Што цікавіла палушанцаў на сустрэчы з раённай уладай

14:43 / 22.01.2019
Сельскі сход, дзень інфармавання  і сустрэча прадстаўнікоў улады з насельніцтвам сабрала ў будынку клуба аграгарадка Палушы каля ста чалавек.

IMG_8039 Тальчук.jpg

Вялікія справы Астравеччыны
– Такія сустрэчы ў нашым раёне праходзяць пастаянна. Для людзей гэта цудоўная магчымасць не толькі атрымаць інфармацыю, але і задаць пытанні, –  адзначыла  старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Тальчук.

Дэпутат падрабязна спынілася на правядзенні мерапрыем­стваў  у цэлым па краіне і ў прыватнасці ў Астравецкім раёне да Года малой радзімы і нагадала, што надышоўшы год і наступны таксама пройдуць пад гэтым знакам.

У 2018 годзе на Астравеччыне прайшло шмат значных падзей.  Ас­ноўная з іх – святкаванне 550-год­дзя нашага маладога горада, у рамках якога быў адкрыты фізкультурна-аздараўленчы комплекс і пажарная аварыйна-выратавальная часць, дзіця­чы садок і гарадскі стадыён, некалькі магазінаў.

IMG_8044.jpg

– Сёлета ў краіне пройдуць другія Еўрапейскія гульні – і ад нас таксама залежыць, якое ўражанне атрымаюць турысты ад наведвання Беларусі. Наш раён прыгранічны – і мы першымі будзем сустракаць замежных гасцей.  Хочацца, каб ім тут было ўтульна і добра. Таму развіваецца не толькі інфраструктура Астраўца, ёсць планы і па развіцці аграгарадкоў і вёсак раёна, – адзначыла старшыня раённага Савета дэпутатаў. –  Мы ведаем праблемы людзей – і стараемся вырашыць усе ўзнікаючыя пытанні.

Да іншых тэм
Справаздачу ў гэты дзень перад сваімі аднавяскоўцамі і жыхарамі Гудагайскага сельсавета трымаў яго старшыня Віктар Карповіч. 
Ён расказаў, што было зроблена ў Малях да раённых «Дажынак», праінфармаваў, што на 10 мо­гільніках абуладкаваны кантэйнерныя пляцоўкі,  і заклікаў лю­дзей больш актыўна заключаць дагаворы на вываз смецця. Увагу Віктар Станіслававіч звярнуў таксама на навядзенне парадку на ўласных падвор’ях і каля іх, добраўпарадкаванню Палушаў.

7.jpg

Пра работу са слабаабароненымі пластамі насель­ні­цтва расказала на­меснік дырэктара тэрытарыяльна­га цэнтра Марыя Максімава.
Атрымаць адрасную сацыяльную дапамогу, бясплатнае харчаванне для дзяцей ва ўзросце да 2-х гадоў, аплату на набыццё падгузкаў для інвалідаў, узяць напракат інвалідную каляску, цікава правесці час у аддзяленні для маладых інвалідаў ці пасяліць у доме для пажылых у  Падольцах – усе гэтыя паслугі акажуць спецыялісты тэрытарыяльнага цэнтра.

Супрацоўнік Энерганагляду Ула­дзімір Кавалёнак гаварыў пра электрабяспеку, неабходнасць рамонту няспраўнай электраправодкі і правілах паводзін каля ліній электраперадачы.

IMG_8082.jpg

Бяспеку ў кожны дом
Як расказаў начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Віталій Рыбак, па статыстыцы 90% пажараў адбываецца па віне  чалавека.  
І задача такіх сустрэч, як сельскі сход, – папярэдзіць бяду.

З 21 студзеня па ўсёй краіне стартавала акцыя «Бяспеку ў кож­ны дом», у рамках якой  прой­­дуць сустрэчы, гутаркі, флэш­мобы, су­працоўнікі РАНС наведаюць дамы і кватэ­ры – і ра­скажуць пра пажарную бяс­­пеку.

IMG_8059.jpg



Віталій Канстанцінавіч звяр­­нуў увагу на ачыстку дыма­ходаў і заклікаў удзяляць увагу пажылым адзінокім людзям, інвалідам, якія пражываюць побач і пра якіх няма каму па­кла­паціцца, нагадаў пра  небяспечнасць выхаду на лёд і катання на цюбінгах.

39  пажараў адбылося ў Аст­ра­вецкім раёне ў мі­нулым годзе. Загінуў 1 чалавек.


Перш за ўсё – прафілактыка
Такую задачу ставіць пе­рад сабой кіраўніцтва і ка­лек­тыў  раённага  аддзела ўнутраных спраў. Пра тое, як яна рэалізуецца ў нашым раёне, на сустрэчы з на­сельніцтвам расказаў начальнік РАУС Дзмітрый Місюк.

IMG_8066.jpg

–  Малая радзіма   ў кожнага свая. У мяне іх было некалькі: Нарач – там я нарадзіўся і жыў, потым – Віцебская вобласць, дзе мне давялося служыць, а цяпер Астравецкі раён. І кожнае месца – гэта не проста кропка на карце, яно для мяне дарагое,  любімае і запамінальнае, –  сказаў  Дзмітрый Аляксандравіч. – У нашай краіне ўсё робіцца для людзей. І нашы сустрэчы – чарговае таму пацвярджэнне. Мы прыехалі не толькі падзяліцца з вамі інфармацыяй, але і выслухаць вас і дапамагчы.

Начальнік раённага аддзела ўнутраных спраў прааналізаваў работу ўчастковых інспектараў Гудагайскага сельсавета, а таксама спыніўся на злачынствах і правапарушэннях, якія тут былі здзейснены. І калі па злачынствах сярод дарослых сельсавет на апошнім месцы ў раёне, то два зафіксаваныя ў раёне злачынствы  сярод непаўналетніх  здзейснены менавіта тут – прычым аднымі і тымі ж дзецьмі.

– Гэта  крадзяжы. І самае страшнае, што бацькі бачылі, што ў іх дзяцей з’явіліся веласіпеды, і ніяк на гэта не адрэагавалі, – падкрэсліў Дзмітрый Аляксандравіч.


55  населеных пунктаў размешчана на тэрыторыі Гудагайскага сельсавета. 
У іх пражывае 3 688 чалавек.


IMG_8056.jpg

Тое, што цікавіць

– Ці будзе адрамантавана дарога па вуліцы Садовай у аграгарадку Палушы?
– Рамонт дарогі ўзяло на сябе Астравецкае прадпрыемства меліярацыйных сістэм. Добраўпарадкаванне распачнецца пры спрыяльным надвор’і. 

–  Калі ў аграгарадку Палушы пачне працаваць кафэ?
–  Будынак кафэ ўжо перададзены КСУП «Гудагай». Пасля правя­дзення рамонтных работ яно будзе ўведзена ў эксплуатацыю. Запланавана таксама добраўпарадкаваць тэрыторыю каля яго. Там у хуткім часе з’явіцца стадыён.

–  Куды  звярнуцца, каб пачысціць дымаход?
– Астравецкі раён абслугоўваюць добраахвотныя пажарныя таварыствы ў Ашмянах і Смаргоні. Для заказа спецыяліста можна пакінуць заяўку ў сельсавеце.

– Сажалка на вуліцы Зарэчнай у Палушах здаўна была любімым месцам адпачынку дзяцей, мо­ладзі  і старэйшых людзей. Ці можна яе расчысціць?
–  Сажалка знаходзіцца на ба­лан­се КСУП «Гудагай». Яе добра­ўпарадкаванне каштуе нятанна.  Пытанне перададзена на разгляд дырэктара прадпрыемства.

– Хто можа замяніць няспраўную электраправодку?
–  Любы спецыяліст, у якога ёсць адпаведная ліцэнзія. Гэта зноў жа можа быць Ашмянскае або Смаргонскае добраахвотныя пажарныя таварыствы, Астравецкая сельгастэхніка ці індывідуальныя прадпрымальнікі.


Текст:
Фото: Елена Ярошевич