Ці варта рабіць прышчэпку ад грыпу – спрачаюцца нашы чытачы

11:52 / 29.11.2018
1292
Права заразіць іншых – хто вам яго даў?

Віктар СВІЛА
IMG_3022.jpgСучасная медыцына імкнецца застрахаваць чалавека ад захворванняў – хваробу ж, як і любую бяду, лягчэй папярэдзіць, чым потым змагацца з ёй.

Мае адносіны да вакцынацыі свядомыя і адназначныя: рабіць прышчэпкі, у тым ліку і ад грыпу, трэба. І гэта не асабістая справа кожнага чалавека, як нехта лічыць, гэта – важнае правіла агульнай бяспекі. Бо калі адна частка калектыву прышчапілася ад грыпу, а другая – не, то ўвесь сэнс гэтай прафілактычнай працэдуры губляецца.  Па разліках, каб процістаяць эпідэміі грыпу, прышчапіцца павінны не менш 40 працэнтаў насельніцтва.

Праціўнікі прышчэпкі перакананы, што гэта іх права – зрабіць прышчэпку ці адмовіцца  ад яе. Аднак існуе вядомы выраз: свабода аднаго чалавека заканчваецца там, дзе пачынаецца свабода другога. Адмаўляючыся рабіць прышчэпку, мы павялічваем рызыку захварэць тых калег, якія не могуць гэтага зрабіць па нейкай аб’ектыўнай прычыне – па стане здароўя, напрыклад. Настаўнікі могуць заразіцца ад дзяцей, урачы – ад пацыентаў, прадаўцы – ад пакупнікоў – і наадварот: мы ўсе кантактуем паміж сабой, а значыць узаемазвязаныя.  Дзеці ў дзіцячым садку, бацькі якіх адмаўляюцца прышчапляць іх, нясуць пагрозу іншым дзецям тым, што самі могуць стаць носьбітамі віруса. Так што адмова ад прышчэпкі аднаго чалавека –  пагроза для ўсіх. 

Яшчэ з савецкіх часоў нашы людзі прывыклі злоўжываць бясплатным медыцынскім абслугоўваннем. Як толькі мы адчуваем першыя прыкметы прастуды – бяром бальнічны. А многія – і не адзін раз за сезон, бо хварэць нам выгадна – як матэрыяльна, так і маральна: у бальніцы бясплатна можна прайсці працэдуры, за якія ў санаторыі заплаціш «круглую суму»; хворага ўсе шкадуюць, можна адпачыць ад работы – ды яшчэ і грошы за гэта атрымаць. Чаму б і не пахварэць?

 Аднак сёння наймальнік – асабліва калі ён працуе ў сферы прыватнага бізнесу – усё часцей звяртае ўвагу на стан здароўя сваіх працаўнікоў. Каму  патрэбен работнік, які шмат хварэе? 

За  мяжой адносіны людзей да здароўя іншыя. Да прыкладу, у Польшчы работнікі самі адсочваюць тэрміны праходжання медыцынскіх аглядаў, таму што ведаюць, што,  калі пратэрмінуюць, у іх могуць узнікнуць сур’ёзныя  праблемы з работай. А ў нас дзяржаўныя чыноўнікі,  медыкі нагадваюць, просяць, папярэджваюць, пераконваюць, што прышчэпку рабіць трэба... Мы не прывыклі самі клапаціцца пра сваё здароўе, а ўсё яшчэ чакаем, пакуль хваробу «пранясе»,  а калі нават не, то – вылечаць: гэта ж святы абавязак урачоў! 

Канешне, здараецца, што чалавек, які прышчапляўся шмат гадоў, аднойчы пасля вакцынацыі  захварэў. Аднак прычына тут, хутчэй за ўсё, у ім самім: хоць і адчуваў лёгкае недамаганне, усё ж  зрабіў прышчэпку. Са мной таксама такое здаралася, але я не адмовіўся ад вакцынацыі – проста стаў падыходзіць да гэтай справы больш адказна. Каб не здаралася такіх непрыемнасцяў, вакцынавацца трэба зараней, каб паспеў сфарміравацца імунітэт, а не ў апошнія дні, калі прастуда ўжо казыча нос.

