Часто ли островчане обращаются в ЖКХ?

14:22 / 01.02.2019
На гэтым тыдні наш карэспандэнт выйшаў на вуліцы горада, каб даведацца, як часта жыхары Астраўца звяртаюцца за дапамогай у службу жыллёва-камунальнай гаспадаркі, па якіх пыта­н­нях і ці ведаюць яны пра службу 115.

IMG_1679.jpg

Данута Хомчык, пенсіянерка:
– Не скажу, што часта, але зрэдку ў ЖКГ тэлефаную ў дыспетчарскую. Нядаўна ў падвале труба пачала працякаць. Я адразу патэлефанавала ў ЖКГ. На наступны дзень работнікі прыйшлі і ўсё адрамантавалі.
Хачу адзначыць, што, у параўнанні з мінулымі гадамі, цяпер ЖКГ працуе значна лепш і адказней.

Вольга Сцефановіч, повар (без фота):
– Я жыву ў Гервятах. Дом у нас прыватны, таму, як і многія вяскоўцы, з дзяцінства прывучаны самі ўсё рабіць. Трэба нешта пафарбаваць – фарбуем, дарожкі ад снегу расчысціць – бярэм лапату і чысцім. Цяпер у нас у двары закапана бочка для каналізацыі, на яе адкачку мы заключылі дагавор з калгасам. ЖКГ у нас хіба што смецце забірае.

IMG_1683.jpg

Варвара Яскулоўская, пенсіянерка:
– Я жыву ў доме №29 па вуліцы Валадарскага – гэта першая пяціпавярхоўка ў Астраўцы, яму ўжо гадоў пад сорак будзе, таму праблемы ў нас не заканчваюцца. Нумары тэлефонаў ЖКГ я ведаю на памяць, хаця тэлефаную звычайна ў дыспетчарскую – там хутчэй трубку падымаюць.
На супрацоўнікаў ЖКГ паскардзіцца не магу: прыходзяць па першаму званку, тактоўныя, калі трэба – парадай дапамогуць. Але ж, паўтаруся, дом у нас стары, праблем шмат: зімой ад вільгаці шпалеры падаюць са сцен, на столі, колькі ні фарбуй, цвіль увесь час вылазіць. 
Сёлета нам абяцаюць зрабіць рамонт. Але трэба, лічу, не латаць латанае, а ўсё старое замяніць на новае, ацяпліць сцены, дах адрамантаваць, трубы памяняць. 

Ксенія Малышка, у адпачынку па догляду дзіцяці (без фота):
– Калі што ламаецца ці выходзіць са строю, клічу бацьку – ён у мяне майстар на ўсе рукі. Дапамог зрабіць  дома рамонт – ад тынкоўкі да паклейкі шпалераў. Таму ў паслугах нашага ЖКГ патрэбы не маю.

Сяргей Часнойць, часова беспрацоўны (без фота):
– Паслугамі камунальшчыкаў я не карыстаюся, бо ў мяне свой дом, абаграваюся печкай. Як гаворыцца, мой дом – мая крэпасць. І за парадкам я сачу сам, калі нешта трэба зрабіць – раблю. 
А ў ЖКГ я перыядычна ўладкоўваюся сезонным рабочым. Таму гэтую сістэму больш-менш ведаю. Ці часта туды тэлефануюць? Дзень на дзень не прыходзіцца: бывае, некалькі чалавек за дзень патэлефануе, а часам тэлефон ажно «чырвоны». Часцей за ўсё звяртаюцца ў дыспетчарскую, пра кароткі нумар 115 мала хто ведае.




Текст:
Фото: Антон Мальшевский