Як АПэшка ў басейн хадзіла

09:39 / 05.11.2018
2842
АПэшка радость.jpgПрывітанне, сябры! Я была ў нашым новым басейне! А вы былі? Як, яшчэ не паспелі? Усе ж толькі пра гэта і гаварылі: хутчэй бы адкрыўся басейн! Хуценька, купальнікі надзелі – і плаваць !

У нядзелю мы з мамай Волечкай адправіліся ў басейн! Я ўзяла свой прыгожы купальнік – чырвоны ў белы гарошак, гумавую шапачку з коцікам і гумавыя шлёпанцы. Адно забылася – круг ці нарукаўнікі, бо плаваць я яшчэ не ўмею. Але цёця, якая сядзіць у касе, сказала, што іх можна ўзяць напракат – паплаваць, а потым вярнуць назад. І выдала мне прыгожы жоўценькі круг. А яшчэ цуда-бранзалет, які нейкім неверагодным чынам адлічваў час, што я правяла ў басейне! Цікава!

Мама Волечка перажывала, што ў нядзелю людзей будзе процьма. Заходзім мы ў басейн – а там усяго некалькі чалавек! Дзіўна! Можа, яшчэ не ўсе прачнуліся? Так прачынайцеся хутчэй – які прыклад вы паказваеце дзецям? 

…Аказалася, што басейн – зусім неглыбокі і мама Волечка ўсюды дастае да дна. Ну я таксама была задаволеная, хаця і крышачку расчараваная. Калі дарослы чалавек дастае да дна, то я са сваім ростам крыху больш за метр – зусім не дастаю. І хоць быў у мяне круг, але ўсё роўна неяк страшнавата. Калі ішла ў басейн, я спадзявалася, што для дзяцей там абавязкова будзе маленькі неглыбокі «жабнік» – я ў такім плавала, калі была ў Маладзечне. Вось тады было б увогуле цудоўна! Спадзяюся, што ў другім басейне, які будуецца, пра нас не забудуцца! 

І яшчэ адна неспадзяванка, якая са мной здарылася: я захварэла! Проста ў раздзявалцы я вельмі змерзла! Там было холадна і невядома адкуль дзьмуў халодны вецер – ці то скразняк, ці то кандыцыянер. 

Можа, новы басейн і не падыходзіць для маленькіх дзяўчынак, але я ўсё роўна вельмі шчаслівая: маім бацькам і вам, дарагія сябры, цяпер ёсць куды схадзіць, каб з карысцю для здароўя правесці вольны час. Тым больш што там можна не толькі паплаваць. Для мамы Генрыхаўны мы там нагледзелі аквааэробіку, для мяне – гімнастыку, для Марынкі – фітнэс, АнтонЧыка адправім у трэнажорную залу, маму Рыбік – на масаж, нашу Наташку – у лазню, мамачку Волечку з сыночкам  – на заняткі фітнэсам «Мама+малыш». Яшчэ застаўся тэніс! Хто на тэніс? 

Потым мамачка Волечка завяла мяне ў басейн у новы дзіцячы садок! Ах, які там басейн – цёпленькі, прыгожы, зусім неглыбокі! А колькі там усяго: і кругоў, і нарукаўнікаў, і дошак для плавання, а яшчэ цацак, шарыкаў, гумавых дэльфінаў! Можна браць усё, што захочаш. А добрая цёця-трэнер яшчэ і плаваць мяне вучыць! І чаму я раней сюды не хадзіла? Колькі ж яшчэ адкрыццяў мяне чакае? Я вам абавязкова пра ўсё раскажу! Да новых сустрэч, сябры! 
Ну і вы памятайце: купальнікі надзелі – і самі ведаеце куды!

Фото бассейна детский сад.jpg


Ваша АПэшка.


Текст: Администратор сайта
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений