Залацісты рай Алены Малышавай

11:40 / 14.10.2018
Алена Ігнатаўна Малышава – не проста навуковы супрацоўнік і загадчык аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Астравецкага цэнтра культуры і народнай творчасці. Яе прозвішча даўно асацыіруецца з майстэрствам і прафесіяналізмам. Яна – майстар, мастак і чараўніца, у чыіх руках звычайная саломка пераўтвараецца ў шэдэўры. Але галоўнае – яна шчыры і ўлюбёны ў сваю справу чалавек. І цалкам заслужана партрэт Алены Ігнатаўны занесены на раённую Дошку гонару.

IMG_9553.jpg

Трапіўшы ў царства саламяных вырабаў, дзе залатыя куфры сапернічаюць у мудрагелістасці ўзораў, жар-птушкі велічна выпростваюць крылы, магутны конь гулліва ўзмахвае шыкоўнай грывай, а ў вазах распускаюцца ружы і рамонкі, губляешся.   Няўжо ўсё гэта можна зрабіць рукамі?! 

– Можна! – усміхаючыся, адказвае Алена Ігнатаўна. – Твор­чыя людзі – яны такія: няўрым­слі­выя крэатыўшчыкі. Калі трэба, асвоім любы матэрыял: дрэва, бісер ці саломку. Нават з самых непадыходзячых на першы погляд рэчаў можна прыдумаць нешта цікавае. 


Творчая натура Алены Ігна­таўны заявіла аб сабе яшчэ ў дзяцінстве. Яе лялькі фарсілі ў самых шыкоўных уборах, а на клумбах ля дома яны з мамай стваралі сапраўдны кветкавы рай. 
З узростам творчы патэнцыял дзяўчынкі толькі развіваўся.

– У дзяцінстве я марыла стаць балерынай, – успамінае жанчына. – Але балетная школа знаходзілася ў горадзе, каб там вучыцца, трэба было жыць у інтэрнаце. Тата мяне туды аднойчы звазіў: я паглядзела – сказала ехаць дадому. 

IMG_9552 в печать.jpg

– Хоць прымай-балерынай я не стала, але на сцэне выступала, праўда, у іншым амплуа, – усміхаецца Алена Ігнатаўна.  – Скончыла музычную школу па класе фартэпіяна і была актыўнай удзельніцай мастацкай самадзейнасці: іграла, спявала – ніводзін канцэрт у нашым клубе не абыходзіўся без майго ўдзелу. І прафесію выбрала творчую: пасля заканчэння школы паступіла ў Гродзенскае культасвет вучылішча.

Перш, чым трапіць у Астравец, Алена Ігнатаўна пабывала ў розных кутках не толькі Беларусі, але і Расіі: Маларыта, Южна-Сахалінск, бухта Конюшкава ў Прыморскім краі – змяняліся месцы жыхарства, але не адданасць выбранай прафесіі. Жанчына ўсюды знаходзіла справу па душы: працавала ў клубе мастацкім кіраўніком, вяла гурткі бісерапляцення ў дзіцяча-юнацкім цэнтры, выкладала прыкладное мастацтва ў Доме піянераў.

– У маладосці ўсё даецца лягчэй, – гаворыць Алена Малышава. – Трэба пераехаць – не праблема. У той час не задумвалася, як і куды, збірала чамаданы – і ехала. Што тычыцца працы, у культработніка шырокі дыяпазон дзейнасці, таму вакансіі знаходзіліся хутка. Але мне шанцавала: работа была па душы.  

Восем гадоў назад Алена Ігнатаўна папоўніла рады майстроў Астравецкага дома рамёстваў. Тады ж яна пазнаё­мілася з далікатным прыцягальным сонечным матэрыялам, вырабы з якога хутка сталі яе візітнай карткай, – саломкай.

IMG_9549.jpg

– Азы саломапляцення паказала тагачасны дырэктар Дома рамёстваў Тамара Іванаўна Гаваноўская, – расказвае Алена Ігнатаўна. – А далей усё неяк само сабой пайшло. Што не разумела – падказвалі вопытныя калегі і ўсюдыісны інтэрнэт. Калі асвоіла тэхніку, пачала прыдумваць нешта новенькае ва ўзорах – з кожным днём справа зацягвала ўсё больш. Канешне, гэта тонкі і далікатны матэрыял, які цяжка нарыхтаваць і лёгка пашкодзіць, але ў ім ёсць нейкая ўнутраная сіла, грацыя і прывабнасць, перад якімі немагчыма ўстаяць. 

Саламяныя шэдэўры Алены Ігна­таўны неаднойчы адзнача­ліся дыпломамі на выставах і фестывалях рознага ўзроўню. Члены журы ў адзін голас прызнавалі, што ў Малышавай – залатыя рукі. 

Праўда, на ўзнагароды жанчына рэагуе стрымана і сціпла. 
– У нашым аддзеле працуюць та­­ленавітыя майстры, магчымасць прадэманстраваць свае ра­боты на выставах высокага ўзроўню – гэта ўжо поспех, – лі­чыць Алена Ігнатаўна. – А што яшчэ трэба творчаму чалавеку?

Тры пытанні аб галоўным
– Ці бывае ў вас творчы крызіс і як выходзіце з яго?
– Не крызіс, а хутчэй стомленасць. У такім выпадку пераключаюся з саломкі на штосьці іншае – макрамэ, бісер, карціны са стужак. Калі моцна «прыціскае» – іду ў адпачынак і адпраўляюся ў падарожжа. 

– Каб быць майстром-рамеснікам, трэба мець талент ці быць старанным вучнем?
– Рукі ва ўсіх людзей аднолькавыя, усяму можна навучыцца. 

– Якая з узнагарод для вас самая каштоўная? 
– Прызнанне людзей. Дып­ломы і граматы атрым­лі­ваць прыемна, але гэта толькі папера. А калі падыходзіць чалавек і захоплена ўсклікае: «Вось гэта прыгажосць!» – вышэйшай пахвалы не трэба.
Текст:
Фото: Марина Мацкевич