Астравецкія баксёры змагаюцца за выхад у фінал спаборніцтваў юнацкай лігі боксу

09:48 / 04.02.2019

Юныя баксёры Астравецкай спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву змагаюцца за выхад у фінал рэспубліканскіх спаборніцтваў юнацкай лігі боксу сярод удзельнікаў 2005-2006 гадоў нараджэння.

554.jpg

За лідарства рэспубліканскага ўзроўню змагаюцца сем каманд: зборныя ўсіх абласцей і каманда горада Мінска. Спаборніцтва пачалося ў снежні і працягнецца да мая. Сустрэчы каманд праходзяць па кругавой сістэме.

У камандзе баксёраў Гродзеншчыны выступаюць і астраўчане: Арсень Мялешка і Аляксандр Баруўка спаборнічаюць у вагавой катэгорыі 38,5 кілаграма, Кірыл Саўко – 44,5 кілаграма, а вагавую катэгорыю 59 кілаграмаў прадстаўляе Кірыл Рагавенка.

Зборная Гродзенскай вобласці ўжо правяла тры сустрэчы. Падчас спаборніцтваў са спартсменамі Віцебшчыны выйгрышны бой правёў Кірыл Саўко. Упэўнена трымаўся на рынгу і Кірыл Рагавенка, але паядынак закончыўся не на яго карысць.

У матчавай сустрэчы з баксёрамі Мінскай вобласці ачко сваёй камандзе прынёс Аляксандр Баруўка, які выйграў у саперніка з Мінскай вобласці. На жаль, Кірылу Саўко пашанцавала менш.

Затое ў спаборніцтвах са спартсменамі Мінска астраўчане былі на вышыні: Кірыл Саўко, Аляксандр Баруўка і Кірыл Рагавенка разграмілі сапернікаў на рынгу, паклаўшы ў скарбонку каманды жаданыя ачкі.

Наперадзе ў гродзенскай каманды яшчэ чатыры сустрэчы – і рэальныя шансы трапіць у фінальныя спаборніцтвы. Дарэчы, па іх выніках будуць адбіраць кандыдатаў у юнацкую зборную каманду Беларусі. Пажадаем юным астравецкім баксёрам удачы!


Текст: