Коллегия Министерства здравоохранения прошла в Островце

17:07 / 09.01.2019

Адным з асноўных пытанняў калегіі Міністэрства аховы здароўя, якая днямі прайшла ў Астраўцы, было ўвядзенне ў эксплуатацыю будынка новай бальніцы.

Удзельнікі калегіі – кіраўнікі медыцынскіх устаноў Гродзеншчыны, прадстаўнікі Беларускай акадэміі паслядыпломнай адукацыі і Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта –  наведалі дзеючыя паліклініку і бальніцу, дзе абмеркавалі іх стан і далейшы лёс, пабывалі на будоўлі новай бальніцы, дзе прайшлі па ўсіх аддзяленнях, якія ў хуткім часе пачнуць прымаць сваіх пацыентаў.

IMG_8273.jpg

КАМПЕТЭНТНА

Першы намеснік міністра аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Леанідавіч Піневіч:

– Міністэрства аховы здароўя вырашыла правесці выязную калегію менавіта ў Астраўцы, таму што асноўным пытаннем павесткі дня была гатоўнасць да здачы ў эксплуатацыю вельмі важнага для ўсёй краіны аб’екта – новай бальніцы.

Важнымі з’яўляюцца і пытанні закупкі абсталавання для ўсіх яе структурных падраздзяленняў, вызначэнне структуры новай клінікі, якая будзе прымаць пацыентаў з Ашмянскага, Смаргонскага, Мядзельскага, Вілейскага і іншых раёнаў рэспублікі.  Гэта будзе міжраённы цэнтр новага тыпу з высокай якасцю абслугоўвання.

Даклад начальніка галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама Алены Мікалаеўны Кратковай даў пачатак актыўнай дыскусіі.

IMG_8350.jpg

ТЭРМІНЫ

Плануецца, што новая бальніца пачне прымаць першых пацыентаў з жніўня-верасня 2019 года.

Першы намеснік міністра аховы здароўя Дзмітрый Піневіч прапанаваў адначасова з адкрыццём раённай бальніцы ўвесці ў эксплуатацыю цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, якія заўсёды працуюць у цеснай суполцы.

IMG_8279.jpg

АБСТАЛЯВАННЕ

Для новай бальніцы будзе закуплена 4 734 адзінкі абсталявання і медыцынскай мэблі, 45 адзінак абсталявання ўжо чакаюць мантажу. Закупкамі займаюцца абласное ўпраўленне камунальнага будаўніцтва і РУП “Белмедтэхніка”.

Закончана або ўжо праводзіцца закупка 270 найменняў медыцынскага абсталявання, што складае 99,6% усяго аб’ёму. 

СТРУКТУРА

Новая бальніца разлічана на 382 койка-месцы, у ёй сфарміравана 14 аддзяленняў, 6 спецыялізаваных кабінетаў, пашырана клініка-дыягнастычная лабараторыя і станцыя хуткай дапамогі. Частку коечных месцаў плануецца задзейнічаць для арганізацыі двух міжабласных і сямі міжраённых цэнтраў.

Разглядаецца пытанне адкрыцця міжраённага аддзялення хіміятэрапіі і кансультатыўнага кабінета анколага.

Плануецца адкрыццё міжрегіянальнага аддзялення пералівання крыві для жыхароў Астравецкага, Ашмянскага і Смаргонскага раёнаў.

Паталага-анатамічнае аддзяленне ў перспектыве таксама разлічана ў тым ліку і для жыхароў Ашмянскага раёна.

IMG_8366.jpg

КАДРЫ

За кожным аддзяленнем новай медыцынскай установы будзе замацавана профільная абласная ўстанова.  Для аказання метадычнай і арганізацыйнай дапамогі плануецца напраўляць у Астравец вопытных спецыялістаў вышэйшай катэгорыі, для кансультацынай – спецыялістаў Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта і профільных абласных медыцынскіх цэнтраў.

Па стане на 1 студзеня 2019 года з улікам кадраў, якія ўжо маюцца ў раёне, астравецкай бальніцы неабходна 70 урачоў і 143 сярэдніх медыцынскіх работнікаў.

У гэтым годзе пасля размеркавання ў Астравец прыбудзе 41 урач і больш за 100 медработнікаў сярэдняга звяна.

IMG_8363.jpg

ЖЫЛЛЁ

Па магчымасці пытанне з жыллём для медыцынскіх работнікаў вырашаецца сіламі мясцовай улады, але яно па-ранейшаму застаецца вострым, асабліва з улікам неабходнасці засялення медыцынскіх работнікаў, якія будуць працаваць у Астраўцы вахтавым метадам і аказваць кансультатыўную дапамогу.

ПРАФЕСІЙНЫ ПОГЛЯД

Намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Андрэевіч Лісковіч адзначыў важнасць прагнозных паказчыкаў і ў той жа час звярнуў увагу на неабходнасць улічваць рэальную сітуацыю, якая дазваляе гэтыя паказчыкі карэкціраваць:

– Канечне, бальніца ў Астраўцы павінна актыўна функцыянаваць, аднак мы павінны вырашыць, што рабіць з тымі аддзяленнямі, якія будуць зачынены ў іншых раёнах. Што тычыцца  новай бальніцы, то, на мой погляд, іх патрэбна фарміраваць не з пункту гледжання магчымасці максімальнай загрузкі аддзяленняў, а па колькасці пацыентаў, якія будуць туды звяртацца.

IMG_8302.jpg

Лічба

*У раёне адчынена 251 стацыянарная койка, сярод іх 50 коек сястрынскага догляду.

*Па выніках 2018 года ў стацыянары пралечана 7 443 пацыенты.

*Магутнасць раённай паліклінікі – 247 наведвальнікаў у суткі.

*У раёне працуе 120 урачоў і 306 сярэдніх медыцынскіх работнікаў.




Текст:
Фото: Ольга Хотянович