Знакомьтесь: гордость района Ольга Свило

11:29 / 05.01.2019
Намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Вольга Станіславаўна Свіла, партрэт якой    занесены на раённую Дошку гонару, з лёгкасцю падрыхтуе справаздачу, зробіць пераразлік пенсіі, адкажа, колькі ў раёне вакансій. А ўсё таму, што яна прывыкла адказна спраўляцца са сваімі абавязкамі.

IMG_9814.JPG

– У нашай службе часам даводзіцца быць і бухгалтарам, і псіхолагам, і юрыстам, і ўрачом, – усміхаючыся, гаворыць Вольга Станіславаўна. 
Дарэчы, ва ўсім, што тычыцца лічбаў, пераразлікаў і справаздач, жанчына – сапраўдны профі, бо па адукацыі яна – бухгалтар.

– Пасля заканчэння Ашмянскага тэхнікума мне пра­па­ноўвалі мэтавае накі­ра­ванне на эканамічны факультэт інстытута народнай гаспадаркі, – успамінае Вольга Станіславаўна. – Але я пас­ту­піла на завочнае аддзяленне Ленінградскага сельскагаспадарчага ўніверсітэта на эканамічны факультэт і пайшла працаваць у калгас «Чырвоны Кастрычнік». Бухгалтарскі ўлік ведала добра, таму праблем на працы не было. Затым абставіны склаліся так, што я трапіла пад скарачэнне – і паўгода была беспрацоўнай. Пакуль аднойчы загадчыца раённага цэнтра занятасці Людміла Сямёнаўна Бандарык не прапанавала мне месца спецыяліста па прыёму насельніцтва ў іх службе. 

Менавіта гэты момант стаў пераломным у прафе­сій­най дзейнасці Вольгі Станіс­ла­ваўны і звязаў яе са службай занятасці на дзесяцігоддзі. Жанчыне падабалася новая работа. І нават калі праз два месяцы пасля нараджэння трэцяга дзіцяці яе папрасілі на некалькі тыдняў выйсці на працу, яна згадзілася.

IMG_9807.JPG

– Тады якраз звольніліся два спецыялісты, а работы – непачаты край, – успамінае Вольга Станіславаўна. – Ну як не дапамагчы? Выйшла на месяц – ды так і засталася. А дзіця мама дапамагала глядзець. Матуля мяне заўсёды выручала: на сесіі адпускала, дзяцей гадавала – за гэта я ёй вельмі ўдзячна.
З моманту, калі Вольга Станіславаўна пераступіла парог цэнтра занятасці, прай­шло дваццаць два гады. За гэты час службу занятасці рэарга­нізавалі ў аддзел па працы і занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва. А Вольга Станіславаўна стала курыраваць яго работу. 

– Некаторыя здзіўляюцца,  маўляў, як можна столькі гадоў працаваць на адным месцы? А я не ўяўляю сябе на іншым. Мне падабаецца мая работа і тое, што яна прыносіць карысць людзям. Да таго ж мне пашанцавала з калектывам: як у цэнтры занятасці, так і цяпер побач працуюць адказныя і добрыя людзі: Людміла Сямёнаўна Бандарык, Сабіна Вацлаваўна Тухта, Валерый Вацлававіч Барташэвіч, Лілія Уладзіміраўна Янкойць, Леанід Слававіч Русецкі. З такой камандай ніякія цяжкасці не страшныя. І любыя ўзнагароды некага аднаго – наша агульная заслуга.
Текст:
Фото: Марина Мацкевич