Светлана Кутько: «Люблю засыпать под мерцающие огоньки гирлянды»
14:45 / 03.01.2019
– Ёлку ў хаце бацькі заўсёды ставілі перад Калядамі. Вялікая, да столі, і абавязкова жывая – іншых у той час не было, – яна займала пачэснае месца ў зале. Упрыгожвалі ёлку ўсе разам. Я любіла спаць з уключанымі агеньчыкамі гірлянды – і дагэтуль гэта звычка дзяцінства засталася.
Да нас з братамі Дзед Мароз прыходзіў на Новы год. Пад ёлку ён клаў кулёк з цукеркамі, двума-трыма мандарынамі і жменькай грэцкіх арэхаў. Праўда, пакуль стары чараўнік здалёк нёс мандарыны, яны паспявалі крыху сапсавацца – але ад гэта былі не менш смачнымі. Прысмакі, якія мы знаходзілі пад ёлкай, з’яўляліся ў хаце толькі на Новы год, таму мы з братамі заўсёды вельмі чакалі гэтага свята. А вось цацак ці чаго-небудзь яшчэ Дзед Мароз нам пад ёлку не клаў – ды мы іх і не чакалі, бо не ведалі, што так можа быць.
Першая злева Святлана Куцько
На навагодніх ранішніках усе хлопчыкі былі зайчыкамі, а дзяўчынкі – сняжынкамі. Вельмі хацелася, каб мая сукенка была самай прыгожай! Сукенкі абшывалі дожджыкам, а карону рабілі з кардону і ўпрыгожвалі ватай і шклом ад патрушчаных ёлачных цацак. Калі здаралася, нейкая цацка паб’ецца, яе не выкідвалі – захоўвалі для навагодняга касцюма. Шкло расціралі на паперы, потым на выразанай кароне «малявалі» клеем узоры і зверху пасыпалі нацёртым шклом. Памятаю, як аднойчы я знарок пабіла самую, як мне здавалася, прыгожую цацку: вельмі хацела, каб яна трапіла на маю карону.На ранішніках у дзіцячым садку Снягурачкай у нас была мая выхавацельніца – і я лічыла, што па-іншаму быць не можа, а Дзедам Марозам чамусьці была заўсёды нейкая цётка.
А вось на навагоднім ранішніку ў аўтапарку №4, дзе працавалі мае бацькі, былі сапраўдныя Дзед Мароз са Снягуркай, Лесавік, Баба Яга… Мы вельмі баяліся Бабы Ягі: калі яна выходзіла, аж дух займала! Было адчуванне, што трапіў у сапраўдную казку. Каб расказаць верш ці праспяваць песню Дзеду Марозу, трэба было выстаяць доўгую чаргу, але, акрамя «хвіліны славы», «герой» атрымліваў у падарунак некалькі цукерак і цацку!
Нейкі час я нават «падпрацоўвала» памочнікам Дзеда Мароза: фасавала разам з маці ў яе на рабоце салодкія падарункі. Ведала, канешне, што тыя цукеркі, мандарыны і арэхі даставіў Дзед Мароз – але спакаваць іх трэба было дапамагчы, бо ён сам не паспяваў, а падарункаў чакалі ўсе дзеці.