Маладая пенсіянерка
14:51 / 26.11.2018
Валянціна Мікалаеўна родам з Іўеўшчыны. Расла ў вёсцы, дапамагала маме, выдатна вучылася ў школе, шмат чытала. Марыла стаць урачом. І, напэўна, спраўдзіла б сваю мару, але на вучобу трэба было ехаць у далёкі горад, а значыць – пакінуць маму без дапамогі. Маці гадавала дачок адна – бацька не вярнуўся з вайны. Таму Валянціна вырашыла вучыцца бліжэй да родных мясцін – і стала бухгалтарам.
Працаваць яе накіравалі на Астравеччыну. Аднакурснікі шчыра спачувалі: у гэтую, па іх меркаванні, глухамань ніхто не жадаў ехаць. Прыехаўшы ў Астравец, Валянціна папрасіла накіраваць яе ў гаспадарку, якая знаходзілася б непадалёк ад чыгункі, каб зручней было дабірацца дадому. З трох прапанаваных Валянціна Мікалаеўна выбрала не самую на той час моцную – калгас «Маладая гвардыя», дзе старшынёй працаваў яе зямляк. Гэта быў мудры чалавек, з павагай і разуменнем ставіўся да людзей. Потым «штурвал» калгаснага карабля перайшоў да Мечыслава Аляксандравіча Валуевіча. Гаспадарка пачала мацнець і багацець. Была ў гэтым і заслуга Валянціны Мікалаеўны як галоўнага бухгалтара.
Але спярша – колькі слоў пра каханне. Валянціна Мікалаеўна і зараз прыгажуня, а ў маладосці! Бойкая, вясёлая, першая артыстка ў сельскім клубе. Як пранікнёна чытала яна вершы! Колькі прызоў заваявала на раённых конкурсах чытальнікаў! А на працы – сама сабранасць, адказнасць і патрабавальнасць. Хіба мог не заўважыць такую дзяўчыну Вацлаў Закрэўскі? Хлопец-зух, прыгажун з пышным чубам, адзін з лепшых калгасных шафёраў.
Летам 1961 года Валянціна і Вацлаў згулялі вяселле. Доўгі час здымалі жыллё, памянялі шэсць кватэр, пакуль увайшлі ў свой дом. Каб сабраць грошай на будаўніцтва і пражыць учатырох – дзве дачушкі, Галечка і Ганначка, падрасталі – трымалі гаспадарку: карову, свіней, садзілі агарод. Вацлаў Іосіфавіч, каб папоўніць сямейны бюджэт, яшчэ і ў кінафікацыю ўладкаваўся: фільмы па вёсках ставіў.
– А як жыць у доме ды не чуць дзіцячых галасоў? – з усмешкай гаворыць Валянціна Мікалаеўна. – Неўзабаве ў нас нарадзілася яшчэ і Святлана.
Адпраўляючы дачок пасля пачатковай школы ў Астравец, Валянціна Мікалаеўна прасіла накіраваць іх да строгіх і патрабавальных настаўніц, якія вучылі б дзяўчынак быць настойлівымі, стараннымі, адказнымі. Бо лічыла гэтыя якасці характару вельмі важнымі ў жыцці. Ды і сама была такой па натуры: дзяўчынкі гэта бачылі дома, а саслужыўцы – на працы.
Цудоўныя дочкі выраслі ў Закрэўскіх. Галіна і Ганна ажыццявілі няспраўджаную матчыну мару: сталі ўрачамі.
– Галіна працуе намеснікам дырэктара медыцынскага каледжа ў Мінску, выкладае там жа гінекалогію. Ганна – урач-эндакрынолаг у Лідзе. Святлана разам з мужам перабраліся ў Санкт-Пецярбург, працуюць там у фірме. Вось прыехалі да нас, прыгатавалі стол да юбілею, і – назад, бо справы чакаюць.
Валянціна Мікалаеўна і Вацлаў Іосіфавіч ганарацца сваімі дочкамі – выраслі яны чулымі ды ўважлівымі, заўсёды гатовыя дапамагчы людзям. І ўнукамі, праўнукамі не нарадуюцца.
Закрэўскія даўно на заслужаным адпачынку, але не застаюцца ўбаку ад паўсядзённых спраў і клопатаў аднавяскоўцаў. У Слабодцы, якая ўжо стала часткай горада, і іншых навакольных вёсках людзі з удзячнасцю згадваюць, як настойліва дабівалася Валянціна Мікалаеўна адкрыцця чыгуначнага прыпынку «Каменка». Ехаць да Гудагая, а потым дабірацца дадому пешшу або спадарожным транспартам – нязручна! Валянціна Мікалаеўна прыводзіла гэты неаспрэчны довад у шматлікіх пісьмах у адпаведныя інстанцыі, але – безвынікова. Тады яна вырашыла звярнуцца да кіраўніка дзяржавы – пытанне было вырашана!
Вацлаў шмат гадоў узначальваў раённую арганізацыю Беларускага таварыства інвалідаў па зроку.
Цяпер муж і жонка шчыруюць на сваёй сядзібе: вырошчваюць вінаград, даглядаюць агарод. І кветнік у Закрэўскіх – суседзям на зайздрасць. Валянціна Мікалаеўна любіць з кнігай пасядзець, з унукамі па скайпу пагаварыць. Узрост свой фізічны, канечне, адчувае – як і ўсе ў яе ўзросце. А вось душой яны з мужам маладыя!
На вечарыне надарылі юбілярцы сувеніраў розных і кветак прыгожых, і яна зрабіла прысутным прыемны сюрпрыз: прачытала ўрывак з паэмы Эдуарда Асадава і праспявала любімую грузінскую песню «Раз, і два, і тры».
Юбілярку павіншавалі, сказалі шмат цёплых слоў і ўручылі падарункі былыя намеснік старшыні раённага сельгасупраўлення па эканоміцы Наталля Уладзіміраўна Волк-Леановіч і галоўны бухгалтар Ніна Аляксееўна Тумашчык, а таксама галоўны бухгалтар раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Марыя Сцяпанаўна Станкевіч і старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі КСУП «Гудагай» Ганна Іосіфаўна Налівайка. А вакальная група «Аксаміткі» з Тэрытарыяльнага цэнтра абслугоўвання насельніцтва і яе мастацкі кіраўнік Васіль Антонавіч Карпец парадавалі песнямі.