Віншаванні і прэміі – лепшым працаўнікам

15:15 / 23.11.2010
1

У суботу, напярэдадні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўваючай прамысловасці, у кінаканцэртнай зале “Астравец” адбылося ўшанаванне лепшых працаўнікоў палёў і ферм, кіраўнікоў гаспадарак, спецыялістаў, кіраўнікоў сярэдняга звяна – словам, усіх тых, хто сваёй штодзённай працай стварае харчовую бяспеку краіны, забяспечвае дабрабыт – сваёй гаспадаркі, раёна, вобласці і ўсёй дзяржавы. У нашым раёне найбольшая колькасць працаздольнага насельніцтва занята менавіта ў сельскай гаспадарцы, у вёсках раёна жыве большая частка жыхароў раёна, ды і гараджане ў пераважнай большасці сваёй выйшлі ад зямлі-карміцелькі – і таму прафесійнае свята аграрнікаў можна лічыць агульнараённым. Менавіта ў такое яно і вылілася на ўрачыстым сходзе, які прайшоў з гэтай нагоды.





Гэтыя людзі не прывыклі да гучных дыфірамбаў у свой адрас, ім, магчыма, не так часта, як яны таго  заслугоўваюць, гавораць словы ўдзячнасці. Яны проста працуюць – не за падзякі і не за прэміі, а таму, што інакш не могуць, не прывучаны. І ўсё ж хоць раз у год, у Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі, яны становяцца героямі дня —  у іх гонар гучаць песні і цёплыя пажаданні, яны прымаюць віншаванні і салідныя прэміі. Што ж, яны гэта заслужылі…
Урачыстае мерапрыемства з нагоды Дня работнікаў сельскай гаспадаркі адкрыў старшыня раённага выканаўчага камітэта Адам Дзмітрыевіч Кавалька. У сваім выступленні ён падвёў папярэднія вынікі сельскагаспадарчага года ў раёне. Адам Дзмітрыевіч нагадаў, што Астравецкі раён, а таксама фермерская гаспадарка “Астравецкая” на рэспубліканскім фестывалі-кірмашы “Дажынкі”, што праходзіў сёлета ў  Лідзе, былі прызнаны лепшымі ў павышэнні культуры земляробства. Ён парадаваўся разам з прысутнымі, што сельская гаспадарка маладзее – толькі ў гэтым годзе ў наш раён прыбылі на працу 27 маладых спецыялістаў, сярод пераможцаў спаборніцтва шмат маладых людзей. І адзначыў тую значную дапамогу, якую аказвае дзяржава для развіцця аграпрамысловага комплексу сельскай гаспадаркі. У раёне завяршаецца рэалізацыя дзяржаўнай праграмы адраджэння вёскі – за час яе дзеяння ў раёне пабудавана 13 аграгарадкоў, многія з якіх пасля аптымізацыі гаспадарак не з’яўляюцца цэнтральнымі сядзібамі – але тым не менш створаная там інфраструктура, пабудаванае жыллё служаць людзям, вясковым працаўнікам. Новыя тэхналогіі прыходзяць у жывёлагадоўлю і ў раслінаводства, і вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі падымаецца на якасна новы ўзровень.
Гэта ж пацвердзіла і ўзнагароджанне пераможцаў спаборніцтва, лепшых працаўнікоў сельскай гаспадаркі, якому была прысвечана асноўная частка ўрачыстасці. Паказчыкі, якіх дасягаюць сёння лепшыя працаўнікі, яшчэ дзесяць гадоў таму здаваліся не тое, што недасягальнымі – фантастычнымі. А сёння людзі, атрымліваючы залужаныя ўзнагароды, тым не менш лічаць, што дасягнутае – не мяжа, і мараць пра новыя вышыні, якія, безумоўна ж, скорацца іх працавітым рукам і новым тэхналогіям.
Пачалося ўзнагароджанне з пераможцаў раённага спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы збожжавых і зернебабовых культур. Згодна з умовамі спаборніцтва яны вызначаліся не проста па дасягнутай ураджайнасці ці валавому збору збожжа, а па шэрагу паказчыкаў: валавому намалоту па ўсіх відах культур, тэмпах росту да апошніх трох гадоў і да агульнараённага прыросту, ураджайнасці, суадносінах яе да бала ворыва і іншых нюансах, зразумелых толькі спецыялістам. Пасля такога скрупулёзнага падліку балаў высветлілася, што сярод гаспадарак лепшых вынікаў дасягнуў СВК “Гудагай”, на другім месцы апынуўся СВК “Міхалішкі”, на трэцім – СВК “Гервяты”. Гаспадаркі былі ўзнагароджаны Ганаровымі граматамі раённага выканаўчага камітэта і грашовымі прэміямі.
Усё жніво сярод камбайнераў, вадзіцеляў на адвозцы збожжа, аператараў сушыльных установак ішло напружанае спаборніцтва – кожнаму хацелася стаць лепшым хлебаробам раёна. У выніку гэтае пачэснае званне атрымаў камбайнавы экіпаж  з СВК “Гервяты” ў складзе камбайнера Сяргея Леанідавіча Філімоненкі і яго памочніка Аляксея Леанардавіча Махнача, якія намалацілі за сезон 1283 умоўныя тоны збожжа. Другое месца – таксама ў гервяцкіх камбайнераў, сямейнага экіпажа Міцкевічаў – Віктара Мечыслававіча і Дзмітрыя Віктаравіча: на іх рахунку 1032 умоўныя тоны збожжа. Трэцім прызёрам спаборніцтва стаў камбайнер СВК “Гудагай” Антон Антонавіч Раткоўскі, які намалаціў 959 умоўных тон збожжа.
У спаборніцтве на адвозцы збожжа першае месца заняў вадзіцель СВК “Гервяты” Анатоль Іванавіч Карвецкі, другое — яго калега з СВК “Варняны” Мар’ян Станіслававіч Масойць, трэцяе – вадзіцель СВК “Міхалішкі” Станіслаў Антонавіч Мілашэвіч. Сярод вадзіцеляў цэнтравывазу лепшым быў прызнаны Уладзіслаў Уладзіслававіч Грамбоўскі з сельгастэхнікі. З аператараў сушыльных установак – працаўнікі СВК “Гудагай” Віталь Зыгмундавіч Андрушкевіч і Яўгеній Станіслававіч Раткевіч.
Усе пераможцы спаборніцтва на жніве атрымалі з рук старшыні райвыканкама Ганаровыя граматы райвыканкама і салідныя грашовыя прэміі.





На ўрачыстым мерапрыемстве былі падведзены і вынікі спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў на нарыхтоўцы травяністых кармоў. Лепшымі тут прызнаны гаспадаркі, якія забяспечылі ў гэтым годзе найбольшы тэмп росту нарыхтоўкі травяных кармоў, аб’ём вытворчасці з аднаго бала-гектара, нарыхтоўкі кармоў на адну ўмоўную галаву жывёлы. Першае месца па суме гэтых паказчыкаў заняў зноў-такі СВК “Гудагай”, другое – СВК імя Гашкевіча, трэцяе – саўгас “Падольскі”.
У абласным спаборніцтве па нарыхтоўцы травяністых кармоў прызавое месца заняў СВК “Варняны” – яшчэ ранейшы, не ўзбуйнены. І тагачаснаму кіраўніку кааператыва Уладзіславу Эдвардавічу Руку, які прысутнічаў на свяце ўжо ў новай якасці – старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы Гродзенскага аблвыканкама – за гэтае дасягненне было ўручана Падзячнае пісьмо старшыні райвыканкама.
Адам Дзмітрыевіч Кавалька ўручыў таксама ўзнагароды лепшым механізатарам гаспадарак – Юрыю Яраслававічу Бумбулю з СВК “Варняны”, які больш за ўсіх нарыхтаваў зялёнай масы, вадзіцелю Уладзіміру Карлавічу Грынцэвічу з гэтай жа гаспадаркі, які больш за ўсіх яе перавёз, Эдуарду Мар’янавічу Мілейшу з СВК “Гервяты” – лепшаму механізатару на сяўбе, Пятру Іванавічу Сяргею з СВК імя Гашкевіча, лепшаму механізатару на ворыве і сяўбе, Віктару Эдуардавічу Гасцевічу з саўгаса “Падольскі”, які выдатна працаваў на ўзорванні глебы.
Лепшымі вытворчымі ўчасткамі названы ўчастак №2 СВК “Гудагай”, які ўзначальвае Галіна Генрыхаўна Грамбоўская, №2  СВК “Гервяты” пад кіраўніцтвам Яўгенія Вальдэмаравіча Тварагаля і №1 СВК “Міхалішкі”, дзе загадчык – Мар’ян Зыгмундавіч Комар.
У галіне жывёлагадоўлі, у адрозненне ад раслінаводства, канчатковыя вынікі гэтага года яшчэ не падведзены. Але грунтоўныя заяўкі на перамогу ўжо зроблены. Па выніках работы за 10 месяцаў лепш за ўсіх працавалі жывёлаводы СВК “Варняны”. На другім месцы – СВК “Гудагай”, на трэцім – СВК “Гервяты”.
На ўрачыстым сходзе былі адзначаны і загадчыкі комплексаў і ферм: Марына Іосіфаўна Бушмовіч, загадчыца комплекса СВК “Гервяты”. Святлана Раманаўна Паршутовіч, загадчыца фермы “Індрубка” СВК “Гудагай”, Віктар Бярнардавіч Радкевіч, загадчык фермы “Якентаны” СВК “Гервяты” і Валянціна Лявонаўна Роўбуць, загадчыца фермы “Супраненты” СВК “Міхалішкі”.
Грашовымі прэміямі была адзначана праца аператараў машыннага даення кароў, якія за дзесяць месяцаў надаілі звыш пяці тысяч кілаграмаў малака і не дапусцілі зніжэння вытворчасці ў параўнанні з адпаведным перыядам папярэдняга года: гэта Наталля Іванаўна Лакуцэвіч, Іна Станіславаўна Кузміцкая, Аліна Мар’янаўна Вішнеўская,Таццяна Чаславаўна Сянюць, Лілія Іосіфаўна Сяўрыс з СВК “Варняны”, Ларыса Браніславаўна Гялевіч, Анатоль Васільевіч Дзямідчык, Надзея Пятроўна Таргун, Алена Зянонаўна Янковіч, Таццяна Тадэвушаўна Лучынская, Наталля Віктараўна Гарунова з СВК “Гервяты”. Таццяна Раманаўна Жукоўская,  Галіна Браніславаўна Івашка, Алеся Іванаўна Лапшэвіч з СВК “Гудагай”, Валянціна Тадэвушаўна Кавалеўская з СВК “Міхалішкі”.
Прэміі атрымалі і аператары, што працуюць на дарошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы: Святлана Сцяпанаўна Сыс, Надзея Алксееўна Велянец, Святлана Уладзіміраўна Кунігель з комплекса “Гервяты”, Святлана Іванаўна Радута з фермы “Кярняны” СВК “Варняны”, Генадзь Станіслававіч Заранковіч і Хрысціна Казіміраўна Лукашык з фермы “Слабодка” СВК “Гудагай”.
Была адзначана праца цялятніц прафілакторыя Міраславы Зянонаўны Букель  з саўгаса “Падольскі”, Галіны Браніславаўны Міхайлоўскай з СВК імя Гашкевіча, Таццяны Іванаўны Высоцкай з СВК “Гудагай”, аператараў па вырошчванню цялушак узнаўлення Андрэя Станіслававіча Мікульскага з СВК “Гудагай, Анатоля Віктаравіча Янчэўскага і Іны Валер’еўны Сяўрыс з СВК “Міхалішкі”, аператараў па вырошчванню свіней Яніны Іванаўны Сідаровіч, Галіны Уладзіміраўны Магадзя, Жанны Тадэвушаўны Бублевіч з СВК “Варняны”, даглядчыкаў-пастухоў Рамана Багданавіча Рэкеця з СВК “Гервяты” і Віталія Альгердавіча Лаздоўскага з СВК “Міхалішкі”.
Прэміі за сваю добрасумленную працу атрымалі спецыялісты па штучнаму асемяненню сельскагаспадарчых жывёл Аляксандр Вацлававіч Кірпа з селекцыйна-племяннога цэнтра, Браніслаў Браніслававіч Лукашэвіч з СВК “Варняны” і Міхаіл Станіслававіч Баршчэўскі з СВК “Гудагай”, аператары па абслугоўванню даільнага абсталявання Іван Іванавіч Яраш з СВК імя Гашкевіча, Аляксандр Бярнардавіч Масойць з СВК “Варняны”, Надзея Мечыславаўна Малашанкава з саўгаса “Падольскі”, а таксама ветэрынарныя ўрачы і ўрачы-гінеколагі: Андрэй Мечыслававіч Калпак з СВК імя Гашеквіча, Ванда Валяр’янаўна Казакевіч з СВК “Варняны”, Ірына Вацлаваўна Бервячонак з саўгаса “Падольскі” і Вера Чаславаўна Лукша з СВК “Варняны”.





