Пра энергетыку жніва расказвае хлебароб Валерый Дэнюш

08:45 / 19.11.2018
Хлебароб
Валерый Феліксавіч ДЗЕНЮШ, КСУП «Міхалішкі»

У жніва магутная энергетыка, якой немагчыма не падпарадкавацца. Хлебаробы гатовы працаваць суткамі навылёт, каб запісаць як мага больш тон намалочанага збожжа на свой рахунак.

У аднаго з лепшых міхалішкаўскіх механізатараў Валерыя Феліксавіча Дзенюша цікаўлюся: ці ёсць дух спаборніцтва падчас жніва?

IMG_1247.jpg

– А як жа! Адзін на аднаго, як на ворага, канешне, не глядзім, але, дакладна ведаю, за зводкай лідараў сочаць усе, – прызнаецца механізатар. – Справа тут не ў грашах. На ўборцы, як на спартыўных спаборніцтвах, дзейнічае прынцып «хто больш – той і лепшы». Мяне, напэўна, зразумее той, хто спазнаў смак уборкі і перамогі. 

Кожны год Валерый Феліксавіч менш за тысячу тон хлеба  не намалочвае. Сёлета на жніве яму дапамагаў сын – разам яны намалацілі 1 420 тон збожжа. Да слова, бацькава любоў да зямлі перадалася Антону: хлопец вучыцца на агранома ў Навагрудскім дзяржаўным аграрным каледжы. 

– З сынам працавалі разам другі сезон. Сёлетняе жніво для мяне дванаццатае, а калгаснага стажу дык і ўвогуле пад 30 гадоў набярэцца, – расказвае мужчына. – Найбольш люблю ўбіраць пшаніцу – яна звычайна добра сыплецца. Працаваць імкнуся добра, рабіць абы з рук не прывучаны з маленства, як і браты. Светлай памяці Гена быў дырэктарам саўгаса, Юра працуе ў «Падольскім» галоўным энергетыкам, Іван – у сувязі...

IMG_1249.jpg

За Валерыем Феліксавічам замацаваны збожжаўборачны камбайн «Джон-Дзір», трактар МТЗ-1522 і камбайн КВК-80 «Палессе».
– Летам працую на жніве, вясной і восенню – на касавіцы, зімой важу арганіку, – гаворыць мужчына. – За тэхнікай трэба глядзець – тады яна не падвядзе ў полі. А на жніве, вядома, кожная хвіліна на вагу золата.

Хоць і працуе Валерый Феліксавіч ад цямна і да цямна, без святаў і выхадных, якіх, у хлебароба, вядома, не бывае, – місію сапраўднага мужчыны ён ужо выканаў: уласнымі рукамі пабудаваў дом, разбіў сад і выгадаваў разам з жонкай сына і дачку.

Текст:
Фото: Алена Гануліч