Знакомьтесь: гордость района – Мария Максимова

07:30 / 29.01.2019
1331
Намеснік дырэктара Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Марыя Баляславаўна Максімава, чый партрэт занесены на раённую Дошку гонару, у юнацтве нават і не ведала, што існуе сацыяльная служба. Затое цяпер упэўнена: дзе б ні працавала, рана ці позна лёс прывёў бы яе ў тэрытарыяльны цэнтр. 

IMG_1865.jpg

Аб выбары прафесіі 
– Я самы звычайны чалавек. Нара­дзілася і вырасла ў вёсцы Слабодка, што ў былым Трокеніцкім сельскім савеце, тут жа скончыла базавую школу. Пасля 9 класаў хацела паступаць у Лідскае педагагічнае вучылішча – адкуль узнікла такое жаданне, цяпер ужо і не ўспомню. Напэўна, тады большасць дзяўчынак бачылі сябе настаўніцамі пачатко­вых класаў. Але мама не хацела адпускаць мяне так далёка – і ўгаварыла паступаць у Ашмяны на бухгалтара. Пазней я зразумела, што гэта быў вельмі мудры кампраміс. Так, бухгалтарскі ўлік поўнасцю супрацьлеглы настаўніцкай дзейнасці, але чым больш я паглыблялася ў лічбы і справаздачы, тым больш упэўнівалася, што выбар быў пра­вільны. Зараз не ўяўляю сябе ў ролі педагога. 

Пасля тэхнікума мяне накіравалі на працу ў Страчу ў калгасную кантору. Тут я пазнаёмілася з Марыяй Вікенцьеўнай Памецькай – са­п­раўдным прафесіяналам, якая дапа­магла не проста засвоіць бух­гал­тарскі ўлік на «выдатна», а навучыла адказнасці і дысцыплі­наванасці. Я ніколі не баялася ездзіць здаваць справаздачы, бо ведала: пасля праверкі Марыі Вікенцьеўны памылак дакладна не будзе. 

Праца ў Страчы стала лёса­вы­з­на­чальнай не толькі ў пра­фе­­сія­нальным, але і ў асабістым жыцці. Тут я пазнаёмілася з будучым мужам Ігарам, з якім мы пасля пе­ра­ехалі ў Астравец. У райцэн­тры я па­знаёмілася з Віктарам Іосі­фа­ві­чам Ждано­вічам, і аднойчы ён пра­па­наваў мне месца ў аддзеле кадраў Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насель­ніцтва. У лютым 2009 года я прыйшла сюды на работу.  

Аб працы ў сацыяльнай службе 
– Да тэрытарыяльнага цэнтра я працавала ў вытворчай фірме і крыху была знаёма з работай аддзела кадраў. Але калі прыступіла да абавязкаў, зразумела, што вытворчасць і сацыяльная служба – абсалютна розныя сферы, нават у афармленні дакументаў, не кажучы ўжо пра іншае. Працуючы ў аддзеле кадраў, я толькі павярхова ведала спецыфіку работы нашых спецыялістаў. Усё змянілася, калі мяне прызначылі намеснікам ды­рэктара – хутка ўвайшла ў курс усіх спраў. (Усміхаецца). Тым больш што ў нас не проста калектыў, а сапраўдная каманда – падкажуць і дапамогуць. З новымі абавязкамі ў мя­не з’явілася яшчэ большая цікаў­насць да работы. Сацыяльная служ­ба ахоплівае ўсе пласты насельніцтва: пра адных мы клапоцімся, з іншымі – супрацоўнічаем. 

IMG_1866.jpg

Спачатку было цяжка псіха­ла­гіч­на: кожны выезд на раён я прапускала праз сябе, як праз фільтр. Прыязджала дадому, а ў вачах стаялі адзінокія бабулі і дзядулі, якім я не ведала, чым дапамагчы. Мы можам забяспечыць ежай,  адзен­нем, дровамі, але не здольныя запоўніць іх душэўную пустату, пазбавіць пачуцця пакінутасці ці прымусіць іх дзяцей адумацца. Напэўна, перажыванне і пачуццё ўласнага бяссілля перад жыццёвымі абставінамі – гэта «хвароба» ўсіх нашых работнікаў.

Мне падабаюцца стасункі са ста­рэй­шымі людзьмі, з некаторымі з іх мож­на размаўляць гадзінамі, вучыцца ў іх мудрасці і  цярпенню. А так­сама – энергіі і жыццярадаснас­ці. У нашым цэнтры ёсць аддзялен­не для пажылых людзей. Назіраючы, з якім энтузіязмам яго наведвальнікі прыходзяць на рэпетыцыі, развучваюць песні і танцы, ствараюць прыгожыя рэчы, толькі дзіву даешся і па-добраму зайздросціш іх пазітыву і актыўнасці.  

Пра сям’ю
– Сям’я – гэта мой скарб, надзейны тыл, кабінет псіхатэрапеўта і месца духоўнага аднаўлення. У мяне дзве цудоўныя дачкі. З дзяцінства мы выхоўвалі іх, каб яны паважалі старэйшых. З мужам у нас узаемапаразуменне і падтрымка адзін аднаго ва ўсіх пытаннях. Праблемы стараемся вырашаць разам. Але тое, што тычыцца работы, часцей за ўсё спыняецца на стадыі «выгаварыцца». За мяжой людзі ходзяць да псіхолага, а я здымаю стрэс дома, у акружэнні родных. А яшчэ – у кветках, якія штогод саджу на клумбах ля мамінага дома і якія радуюць нас яркімі фарбамі да поз­няй восені. Я шчаслівая – мае дарагія людзі побач. І разам мы справімся з любымі цяжкасцямі. 

Текст: Марина Мацкевич
Фото: Марина Мацкевич
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений