Что огорчает островчан?

07:00 / 16.12.2018
Што засмучае жыхароў і гасцей нашага горада і раёна, высвятляў карэспандэнт «АП».

Якавец.jpg

Ірына Якавец, хатняя гаспадыня:
– Асаблівых засмучэннняў, здаецца, няма. Надвор’е наладжваецца – зіма нарэшце бярэ сваё. Нядаўна ў Белавежскай пушчы былі – паглядзелі на гэты цуд. На работу пакуль што не трэба ранкам ўставаць. (Смяецца)
Хаця, калі па шчырасці, апошняе ўсё ж крыху засмучае: не магу знайсці работу па спецыяльнасці.

Іваноў.jpg

Аляксандр Іваноў, госць з Літвы:
– У Беларусі, лічу, увогуле няма падстаў для смутку: надвор’е добрае, зімовае, усюды ўпрыгожанні ўжо развешаны і расстаўлены – настрой перадсвяточны.
Крыху засмучае, што да родзічаў трэба ехаць праз граніцу. Было так проста, калі мы былі адной краінай, а цяпер… Добра калі на пункце пропуску чэргі не вельмі доўгія. Сёння, дарэчы, мы за паўтары гадзіны літоўскі і беларускі пасты праехалі –  пашанцавала. А вось у жніўні, памятаю, амаль восем гадзін прастаялі.

Якель2.jpg

 Леанарда Якель, пенсіянерка:
– Неяк усё добра ў апошні час. Пенсіі хапае, цяпер мне шмат не трэба, ды і эканоміць прывучана. Свая гаспадарка –  добрая падмога: куры, козы. 
Праўда, здароўе пачынае падводзіць. Ды што тут скар­дзіцца – старасць... Наш доктар, Таццяна Міхайлаўна Яновіч, клапатлівая, харошая – заўсёды распытае, што баліць, пагаворыць, параду дасць – дык тады і лягчэй, і весялей.

Грыневіч і Селюк.jpg

Сафія Грыневіч і Дар’я Сялюк, вучаніцы СШ №2:
Сафія:
– Мяне засмучае, што трэба кожны ранак уставаць у школу, а за акном яшчэ цёмна. А потым пасля школы яшчэ ўрокі рабіць. 
Затое радуе, што праз некаль­кі тыдняў пачнуцца канікулы – крыху адпачну ад вучобы. 
А яшчэ сум нападае, калі бацькі загадваюць прыбрацца ў сваім пакоі і ў хаце.

 Дар’я:
– А мяне засмучае, калі на уроках мяне выклікаюць да дошкі – здаецца ж, усё ведаю, але такі страх ахоплівае! Хаця я люблю вучыцца, асабліва мне падабаюцца мастацтва, фізкультура, асновы бяспекі жыццядзейнасці.
А яшчэ, калі шмат  трэба рабіць урокаў, тады на наступны дзень у школе хочацца спаць…

Текст:
Фото: Антон Мальшевский