Астравецкая “Каза-калядоўшчыца” прызнана лепшай у рэспубліканскім конкурсе

09:00 / 31.01.2019

Творчы калектыў Астравецкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі стаў пераможцам рэспубліканскай выставы-конкурсу дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Калядная зорка”.

31.jpg

У мінулую суботу гурткоўцы цэнтра творчасці Яна Зімніцкая, Ягор Галко і іх педагог Алена Іванаўна Чарняўская прымалі віншаванні і падарункі на цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў і прызёраў. Нашы землякі даслалі на конкурс касцюм Казы-калядоўшчыцы – дарэчы, той самы, што стаў пераможцам рэдакцыйнага конкурсу! – і сталі лепшымі ў намінацыі “Навагодні касцюм”.

– Нас запрасілі ў Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, – расказвае Алена Іванаўна Чарняўская. – Было адчуванне, што навагоднія святы вярнуліся: нас віталі Дзед Мароз са Снягуркай – яны падводзілі вынікі конкурсу, фае і выставачныя залы нагадвалі пра нядаўнія зімовыя святы – там экспануюцца конкурсныя работы.

Акрамя Дыпломаў пераможцаў, каталогаў работ-пераможцаў і медалёў у выглядзе каляднай зоркі, дзеці атрымалі яшчэ адзін падарунак – спектакль. А дарослыя ў гэты час сустрэліся з членамі журы, якія расказалі пра крытэрыі адбору лепшых работ і патрабаванні да іх.

– Мы перамаглі, таму што працавалі ў камандзе, – дзеліцца сакрэтам поспеху Алена Іванаўна. – Наш метадыст Ірына Баляславаўна Мілешка падказала ідэю, мы з дзецьмі ўвасобілі яе ў жыццё.

Дарэчы, з тысячы работ-удзельнікаў вышэйшай ацэнкі заслужылі толькі 75, і астравецкая – у іх ліку. Віншуем Яну, Ягора і Алену Іванаўну!




Текст:
Фото: З архіва Астравецкага ЦТДіМ