Былі названы на сходзе лепшыя спецыялісты сельскай гаспадаркі, якія таксама атрымалі прэміі з рук старшыні райвыкаканкама. Першы намеснік старшыні СВК “Міхалішкі” па раслінаводству Андрэй Іосіфавіч Ствол названы лепшым аграномам, Артур Мечыслававіч Юргелянец, намеснік старшыні СВК імя Гашкевіча па жывёлагадоўлі, – лепшым заатэхнікам, Галіна Іосіфаўна Бабіч з СВК “Гудагай” — лепшым ветурачом, Іван Віктаравіч Сцефановіч з СВК “Гервяты” перамог у намінацыі “лепшы інжынер”, Ядвіга Браніславаўна Чарнушэвіч з СВК “Гудагай”  прызнана лепшым эканамістам, а Галіна Антонаўна Валейка з СВК “Гервяты” – лепшым бухгалтарам.
Падзячнымі пісьмамі старшыні раённага выканаўчага камітэта былі адзначаны Аляксандр Часлававіч Вярбовіч, цяперашні старшыня СВК “Варняны”, намеснікі начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Казімір Іосіфавіч Шаўліс і Наталля Уладзіміраўна Волк-Леановіч, загадчык сектара раслінаводства Міхаіл Мечыслававіч Шлыковіч, галоўны дзяржаўны інспектар па закупках і якасці сельгаспрадукцыі Мікалай Мікалаевіч Верамейчык.





Асаблівыя словы падзякі гучалі ў гэты дзень для ветэранаў. Спецыяльна для ўдзелу ва ўрачыстым мерапрыемстве былі запрошаны былыя кіраўнікі гаспадарак, якія шмат гадоў аддалі працы ў сельскай гаспадарцы і стварылі той задзел, на якім сёння іх маладыя пераемнікі дасягаюць рэкордных вынікаў. Іосіф Валянцінавіч Руновіч, Яўгеній Якаўлевіч Кухарчык, Вячаслаў Іосіфавіч Адахоўскі, Мечыслаў Аляксандравіч Валуевіч – кожны з іх быў запрошаны на сцэну, для кожнага ў старшыні райвыканкама Адама Дзмітрыевіча Кавалькі знайшлося цёплае слова і кожнаму ён уручыў Падзячнае пісьмо з грашовым дадаткам. Такое ж пісьмо і грашовую прэмію перадалі Андрэю Андрэевічу Галагаеву, франтавіку, які пасля  вайны больш за дваццаць гадоў узначальваў калгас “Радзіма” – па стану здароўя сам ветэран не змог прыехаць на свята.
З віншаваннямі і падарункамі завіталі на свята і калегі-партнёры раённых аграрнікаў: кіраўніцтва Ашмянскіх мясакамбіната і  сыраробчага камбіната, ААТ “Смаргонскія малочныя прадукты” — дырэктар апошняга асабліва парадаваў працаўнікоў гаспадарак, падарыўшы кожнай ад 5 да 15 мільёнаў рублёў.
Не застаўся ў баку ад агульнараённага свята і савет кіраўнікоў раёна: члены прэзідыума на чале са сваім старшынёй Ірынай Эдуардаўнай Тальчук таксама прыйшлі на свята не з пустымі рукамі: усім кіраўнікам гаспадарак былі ўручаны падарункі ад іх калег – кіраўнікоў прамысловых і абслугоўваючых арганізацый.
Свой цудоўны падарунак зрабілі вяскоўцам і работнікі культуры, якія на працягу вечара дарылі ім свае цудоўныя песні.
А завяршаючым акордам свята – і яшчэ адным, агульным для ўсіх падарункам ад райвыканкама і ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання стаў канцэрт зоркі беларускай эстрады, удзельніцы “Еўрабачання” Паліны Смолавай.


Ніна АЛЯКСЕЕВА.