Свята мудрых людзей

13:13 / 08.10.2018
Сталы ўзрост асацыіруецца  з мудрасцю. Менавіта свята мудрых людзей адзначылі ў мінулы аўторак у Тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ў дружнай кампаніі былых  супрацоўнікаў, а цяпер – пенсіянераў, сацыяльных работнікаў, наведвальнікаў аддзяленняў дзённага  знаходжання пажылых і маладых людзей з фізічнымі асаблівасцямі здароўя. 

IMG_20181002_114058.jpg

Званымі гасцямі на свяце былі ўдзельнікі агляду-конкурсу «Ве­тэранскае пад­вор’е». Праўда, прыехала толькі тры з  шасці сем’яў. Кожная сядзіба выступала ў сваёй намінацыі. Так, падвор’е сям’і Ушко з Астраўца вызначылася як «Дом з вялікай літары», Генрых Казіміравіч Захарэвіч з Трокенік – як «Майстар Самадзелкін»,  а ў гаспадыні з Варнянаў Тарэсы Станіславаўны Ляхо­віч быў найлепшы «Мамін палісаднік». Іх прадставіла пры­сутным загадчыца аддзялення сацыяльнай  адаптацыі і рэабілітацыі Яніна Вацлаваўна Панасюк, а дырэктар ТЦСАН Віктар Іосіфавіч Ждановіч сардэчна павіншаваў са святам і ўручыў намінантам дыпломы і падарункі. Але зала  пажадала атрымаць яшчэ і музычнае віншаванне і папрасіла ў дырэктара песню. 

Потым слова папрасіла загадчыца аддзялення дзённага  знаходжання пажылых людзей і маладых інвалідаў Аксана Генрыхаўна Свірская, адзначыўшы ўзнагародамі і сувенірамі самых актыўных  сваіх памочнікаў.

IMG_20181002_113432.jpg

Гэта была афіцыйная частка ўрачыстасці. Пасля яе загуло, завіхурыла само свята. Нязменная вядучая падобных імпрэз Данута Францаўна Чарнушэвіч хутка  змагла «завесці» залу,  і ўсе дружна падпявалі вакальнай групе «Аксаміткі» і яе музычнаму кіраўніку і салісту Васілю Антонавічу Карпяцу, самадзейнаму кам­пазітару і выканаўцу Аляксанд­ру Аркадзьевічу Якіменку, юнай салістцы Алёне Рэкець,  прытуптвалі ў такт танцавальнаму калектыву «Чаромушкі». А потым, падзяліўшыся на дзве каманды,  выконвалі песні сваёй маладосці. Колькі любімых мелодый выцягнулі з куточкаў памяці!

IMG_20181002_140759.jpg

Танцоры «Чаромушак» са сваім кіраўніком Тамарай Іва­наўнай Батурай запрасілі ў «Школу забытага танца» ўсіх жадаючых. «Падэспань», «Кракавяк», «Выйду я на рэчаньку»… Якія прыгожыя гэтыя танцы – і, аказваецца, зусім не забытыя!

IMG_20181002_131542.jpg

Вядома ж, успомнілі гульні з даўнейшых вячорак: «фанцікі», загадкі-адгадкі. Рас­казвалі цікавыя жыццёвыя гісторыі, чыталі вершы і зноў спявалі… Ніхто не сумаваў. Па зале плыў чароўны водар гарбаты з траў і хатняй выпечкі. А хлопчыкі і дзяўчаткі з аддзялення  дзённага знаходжання маладых інвалідаў уручылі ўсім гасцям падарункі, зробленыя ўласнымі рукамі. 

Час прайшоў незаўважна, усе развітваліся ў спадзеве на новыя сустрэчы.

IMG_20181002_131247_1 (1).jpg


Текст:
Фото: Аксана Свірская