Как девушка в пижаме с гаишником спорила

07:30 / 07.12.2018
578
Цяпер Маша, куды б ні спяшалася і як бы ні спазнялася, заўсёды пераапранецца, па магчымасці – падвядзе вочы ці хоць бы вусны… І абавязкова праверыць перад выхадам з дому дакументы! Бо быў аднойчы выпадак..

Ранкам яны праспалі! Машы  яшчэ нічога – у яе да пачатку работы заставалася цэлая гадзіна, а вось Раману пагражала добрая «вывалачка», калі не пазбаўленне прэміі, калі не выедзе ў рэйс своечасова.

646.jpg

– Падвязі! – папрасіў Рома жонку, спехам нацягваючы шкарпэткі.
Ну як адмовіш? Праспалі ж з-за адной, агульнай на дваіх, прычыны…
Маша, як была, у піжаме і хатніх шлёпанцах, выскачыла з хаты, завяла машыну – ззаду, на хаду зашпільваючыся,  бег Раман.

…Яны паспелі! У прахадную Раман уляцеў за тры хвіліны да пачатку працоўнага дня: дырэктар стаяў на ганку і паглядваў на гадзіннік, адзначаючы, хто ж сёння трапіць «у чорны спіс».

Задаволеная, Маша памахала мужу на развітанне – і кранулася з месца. 
Але не праехала і паўсотні метраў, як аднекуль з цемры, як чорт з табакеркі, выскачыў міліцыянер з жэзлам. Ліхаманкава перабраўшы ў думках усе магчымыя грахі, самым страшным з якіх была дзірка на піжаме ў самым цікавым месцы, Маша, успомніўшы нядобрым словам усіх работнікаў ДАІ, з’ехала на абочыну і спынілася.

6462.jpg

– Вашы дакументы, – прад­ставіўшыся, ветліва папрасіў міліцыянер.
«Толькі б не сказаў выйсці з машыны!», – затуляючы адной рукой дзірку, другой ліхаманкава перабірала дакументы за сонцаахоўным казырком Маша. – Бо ўвесь горад збя­жыцца на такое дзіва пагля­дзець… А размоў потым будзе!
Святло ў машыне яна, зразумела, не ўключала – і без таго сорамна. Навобмацак знайш­ла правы і падала міліцыянеру.
Той уважліва разглядаў пластыкавы прамавугольнік, круціў яго і так, і гэтак…

– Гэта ўсё, што вы можаце прад’явіць? – спытаў нарэшце з усмешкай.
– А вам што, недастаткова? – Маша пачынала заводзіцца: мала таго, што адчувае сябе як пудзіла агароднае пасярод плошчы, дык гэты «ахоўнік парадку» яшчэ і здзекуецца!
– Ну, не ведаю, многа тут ці мала, але ж мне не тое патрэбна… – падаў ёй назад дакумент міліцыянер.
І толькі зноў узяўшы яго ў рукі, Маша ўбачыла, што падала даішніку не правы, як думала, а пластыкавую банкаўскую картку.

Яна доўга выбачалася, чырванела, аблівалася халодным потам, закрывала дзірку, хавала ногі ў старых шлёпанцах – і ліхаманкава, не ўключаючы святла, шукала дакументы. 

Нарэшце яны  знайшліся. Алкатэст паказаў, што Маша такая чырвоная і ўсхваляваная не пас­ля «ўчарашняга», а з нерваў, даішнік аддаў правы і пажадаў шчаслівага шляху – а ў Машы яшчэ доўга трэсліся рукі і ногі.

…І з таго часу яна дала сабе зарок: ніколі і нізавошта! Ніякая прэмія не вартая таго сораму, што давялося ёй зведаць тым асеннім ранкам на дарозе…

55.jpg

Тамара Рабінкіна.



Текст: Администратор сайта
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений