Рэдакцыя аб’яўляе конкурс на фота для календара

09:39 / 02.11.2018

Рэдакцыя “Астравецкай праўды” рыхтуе да друку каляровы каляндар на 2019 год, які чытачы атрымаюць у студзені разам з першым нумарам газеты. Прапануем нашым чытачам паўдзельнічаць у гэтым творчым працэсе!

56.jpg

Прыемна, заходзячы ў дамы, кватэры ці офісы астраўчан, бачыць на самым відным месцы каляндар, якія кожны год дорыць сваім чытачам разам з першым нумарам газеты “Астравецкая праўда”. У некаторых дамах іх – цэлая калекцыя, за ўсе гады… Сёлета мы не збіраемся здраджваць гэтай шматгадовай традыцыі: у студзені разам з першым нумарам раённай газеты за 2019 год нашы падпісчыкі атрымаюць каляровы каляндар.

Раздумваючы над тым, які ж фотаздымак яго ўпрыгожыць на гэты раз, калектыў рэдакцыі прыйшоў да адназначнай высновы: сёлета, у Год малой радзімы, які працягнецца і ў наступным годзе, гэта павінна быць пазнавальнае, прыгожае фота аднаго з непаўторных куточкаў нашай Астравеччыны (зрэшты, мы імкнуліся да гэтага і ўсе папярэднія гады).


І вырашылі папрасіць нашых чытачоў дапамагчы нам знайсці самае лепшае фота. Упэўнены: такія ёсць у вашых фотархівах! Падзяліцеся імі з рэдакцыяй – і станьце удзельнікамі конкурсу “Фота для календара”.


Здымак-пераможца, якога вызначыць рэдакцыйнае журы, стане прэзентацыйным “тварам” “Астравецкай праўды”, які з першым нумарам прыйдзе у кожны год, яго аўтар атрымае ўзнагароджанне і прыз ад рэдакцыі. А іншыя прыгожыя фотаздымкі, дасланыя на конкурс, будуць надрукаваны на старонках газеты і з’явяцца на сайце ў адпаведнай рубрыцы, іх аўтары таксама атрымаюць ганарар за свае творы.

Фотаздымкі на конкурс павінны быць дасланы на электронную пошту рэдакцыі ostrov_red@tut.by з паметкай “Фота для календара” не пазней 15 снежня ў фармаце .jpg. Яны павінны быць высокай тэхнічнай і мастацкай якасці, адлюстроўваць пазнавальныя мясціны Астравеччыны, дасланыя работы павінны ўтрымліваць прозвішча і імя аўтара здымка, яго электронны і паштовы адрас і пашпартныя дадзеныя.

Чакаем вашых фотаздымкаў – і жадаем перамогі ў конкурсе! Спадзяемся, з вашай дапамогай чытачы атрымаюць унікальны мастацкі каляндар, а газетны архіў папоўніцца цікавымі фотаздымкамі.


Текст: Главный администратор