Валанцёры – добрыя памочнікі

07:15 / 20.12.2018
волонтер.jpgДа нядаўняга часу слова «валанцёр»  было для нас  незнаёмым. Не, вядома. Людзі спрадвеку падсаблялі адзін адному ў розных надзённых клопатах: на будоўлі, жніве, уборцы бульбы, ратавалі ў бядзе. Толькі называлася гэта звыклымі роднамоўнымі словамі: талака,  самапомач, дабрачыннасць… У школах існавалі каманды цімураўцаў, якія бралі шэфства над пажылымі адзінокімі людзьмі. 

У прынцыпе, усё гэта  жыве і цяпер.  У некага ёсць старэнькія, нямоглыя суседзі, якім бывае цяжка схадзіць у магазін, прынесці вады са студні, дровы з павеці… Таму маладзейшыя і дужэйшыя  ім дапамагаюць. Найбольш сталым людзям патрэбны су­размоўца, якому можна  расказаць радасную навіну ці пажаліцца на жыццё, падзяліцца ўспамінамі, ды і памарыць – чаму не?  У гэтым і ёсць сутнасць валанцёрства. 

Аб тым, як  развіта доб­раахвотная дапамога на Астравеччыне, расказала старшыня раённай структуры Беларускага добраахвотнага таварыства Чырвонага Крыжа Марына Гайдук. Як вядома, менавіта Чырвоны Крыж  быў ініцыятарам і арганізатарам валанцёрскага руху – спецыяльна падрыхтаваныя атрады яго актывістаў спяшаліся на дапамогу ў месцы стыхійных бедстваў, дастаўлялі меды­каменты і прадукты, выво­дзілі  мірнае насельніцтва з зоны ваенных дзеянняў і дапамагалі ўз’яднацца сем’ям, раскіданым бядой. Іх праца была самаадданай, ахвярнай, часта небяспечнай. Не выпадкова Генеральная Асамблея ААН у 1985 годзе  пастанавіла адзначаць Міжнародны дзень валанцёра.

Вядома, пажылыя, адзі­нокія і нямоглыя людзі не абдзелены ўвагай – у Тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ведаюць пайменна. Але штодзень да кожнага не наведаешся. Таму ўдзельнікі клуба «Актыўнае даўгалецце» – таксама валанцёры: маюць падапечных, дапамагаюць ім, чым могуць, найчас­цей – проста ўвагай, добрым словам. Ды і клуб адпачатку ствараўся як згуртаванне сацыяльнай самадапамогі. Падзячны ліст ад раённай арганізацыі Беларускага таварыства  Чырвонага Крыжа ўручаны бяззменнаму кіраўніку клуба Дануце Францаўне Чарнушэвіч – добрая ацэнка працы. 

Не першы раз прыйшоў у клуб супрацоўнік раённай службы МНС Аляксандр Сачак.  Ён расказаў пра меры пажарнай перасцярогі падчас навагодніх святаў, пра­дэ­манстраваў мульт­фільм аб бяспечным абыхо­джа­нні з піратэхнікай, пра­панаваў гуль­ню з са­­лодкімі прызамі для пераможцаў.
Спецыяліст аддзялення дзён­­нага знаходжання па­жы­лых людзей і інвалідаў Га­­лі­на Нядвецкая падзялі­ла­ся цікавай ін­фар­ма­цыяй з між­народ­нага   «Форуму 50+», што адбыўся нядаўна ў Мінску. 

На такой пазнавальнай ноце і завяршылася  пася­джэнне клуба, прысвечанае Міжнароднаму дню валанцёра.

Текст: