Хутчэй, вышэй, мацней – у абноўленай спартыўнай зале Гудагайскай СШ прайшла спартландыя

18:01 / 26.11.2018
Спартландыя ў абноўленай спартыўнай зале Гудагайскай сярэдняй школы ў суботу аб'яднала настаўнікаў, вучняў і іх бацькоў. Тры каманды выйшлі на старт, каб пазмагацца за права называцца самай спартыўнай.

IMG_3087.jpg

Заканчэнне рамонтных работ у спартыўнай зале з нецярпеннем чакалі ўсе, хто мае дачыненне да Гудагайскай сярэдняй школы. Яшчэ летам тут распачаўся рамонт – ад старога памяшкання засталіся толькі сцены і столь, хаця, па праўдзе кажучы, і яны  абнавіліся. У спартзале замянілі вокны і падлогу, тут з’явіліся новыя шведскія сценкі, футбольныя вароты і баскетбольныя шчыты.  Заканчэнню рамонту радаваліся ўсе, менавіта таму і вырашылі ў чарговы раз даказаць, што вучні, іх бацькі і настаўнікі тут самыя спартыўныя, што, дарэчы, яны не раз пацвярджалі на раённым, абласным і рэспубліканскім узроўнях.

IMG_3131.jpg

– Кожны, хто пераступіў парог спартыўнай залы, быў прыемна здзіўлены. Тут будзе добра трэніравацца, умацоўваць здароўе і ісці да новых спартыўных перамог, –  адзначыла намеснік дырэктара Жанна Леанардаўна Янцэвіч. –  Мы ўдзячны кіраўніцтву раёна і  аддзелу адукацыі за такі цудоўны падарунак. 

Да пачатку спартландыі ўсіх, хто ў той дзень завітаў у школу, вучні запрашалі ў кафэ “Асілак”, дзе можна было падсілкавацца; Нязнайка і Воўк з задавальненнем пазіравалі дзецям і дарослым; а ў спартыўнай зале  адбывалася  фізкультурна-спартыўнае шоу, падчас якога школьнікі прадэманстравалі свае здольнасці: жангліравалі мячамі, скакалі на скакалцы, баксіравалі, танцавалі. 

IMG_3046.jpg

_MG_3056.jpg

Павіншаваць дзяцей і дарослых на свята спорту і здаровага ладу жыцця завітала метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета Марыя Іосіфаўна Сінкевіч, якая ўручыла граматы ўдзельніку рэспубліканскага адбору   і фіналістцы  рэспубліканскага конкурсу “300 талентаў для каралевы” Канстанціну Лапшэвічу і Эміліі Мальдзіс.

_MG_3031.jpg

Бег з вядзеннем баскетбольнага мяча, велагонка, перадача мяча, скачкі ў даўжыню, конкурс “Кенгуру”, пераадольванне перашкод, бег праз абручы і складанне выказвання “Я люблю спорт” – весела, задорна і спартыўна дзеці і дарослыя,  абганяючы адзін аднаго, рухаліся да фінішу.

– Спартыўныя спаборніцтвы ў школе праходзяць часта. І прыемна, што многія бацькі з задавальненнем у іх удзельнічаюць, – расказала намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Ірына Валер’еўна  Саевец. – Прычым падчас іх зусім не важна, хто стане пераможцам, галоўнае, што спорт аб’ядноўвае дзяцей і дарослых і дорыць ні з чым не параўнальныя ўражанні і добры настрой.

IMG_3120.jpg

Што ж датычыцца пераможцаў, то на гэты раз імі сталі школьнікі. Яно і зразумела: на старт дзеці выходзяць значна часцей, чым настаўнікі і бацькі, якія падзялілі другое месца. 

IMG_3149.jpg

–  Усё вельмі спадабалася: і абноўленая спартыўная зала, і спаборніцтвы,  і нават другое месца не засмуціла, –  расказалі ўдзельнікі бацькоўскай каманды. – Большасць з нас вучыліся ў гэтай школе – і нам ёсць  з чым параўноваць. Зала сапраўды цудоўная! Жадаем настаўнікам і школьнікам радаваць нас сваімі спартыўнымі дасягненнямі. 

_MG_3000.jpg

_MG_3062.jpg

_MG_3088.jpg

_MG_3138.jpg

IMG_3019.jpg

IMG_3047.jpg

IMG_3069.jpg

IMG_3156.jpg

Текст:
Фото: Елена Ярошевич