На калядным балі ў Залессі пабываў хор “Польскае рэха Астраўца”

10:13 / 18.01.2019

Хор “Польскае рэха Астраўца” выступіў на калядным балі ў залескім музеі-сядзібе Міхала Клеафаса Агінскага.

Сёлета калядны баль у Залессі стаў фінішнай кропкай у рэалізацыі праекта па іпатэрапіі для эфектыўнай рэабілітацыі інвалідаў. Нагадаем, з ім музей-сядзіба ўдзельнічаў ў праграме “Беларусь-2018”, якую ў нашай краіне рэалізуе пасольства Польшчы.

76.jpg

Баль распачаўся з выступлення конна-гістарычнага клуба “Залатая шпора”: хуткія ўланы палка ВКЛ дэманстравалі майстэрства ў верхавой яздзе. Потым госці перамясціліся ў сядзібу, дзе распачаўся калядны баль: танцавальныя майстар-класы па вальсавым кацільёне, польцы-тройцы, мазурцы былі “перасыпаны” рамансамі, у невялікіх залах ў свецкіх размовах галатныя кавалеры і элегантныя дамы бавілі час за салоннымі гульнямі.

Упершыню на калядным балі ў Залессі выступіў хор “Польскае рэха Астраўца”. А дапамог яму ўдала выступіць малы склад народнага ансамбля народных інструментаў “Скарбніца”: Марына Арлоўская, Аксана Сяўко, Вольга Гульбіцкая, Генрых Волчэк і Алена Капылова.

– Прыемна здзівілі маштаб і атмасфера балю. У зале прысутнічалі прадстаўнікі пасольства Польшчы ў Рэспубліцы Беларусь – саветнік Аркадзіюш Сарна, а таксама шматлікія госці з Мінска, Смаргоні, – расказвае старшыня Астравецкага аддзела Саюза палякаў на Беларусі Тарэса Мароз. – Спадзяюся, што гэта не апошняе выступленне нашага хору ў Залессі. Карыстаючыся магчымасцю, хацела б падзякаваць сектару культуры за выдзелены транспарт для паездкі ў музей-сядзібу Агінскага.

Текст:
Фото: з архіва хору