“Шасцітысячніца” Ганна Сцефановіч

08:24 / 19.11.2018
Людзі ад зямлі – простыя ў думках, словах і паводзінах. Яны не прывыклі гаварыць пра сябе, свае клопаты і спадзяванні. Яны прывыклі працаваць: штодзённа, часта без святаў і выхадных. Але іх партрэты вартыя пэндзля самых лепшых мастакоў! Шкада, што я не валодаю пэндзлем! Пагэтаму паспрабую намаляваць іх партрэты словамі… 

IMG_1264.jpg

Даярка
Ганна Іванаўна СЦЕФАНОВІЧ, МТФ «Ліпнішкі» КСУП «Гудагай»

Два месяцы, што засталіся да заканчэння года істотна на агульныя вынікі не паўплываюць, а на рахунку даяркі малочна-таварнай фермы «Ліпнішкі» Ганны Іванаўны Сцефановіч ужо і зараз «кругленькая» лічба: ад кожнай з 52 кароў сваёй групы яна атрымала ўжо больш за 6 з лішкам тысяч кілаграмаў малака. А да ўзроўню мінулага года гэта значная прыбаўка – плюс 1 699 кілаграмаў.

З гэтай нагоды я і завітала да даяркі. З моманту апошняй нашай сустрэчы Ганна Іванаўна зусім не змянілася: адкрытая ўсмешка – і неверагодная энергетыка. Сапраўдная някрасаўская жанчына: і каня спыніць, і ў палаючую хату ўвойдзе… 

Ганна Іванаўна нарадзілася ў Міндзянах, расла ў Фальварках, вучылася ў Варнянскай сярэдняй школе. У старэйшых класах на вяселлі сяброўкі пазнаёмілася з будучым мужам Юзікам. Жанчына прызнаецца, што гэта было каханне з першага позірку. 

IMG_1265.jpg

Праз некаторы час яны пабраліся шлюбам і сталі жыць з мужавымі бацькамі ў Ліпнішках. У Сцефановічаў нарадзілася двое дзетак: Дзіма і Андрэй. А Ганна Іванаўна з першага дня, як прыехалі жыць да бацькоў мужа, працуе даяркай на ферме «Ліпнішкі».

– Як прыйшла на групу, так і засталася. Ведаеце, у кароў, як і ў людзей: у кожнай – свой характар. Ёсць спакойныя, а ёсць хуткія і вёрткія, на месцы пастаяць не могуць, – расказвае жанчына. – У групе ёсць карова, якая на голас ідзе, – Мяцеліца мая…

Ганна Іванаўна апякуецца не толькі каровамі, але і цялятамі – цяпер іх у групе даяркі пяцёра. 

– Цяляткі, як дзеці, – расказвае жанчына. – З аднаго позірку можна пазнаць, калі яно хворае: сумнае, ад ежы адмаўляецца. 

Свой працоўны поспех жанчына тлумачыць проста, маўляў, яе заслугі не такія вялікія і значныя: не было б акуратнай работы асемянатараў, добрай пашы і кармоў, належнага лячэння – не было б і вынікаў. Нібыта ў гэтых 6 тысячах асабістага ўкладу даяркі няма зусім! 

– На нашай ферме склаўся добры калектыў. І дырэктар наш добры, чалавечны, і заатэхнікі, і ветурачы талковыя, – гаворыць жанчына. – Ведаеце, сваю справу любіць трэба – тады і вынікі будуць. 


Текст:
Фото: Алена Гануліч