Работнікі сельскай гаспадаркі Астравеччыны атрымалі падзякі за працу

14:48 / 23.11.2010

Урачыстае ўшаноўванне лепшых працаўнікоў аграпрамысловага комплексу на Гродзеншчыне ўжо паспела стаць традыцыйным – шмат гадоў запар напярэдадні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці ў Гродзенскім абласным драмтэатры збіраліся разам лепшыя земляробы, жывёлаводы, перапрацоўшчыкі ўсіх раёнаў вобласці.  Традыцыю не парушылі і сёлета, вось толькі для таго, каб на свята зручней было дабірацца дэлегацыям аддаленых ад абласнога цэнтра  раёнаў, правесці яго было вырашана ў Лідзе – у раённым Палацы культуры.


Прадстаўнічую дэлегацыю Астравеччыны, у склад якой уваходзілі лепшыя працаўнікі сельскай гаспадаркі раёна, ўзначаліў старшыня райвыканкама Адам Дзмітрыевіч Кавалька.
Асноўным дакладчыкам у гэты дзень стаў старшыня абласнога выканаўчага камітэта Сямён Барысавіч Шапіра, які ў сваім выступленні падвёў вынікі сельскагаспадарчага года вобласці. Гродзеншчыне ёсць чым ганарыцца – нягледзячы на анамальнасць сёлетняга надвор’я, яе сельская гаспадарка выстаяла: вобласць не саступіла сваім суседкам лідэрства ў атрыманні ўраджайнасці асноўных сельскагаспадарчых культур і па-ранейшаму ўзначальвае рэспубліканскі табель аб рангах у гэтым накірунку. Словы ўдзячнасці за добрасумленную працу і адказнае стаўленне да сваіх абавязкаў С.Б. Шапіра выказаў і ў адрас старшыні Астравецкага райвыканкама А.Д. Кавалькі. Характарызуючы стан спраў, Сямён Барысавіч неаднаразова са станоўчага боку адзначаў поспехі Астравеччыны, а ў якасці  нагляднага прыкладу ўдалай работы маладых кіраўнікоў гаспадарак прывёў старшыню СВК “Гервяты” А. Янчэўскага.
Але не словам адзіным – перадавыя працаўнікі сельскай гаспадаркі Гродзеншчыны былі адзначаны Ганаровымі граматамі і грашовымі прэміямі. У прыватнасці, за ІІІ месца ў абласным спаборніцтве па корманарыхтоўцы ўзнагароду з рук губернатара  атрымаў старшыня СВК “Варняны”  А.Ч. Вярбовіч.
Далей слова бралі  першы намеснік губернатара І.А. Жук, генеральны дырэктар аблмясамалпрама Ю.В. Шулейка, кіраўнікі перапрацоўчых прадпрыемстваў вобласці, прадстаўнікі заводаў па вытворчасці сельскагаспадарчай тэхнікі і інш. Свае віншавальныя словы яны суправаджалі падарункамі і грашовымі прэміямі. Ад Гродзенскага камбіната хлебапрадуктаў за выдатныя паказчыкі ў вырошчванні гароху былі ўзнагароджаны дырэктар саўгаса “Падольскі” Г.Ф. Дэнюш і галоўны аграном гэтай гаспадаркі Р.Э. Лапата. Памятныя падарункі за выдатную працу атрымалі і жывёлавод Гервяцкага  комплексу па адкорму буйной рагатай жывёлы С.В. Кунігель і аператар па вырошчванню парасят СВК “Варняны” А.Т. Недалтоўская. Ушанаваны былі і ветэраны працы – ад Астравецкага раёна былі ўзнагароджаны Я.І. Новік, В.І. Адахоўскі, Т.М. Шкурская.
Асаблівы святочны настрой урачыстасці надавалі  ўкрапленні ў яго афіцыйную частку канцэртных нумароў. А пасля яе заканчэння перад лепшымі аграрнікамі вобласці выступіла вядомая беларуская спявачка Іна Афансьева.


Францішка КРАСКО.