Хто з ураджэнцаў Астравеччыны “засвяціўся” на юнацкіх Алімпійскіх гульнях у Аргенціне

07:03 / 19.10.2018

На юнацкіх Алімпійскіх гульнях у Буэнас-Айрасе Беларусь прадстаўлялі 16 мацнейшых атлетаў краіны. У іх ліку – і ўраджэнка Варнян Марыола Букель, якая на гэтых прэстыжных спаборніцтвах заняла 6 месца ў кіданні молату.

Букель 1.jpg

Нагадаем, першыя крокі ў вялікі спорт Марыола Букель рабіла пад кіраўніцтвам трэнера Астравецкай спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву Андрэя Уладзіслававіча Блашкевіча. Цяпер дзяўчына вучыцца ў Гродзенскім вучылішчы алімпійскага рэзерву. Са спартыўных дасягненняў – перамога на спартакіядзе Рэспублікі Беларусь, Балтыйскіх юнацкіх гульняхі іншых рэспубліканскіх і абласных спаборніцтвах.

Галоўны юнацкі старт чатырохгоддзя сёлета прайшоў у Аргенціне. Доўгі пералёт, акліматызацыя, відаць, не лепшым чынам адбіліся на самаадчуванні лёгкаатлеткі, хоць з рахункаў нельга спісваць і Яе Вялікасць спартыўную ўдачу.

Букель.jpg

На першым этапе з чацвёртай спробы Марыола адправіла снарад на 64,18 метра, на другім молат даляцеў да адзнакі 60,21 метра. З вынікам 124,39 м спартсменка заняла 6 месца.

Каментуючы сваё выступленне, Марыола прызналася, што яе падвяла тэхніка. Дзяўчына запэўніла, што надалей будзе трэніравацца больш плённа.

Тым не менш, трапіць у шасцёрку лепшых малатабойцаў на спаборніцтвах такога ўзроўню – цудоўны вынік для юнай спартсменкі.



Текст: