У межах акцыі “Наш жывёлавод” адзначылі працаўнікоў КСУП “Варняны”

16:33 / 18.01.2019

На Астравеччыне працягваецца рэспубліканская прафсаюзная акцыя “Наш жывёлавод”. Падзячныя пісьмы і падарункі ад райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу атрымалі лепшыя працаўнікі КСУП “Варняны”.

Штогод падчас зімне-стойлавага перыяду прафсаюз аграрнікаў ушаноўвае лепшых у жывёлагадоўлі – незалежна ад вытворчых паказчыкаў.

IMG_9955.jpg

Апошнія гады КСУП “Варняны”, на жаль, не можа пахваліцца вялікімі прывагамі жывёлы ці надоямі, тым не менш, на фермах і комлексах штодзень працуюць людзі.

– Рэспубліканская акцыя “Наш жывёлавод” праходзіць на Астравеччыне не першы год. Перад сабой мы ставілі мэту адзначыць работу лепшых жывёлаводаў, прычым зыходзіць не з вытворчых паказчыкаў – тым жа “Варнянам” цяжка канкурыраваць з “Гудагаем”, – а з асабістых якасцей працаўнікоў, іх адказнасці і стараннасці. Так, напрыклад, пазалетась работнікі ферм і комплексаў самі вызначалі, хто атрымае ўзнагароду ад нашага прафсаюза, -- патлумачыў старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Юрый Адула.

У Варнянах да Юрыя Адулы далучылася лідар прафсаюзнай пярвічкі гаспадаркі Таццяна Лісоўская.

***

МТФ “Трокенікі”

Калектыў фермы “Трокенікі” падчас сустрэчы з прафсаюзнымі лідарамі падзяліўся набалелым: на ферме вельмі не хапае бытавога памяшкання, дзе б можна было пераапрануцца і сагрэцца падчас перапынку. Таксама востра для жывёлаводаў стаіць пытанне са спецадзеннем – яго, па словах працаўнікоў, не выдавалі ўжо два гады. Юрый Аляксандрадравіч і Таццяна Эдмундаўна абяцалі дапамагчы па меры магчымасцей з вырашэннем гэтых пытанняў.

Прыемным момантам сустрэчы стала ўзнагароджванне аператара машыннага даення Марыны Вашкевіч, якая атрымала ад прафсаюза аграрнікаў Падзячнае пісьмо і падарунак.

IMG_9954.jpg

У жывёлагадоўлі раёна жанчына працуе больш за 20 гадоў. Спачатку працавала лабарантам, цялятніцай, потым – даяркай.

– Раніца на ферме пачынаецца з дойкі. Потым выганяем кароў на прагулку і наводзім парадак у стойлах. Зімой шмат расцёлаў: цяпер ледзь не штодзень цялятак прымаю, – расказвае даярка. – У маёй групе 53 каровы. Кожную з іх ведаю па мянушцы, больш таго, па пысе пазнаю – Бялянка гэта ці Зорка.

***

МТФ “Варона”

У “Вароне” даярак не хапае, таму апошнія месяцы аператар машыннага даення Наталля Яновіч, якая нарадзіла і выхоўвае чацвярых дзяцей, доіць ажно дзве групы.

IMG_9957.jpg

– На ферме – шэсць гадоў, да гэтага працавала ў магазіне, – расказвае жанчына. – У маёй групе каля 80 кароў, дзякаваць богу, цялятак забралі – а то не ведаю, як паспявала б. Дома трымаю свіней, курэй. На вёсцы хатняя гаспадарка – добрае падспор’е.

***

МТФ “Карвэлі”

На ферме ў Карвэлях працуе 19 чалавек. Прафсаюзную ўзнагароду атрымала аператар машыннага даення Данута Стэх.

IMG_9968.jpg

– Жыву ў Грышкойцях. Кожны дзень ў Карвэлі падвозіць калгасная машына, – расказвае жанчына. – Калектыў у нас дружны, загадчыца –Таццяна Сянюць – талковая, добрая. Чаму б і не працаваць?

У адрозненне ад іншых ферм, дзе работнікі звычайна ўзнімаюць праблемныя пытанні, жывёлаводы МТФ “Карвэлі” пацікавіліся ў прафсааюзных лідараў, ці ёсць магчымасць хоць бы раз на год арганізоўваць канцэрт. Юрый Аляксандравіч паабяцаў, што гэта пытанне будзе вырашана ў бліжэйшы час.

IMG_9964.jpg

***

МТФ “Варняны”

Аператар машыннага даення Іна Кузьміцкая працуе ў Варнянах на ферме каля дзесяці гадоў.

IMG_9974.jpg

– У маёй групе 46 кароў і 6 цялятак. Дома таксама трымаю гаспадарку: кароўку, казу, курэй, – расказвае жанчына. – Людзей на ферме не хапае. Звольніліся дзве даяркі – і мы з напарніцай сталі працаваць без выхадных. Сястра мая Наталля Яновіч таксама працуе даяркай, але ў Вароне. Мама і бабця працавалі на ферме, таму можна лічыць, што гэта наша сямейная справа.

***

Малочна-таварныя комплексы “Беразоўка”, “Газа”, “Кярняны”

Агульны стаж работы ў сельскай гаспадарцы на дваіх у Надзеі і Станіслава Сенюцёў каля 40 гадоў. Апошнія гады сямейная пара працуе на МТК “Газа”: Станіслаў – слесарам па абслугоўванні малочнага абсталявання, Надзея – жывёлаводам.

На МТК “Беразоўка” ўзнагароды атрымалі жывёлавод Алег Цэйка і слесар па абслугоўванні малочнага абсталявання Віктар Астроўскі, а ў “Кярнянах” – жывёлавод Генадзь Юркойць і цялятніца Надзея Юкша.

IMG_9990.jpg

IMG_9985.jpg

IMG_9981.jpg


Текст:
Фото: Алена Гануліч