Я прышчапляюся ад грыпу кожны год – і выдатна сябе адчуваю.  І гэта ж раю іншым! Дарэчы, многія мае знаёмыя так і робяць. 


42.jpgНе рабіла і рабіць не буду!

Галіна ЗАЛЕСКАЯ
Нядаўна пачула цікавы выраз: калі чалавеку ў жыцці ўсяго хапае, ён шукае сабе хваробу. Згодна на ўсе сто працэнтаў! Заняты чалавек, у якога няма часу перавесці дух, не думае пра «болькі» – а таму і не хварэе. І не патрэбная яму ніякая прышчэпка ад грыпу.
Я ніколі не прышчаплялася – ні калі першы раз пачула пра страшны «курыны» дыягназ, які пачалі ставіць урачы то аднаму, то другому пацыенту з тэмпературай або чыханнем, ні цяпер – хоць, як кажуць, у маім узросце ўжо пара засцерагацца нават ад самай лёгкай хваробы. 

Не прышчапляюся – і не хварэю! Бо не заношу ў свой арганізм гэты самы вірус, з якім потым так цяжка змагацца. Навошта сябе аслабляць? Наадварот, умацоўвацца трэба натуральнымі, прыроднымі сродкамі: мёдам, лімонам, травяным чаем, а можна і чым-небудзь мацнейшым – для прафілактыкі, зразумела… І ніякі грып тады не будзе страшны. А яшчэ цёпла апранацца трэба. Толькі гэтага сучасная моладзь чамусьці не разумее: суседская дзяўчынка да самых маразоў ходзіць без шкарпэтак!

Увогуле, грып – гэта «раздутая» ўрачамі прастуда. Колькі за апошні час вы чулі ці чыталі пра тое, што ў нашым раёне пануе грып? Дактары прыдумалі яго, каб лю­дзей палохаць і каб работай сябе забяспечыць, бо няма пацыентаў – няма і грошай. Ды і не толькі ім – усім, хто займаецца прышчэпкамі, грып работы прыбаўляе: вакцыну ж трэба прыдумаць, упакаваць, прадаць… 

Грошай колькі людзі на гэтую нібыта прафілактыку аддаюць! Укол чым даражэйшы выбіраюць – нібыта ён лепш арганізм засцерагае.  А як не захварэюць – шкадуюць: грашам гэтым можна было іншае, больш прыемнае або патрэбнае, прымяненне знайсці. Я не трачу грошы на прышчэпку. 
І не хварэю на грып. Адзін раз, праўда, «косці круціла». Доктар сказаў:  гэта грып! Хацеў у бальніцу пакласці – я не згадзілася. Навошта? Я гэтую заразу, якой бы яна ні была – «курынай» ці «свіной» – сама вылечу…   І вылечыла! Праўда, тры дні з ложка ўстаць не магла – млосна было, сэрца з грудзіны выскоквала, у вушах шумела. Але вычухалася без усялякіх прышчэпак  і лякарстваў. Бо гэта не грып быў –  «на надвор’е» мяне круціла. А тэмпература пад сорак – проста вірусная інфекцыя. Так і мужу майму ў картцы напісалі, і суседцы, і на рабоце тры чалавекі па гэтай прычыне на бальнічны пайшлі. Гэта толькі да мяне доктар чамусьці прычапіўся: «Грып у вас» – пераконваў.  Але як ні ў каго гэтага грыпу няма, а ў мяне ёсць?! Так не бывае. 
…Шкада, што ад прастудных захворванняў прышчэпак яшчэ не прыдумалі.

Текст: Администратор сайта
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений