Успамінаюць, разважаюць, жадаюць вяскоўцы
09:20 / 19.11.2018
На пяць пытанняў аб галоўным мы папрасілі адказаць працаўнікоў, якія не адзін год жыцця аддалі сельскай гаспадарцы раёна.
Пяць пытанняў аб галоўным
1 Якім выдаўся гэты год у жыцці і прафесіі?
2 Як вы прыйшлі ў сельскую гаспадарку і што найбольш запомнілася за гады працы?
3 Калі ў вас найбольш напружаная пара?
4 Кажуць, дрэнны той салдат, які не марыць стаць генералам. Уявіце, што вас прызначылі кіраўніком гаспадаркі. Вашы адчуванні і дзеянні?
5 Што пажадаеце сваім калегам з нагоды прафесійнага свята?
Галоўны ветэрынарны ўрач КСУП «Гудагай» Галіна Іосіфаўна БАБІЧ:
1. Гэты год быў не горшым і не лепшым за астатнія: нічога асаблівага ў маім жыцці не адбылося. Хаця не: старэйшы сын Аляксандр сёлета атрымаў дыплом аб заканчэнні Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта – і гэта мяне вельмі парадавала. Хоць, па шчырасці, і засмуціла: хутка і незаўважна сын вырас і стаў самастойным.
2. У 1994 годзе я прыйшла працаваць на ферму «Малі» калгаса «Чырвоны Кастрычнік». Неўзабаве выйшла замуж. Хацелася мець свой куток – гэтае жаданне і прывяло мяне ў калгас «Шлях Леніна», дзе работнікам давалі калгасныя кватэры. Праз некаторы час – было гэта ў жніўні 1997 года – тагачасны старшыня Мечыслаў Аляксандравіч Валуевіч прапанаваў стаць галоўным ветурачом. Згадзілася…
Больш за 20 гадоў прайшло, як працую ў гаспадарцы. У нашай прафесіі адметны і непрадказальны кожны дзень. Калі жывёліна ідзе на папраўку пасля складанай хваробы, я разумею, што гэта адбылося дзякуючы ў тым ліку і маёй дапамозе – такія адчуванні дарагога каштуюць.
А найбольш запомніліся, напэўна, першыя аперацыі – складана і адказна.
3. У жывёлагадоўлі гарачая пара кожны дзень. На восень прыпадае пераходны перыяд, калі адбываецца перавод статка з пашавага на зімне-стойлавае ўтрыманне. Каровам трэба абрэзаць хвасты, праверыць ногі, капыты, збалансаваць рацыён… Зімой – пік ацёлаў. Вясной кароў трэба выганяць на пашу – і гэты пераход павінен адбыцца паступова, без стрэсаў. Лета, як вядома, – пара вялікага малака, і ў гэты перыяд асабліва пільна трэба сачыць за здароўем жывёліны. Так што працы заўсёды хапае.
4. Мне складана ўявіць сябе ў крэсле кіраўніка. На мой погляд, гэта не жаночая справа. У мужчын лепш атрымліваецца кіраваць: яны менш, чым жанчыны, паддаюцца эмоцыям, больш рацыянальныя, паслядоўныя і лагічныя ў сваіх учынках.
Калектыву КСУП «Гудагай» пашчасціла з дырэктарам. Эдуард Іванавіч Садоўскі– мудры кіраўнік, прафесіянал сваёй справы і шчыры чалавек.
5. Хачу пажадаць цярпення – яно вельмі патрэбна ў нашай нялёгкай, часта без выхадных і святаў, працы. Здароўя, дабрабыту, больш шчаслівых імгненняў і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні.
Кіраўнік свіна-комплекса КСУП «Варняны» Андрэй Іосіфавіч СТАПОВІЧ:
1. Свінакомплекс узначальваю другі год. 2018-ы быў няпростым для свінагадоўлі, як і для жывёлагадоўлі нашай гаспадаркі ў цэлым. З сярэдзіны зімы жывёлу кармілі прывазнымі кармамі. Сёлетняя зімоўка, відаць, таксама будзе нялёгкай: збожжа не ўрадзіла. Камбікорм набываем на Смаргонскім камбінаце хлебапрадуктаў.
Да вытворчых паказчыкаў мінулага года, думаю, не дацягнем. Адзінае выйсце з гэтай сітуацыі, на мой погляд, – зменшыць пагалоўе. Зараз на комплексе ўтрымліваецца каля 16 тысяч свіней, да канца года, думаю, будзе 12 тысяч.
2. Я нарадзіўся ў вёсцы Белая Вада. Бацькі, як і большасць аднавяскоўцаў, трымалі жывёлу: кароў, свіней, бычкоў. Мама працавала даяркай, тата – аператарам па абслугоўванні малочнага абсталявання. Напачатку 2000-х сельскагаспадарчыя спецыяльнасці лічыліся прэстыжнымі. У мяне душа ляжала да жывёл, таму вырашыў стаць ветэрынарным урачом – і паступіў у Ільянскі аграрны каледж.
Пасля вучобы павінен быў ехаць па размеркаванні ў калгас імя Калініна ў Дайлідкі, але на размеркаванне прыехалі «купцы»: тагачасны старшыня калгаса імя Чапаева Уладзіслаў Эдвардавіч Рук і начальнік свінакомплекса Сяргей Уладзіміравіч Фурс – яны мяне і «зманілі» ў Варняны.
Работа падабалася, калектыў – таксама. Завочна закончыў Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт. Сёлета планаваў паступаць у Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце, але, на жаль, прапусціў набор. Ад гэтай задумы адмаўляцца не збіраюся: буду падаваць дакументы ў наступным годзе.
Што найбольш запомнілася за дзесяць гадоў працы? Тое, якой перадавой і квітнеючай была наша гаспадарка. Па прывагах свіней мы займалі прызавыя месцы ў вобласці і нават рэспубліцы. Зараз пра гэта даводзіцца толькі ўспамінаць…
3. Цяжарнасць у свіней доўжыцца 3 месяцы 3 тыдні і 3 дні. За год у свінаматкі бывае два-тры апаросы. Камплектацыя груп, перагонкі – на свінакомплексе работы хапае ў любую пару года. Ад селекцыйнай работы, своечасовасці асемянення, асаблівасцей апаросу залежыць жыццяздольнасць і далейшая прадуктыўнасць маладняку – а значыць, і работа комплексу.
4. Складанае пытанне… Не сакрэт, што большую частку выручкі прыносіць жывёлагадоўля. Гэтую галіну трэба аднаўляць у першую чаргу: брацца не за ўсё, а аднавіць для пачатку 2-3 фермы ці комплекс. Пасля мінулагодняй зімоўкі, калі дэфіцыт кармоў быў асабліва адчувальны, катастрафічна знізілася прадуктыўнасць кароў. Яе ўжо не падняць – трэба мяняць дойны статак.
Што тычыцца свінакомплексу, паўтаруся, адзінае выйсце ў цяперашніх умовах – скараціць пагалоўе. Калі сітуацыя зменіцца да лепшага, яго можна хутка аднавіць.
5. Жывёлаводам, якім працуюць і ў святы, і ў выхадныя, хачу пажадаць, каб у іх заставаўся час на сям’ю і блізкіх, каб іх праца не толькі цанілася, але і годна аплачвалася. Дабрабыту і здароўя!
Загадчыца цэнтральнага зернесклада КСУП «Міхалішкі»
Таццяна Станіславаўна ЯНОВІЧ:
1. Для нашай гаспадаркі гэты год не самы дрэнны, хоць збожжавыя маглі б быць лепшымі – затое ўрадзілі цукровыя буракі і кукуруза. Дзякаваць богу, летам і восенню моцна не дажджыла – убралі ўвесь ураджай. Былі гады, што восенню тэхніка не магла ў поле ўлезці.
Багатым на радасныя падзеі для мяне стаў не гэты, а мінулы год: і дачка, і сын пабраліся шлюбам. А пад Новы 2018 год я стала бабуляй. Таму галоўная падзея гэтага года – дзень нараджэнне ўнука Жэнькі – яшчэ наперадзе. (Усміхаецца)
2. У сельскай гаспадарцы працую з 1989 года, з іх дзесяць гадоў – загадчыцай цэнтральнага зернесклада. Пачынала працаваць бухгалтарам у калгасе «Зара» ў Завідзінентах. Потым нас аб’ядналі з калгасам імя Кірава. Напэўна, гэта найбольш і запомнілася: як пераязджалі, перавозілі дакументы, знаёміліся са спецыялістамі.
3. Для мяне, як і для хлебаробаў, жніво – самая гарачая пара. Куды якое збожжа засыпаць, якое дасушыць – з раніцы да вечара галава кругам. Хоць работы хапае і вясной, і восенню: чым сеяць, куды якую «хімію» адправіць.
4. Ой, нават і не ведаю, плакала б ці радавалася. Камандаваць умею – але толькі тады, калі тычыцца сваёй работы. Начальніцкага хлеба нізавошта не хацела б пакаштаваць…
5. Самае галоўнае ў жыцці – здароўе. Калі не хварэеш, тады і сонца ярчэй свеціць, і птушкі званчэй пяюць, і радасней жывецца. Усім работнікам сельскай гаспадаркі жадаю моцнага здароўя, ладу ў сем’ях і радасных падзей.
Загадчык раслінаводчага ўчастка №2 РУП «Астра-вецкі саўгас «Падольскі» Мікалай Аляксандравіч РАБКОЎСКІ:
1. Год як год – нічога асаблівага не адбылося. Нядрэнна ўрадзілі збожжавыя, асабліва пшаніца і трыцікале. Яравы рапс на круг даў каля 22 цэнтнераў.
2. У саўгасе працую з 2005 года. Прыйшоў сюды пасля вучобы ў Клічаўскім дзяржаўным аграрна-тэхнічным каледжы.
За час работы ў саўгасе шмат цікавых выпадкаў было. Запомнілася, калі нам, брыгадзірам, выдзелілі мапеды – было гэта, калі дырэктарам саўгаса працаваў Генадзь Феліксавіч Дзенюш, светлая яму памяць – добры, чалавечны быў кіраўнік. А да гэтага пры сеялках сядзелі і не ведалі, што робіцца на ўчастках.
Усё жыццё буду помніць эмоцыі, калі нарадзіўся сын. Ад радасці і хвалявання ледзь не заплакаў…
Цікавы выпадак здарыўся аднойчы падчас касавіцы: знайшоў маленькую бездапаможную козачку. Давялося забраць – інакш загінула б. Паілі з соскі, даглядалі, як дзіця. Сусед, які захапляецца паляваннем, параіў выпусціць жывёліну ў лес. Так і зрабілі, хоць моцна прывыклі да яе.
3. У хлебароба гарачая пара з ранняй вясны да позняй восені, а не толькі летам, падчас жніва. Пад ураджай трэба зрабіць задзел: падрыхтаваць глебу і насенне, своечасова апрацаваць пасевы ад шкоднікаў і хвароб… Жніво – ужо эпагей нашай працы.
4. Гаварыць можна пра многае, як і марыць. Былі б грошы ў гаспадарцы, тады і тэхніку новую можна набыць, і жыллё людзям пабудаваць.
5. Каб жылося, вялося, хацелася і маглося!