Што цікавіла жыхароў Кямелішак падчас сустрэчы з прадстаўнікамі ўлады
Сустрэча прадстаўнікоў улады, кіраўнікоў арганізацый і прадпрыемстваў, дэпутатаў з жыхарамі аграгарадка Кямелішкі прайшла на мінулым тыдні.
Падставай для яе правядзення стаў пажар, на якім загінула жанчына, жыхарка хутара Вердзялішкі Рытанскага сельсавета. Што стала прычынай трагедыі, ці былі для гэтага прадпасылкі і як пазбегнуць бяды – гэтыя і іншыя пытанні абмяркоўваліся падчас сустрэчы.
Здаецца, пра пажары і пра тое, як іх папярэдзіць, людзі павінны ведаць усё – столькі пра іх гаворыцца і пішацца, у тым ліку і на старонках нашай газеты. Аднак, як правіла, бяда прыходзіць тады, калі яе не чакаюць. Так было і на гэты раз. А пакуль прычыну пажару і смерці на ім жанчыны высвятляе следства, начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Віталій Рыбак агучыў сумную статыстыку і перасцярог людзей ад бяды.
– У чарговы раз заклікаю звярнуць увагу на стан печак і дымаходаў у доме, удзяліць асаблівую ўвагу гаспадарчым пабудовам і лазням, – звярнуўся да вяскоўцаў Віталій Канстанцінавіч. – У кожным доме абавязкова павінен быць пажарны апавяшчальнік – лепш не адзін. Штогод дзякуючы гэтаму маленькаму прыбору выратоўваецца не адно жыццё.
Начальнік РАНС нагадаў пра правілы бяспекі пры зімовых забавах з цюбінгамі і забарону выхаду на лёд, звярнуў увагу на небяспеку палаў травы з наступленнем вясны, расказаў пра мабільны дадатак “МНС Беларусі: дапамога побач”.
264 злачынствы, 91 крадзеж, 11 дарожна-транспартных здарэнняў з пацярпелымі – са статыстыкай за мінулы год пазнаёміў жыхароў аграгарадка намеснік начальніка міліцыі Валерый Супрановіч. Ён нагадаў, да чаго прыводзіць празмернае ўжыванне алкаголю. З 6 946 чалавек, якія былі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці з-за парушэнняў правілаў дарожна-транспартнай бяспекі, 108 кіравалі аўтамабілем у нецвярозым стане.
З жыхарамі Кямелішак таксама сустрэліся начальнік Астравецкага энерганагляду Уладзімір Харужы, які нагадаў патрабаванні электрабяспекі; галоўны інжынер раёна газазабеспячэння Алег Безляповіч – ён расказаў пра небяспеку незарэгістраваных газавых балонаў; намеснік дырэктара Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Марыя Максімава распавядала пра дапамогу людзям, што знаходзяцца ў цяжкіх жыццёвых абставінах, і пра работу розных аддзяленняў цэнтра.
– Сёння чалавек павінен думаць не толькі пра сябе, але і пра тых, хто побач. Магчыма, з вашай падказкай лягчэй будзе прадухіліць бяду і выратаваць жыццё чалавека, – адзначыла старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Тальчук. – У Год малой радзімы кожны з нас павінен дбаць пра тое, каб зрабіць свой родны кут прыгожым, дагледжаным, зручным для жыцця і прывабным для турыстаў
3 пажары з гібеллю аднаго чалавека адбылося ў Астравецкім раёне у 2019 годзе.
Пыталіся? Адказваем!
– Штораз пры замене балона работнікі газазабеспячэння праводзяць праверку газавай пліты. Ці правільна гэта?
– Работнікі ўсё робяць правільна. Пры замене балона яны павінны праверыць стан газапровада і гарэлкі.
– Ці ёсць магчымасць адкрыць у Кямелішках магазін “Еўраопт”?
– Пералік аб’ектаў, прыдатных для размяшчэння ў ім магазіна, адпраўлены на разгляд арганізацыі, якая займаецца адкрыццём магазінаў сеткі “Еўраопт”. І гэта іх права – адкрываць у Кямелішках свой магазін ці не.
– Вада ў аграгарадку вельмі дрэнная. З-за гэтага многія едуць за пітной вадой на крыніцу. Ці плануецца будаўніцтва ў аграгарадку станцыі абезжалезвання?
– У бліжэйшыя гады ў аграгарадках плануецца пабудаваць 8 такіх станцый. На 2019 год запланаваны выраб праектнай дакументацыі для станцыі абезжалезвання ў Кямелішках.
– Ці будзе даведзены да канца рамонт дарогі ад Літвян да Вароны?
– Закончыць усе рамонтныя работы плануецца ў гэтым годзе.