сяджу: агарод сажу, суседцы дзетак малых дапамагаю глядзець – а яна мне якую капейчыну падкіне ці падарунак да свята: і ёй добра, і мне. Не, без работы аніяк нельга! Без яе нуда да сэрца чэпіцца – а гэта горш за хваробу!

А Дэкрэт гэты, напэўна, з добрымі намерамі прымалі – толькі, думаю, не прымусіць ён майго суседа працаваць. А вось маці яго, мусіць, доўга не працягне – за сябе і за яго гарбаціцца.
Пытаецеся, што я прапаноўваю? Ой, ды каб я ведала, што прапанаваць, то, напэўна, у Савеце Міністраў сядзела б, а не тут, на лавачцы. 
Вы прозвішча маё не пішыце, а то сусед прачытае ды яшчэ хату падпаліць: як заняцца няма чым, то ўсялякае дурноцце ў галаву  лезе…

Напішыце проста: Марыя Аляксееўна, пенсіянерка.

4.jpg


Ніколі ў жыцці я не быў дармаедам!

Нядаўна я даведаўся, што трапіў у базу так званых дармаедаў. Доўга смяяўся. Так доўга, што ажно на слязу прабіла… 
Не, фармальна ўсё правіль­на: я, як і многія цяпер, працую, як кажуць, «фуршчыкам», вадзіцелем-дальнабойшчыкам, і фірма, што прыняла мяне на працу, знаходзіцца за мяжой. Два месяцы матаюся па дарогах Еўропы: у машыне мая спальня, сталоўка, месца працы… Затое потым месяц – дома, з сям’ёй. Так, падаходны падатак я плачу там, дзе працую, – але ўсе астатнія  грошы  прывожу сюды і трачу ў нашай краіне. Так што сказаць, што я не прымаю ўдзел у фарміраванні дзяржаўнага бюджэту, напэўна, усё ж нельга. 

Але гэта не галоўнае. Калі дзяржава лічыць, што гэты мой уклад у бюджэт недастатковы – я гатовы заплаціць! Што там з мяне патрабуецца? Гарачую ваду па сабекошце? Дык у мяне свой дом, калонка, газавае ацяпленне, бойлер – за ўсё плачу, і немалыя грошы. Трэба больш? Добра, заплачу больш. Бясплатная медыцына? Ну, гэта пытанне спрэчнае… Калі маёй жонцы спатрэбілася абследаванне, а затым – і аперацыя, я, каб не губляць часу ў бясконцых чэргах у паліклініках і бальніцах і не траціцца на «знакі ўдзячнасці», адвёз яе ў Мінск, аплаціў усё, што трэба, з падаткам на дабаўленую вартасць – дзякаваць Богу, дапамога была своечасовая, кваліфікаваная і ўсё абышлося.  Адукацыя? Дачка заканчвае школу, збіраецца паступаць – нанялі рэпетытараў па двух прадметах: іх паслугі, скажу я вам, зусім не танныя. Ці плацяць яны падаткі са сваіх даходаў – аб гэтым вы ўжо ў іх пацікаўцеся. Сын займаецца ў спартыўнай секцыі – таксама не бясплатна. 

…Ва ўсёй гэтай сітуацыі мне больш за ўсё крыўдна чуць пра сябе – «дармаед». Ніколі ў жыцці я не быў дармаедам, з маленства працаваў. Бацька нас пакінуў, калі я быў яшчэ малым. Мама хварэла. На ўсе свае «хачу» я заўсёды зарабляў сам. Захацеў мячык – пасвіў у бабулі ў вёсцы радоўку за ўсіх, хто папросіць. Спатрэбіўся камп’ютар для вучобы – пайшоў на лета памочнікам камбайнера. Захацеў новы тэлефон – дапамагаў суседу рамантаваць машыны. Я ўсё ўмею і ўсё раблю сваімі рукамі! Дом сам пабудаваў – пазыку, праўда, у банку ўзяў, заканчваю выплачваць.  Калі б не мая работа, то цяжкавата б нам з жонкай прыйшлося: дом да ладу даводзіць, двое дзяцей гадаваць, крэдыт плаціць, хворай маці дапамагаць. Ды што там – упэўнены, што ўсё гэта мы б не асілілі.

Напэўна, праз нейкі час я пакіну сваю работу і вярнуся на радзіму – тады, калі пойдуць на свой хлеб дзеці, калі выплацім даўгі за дом… Не думайце, не мёдам там намазана, у той Еўропе – усяго хапае. І, калі б была магчымасць, я б з задавальненнем жыў са сваёй сям’ёй і вечарам вяртаўся ў цёплы ўтульны дом, на жончыны баршчы і катлеты, а не душыўся фаст-фудам. 

Зразумейце: справа не ў тым, што я, такі-сякі, не хачу плаціць падаткі ў сваёй краіне. Справа ў тым, што мне пакуль не могуць прапанаваць работу і зарплату адпаведна маёй кваліфікацыі і, галоўнае – на­дзённым патрэбам. Таму я і працую за мяжой – каб забяспечыць годнае існаванне сваёй сям’і.
Такі вось я «дармаед»


Ігар К.

Фота носіць ілюстратыўны характар




Текст: Администратор сайта
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений