Як Апэшка ў Гудагайскай школе паабедала

10:37 / 08.10.2018
Прывітанне, сябры і сяброўкі! Як вашы справы? Чым займаецеся? Нічым?! А мне на ўсё, што хачу зрабіць, не хапае часу. Цяпер і школа, і гурткі ў цэнтры творчасці, і пагуляць вечарам на пляцоўцы хочацца,  і за журналістамі паназіраць… А яшчэ ў інтэрнэце пасядзець – хоць гэта мае бацькі не вельмі ўхваляюць. Але нядаўна гляджу – камп’ютар уключаны стаіць, а ля яго – нікога…  Я хуценька падсела – і ў сацыяльныя сеткі.

АПэшка радость.jpg

Пагартала «Інстаграм», «Фэйс­бук», «Аднакласнікі», «УКан­­такце»… Найперш, вядома, групы «Астравецкай праў­ды» пра­­вяраю: пра што людзі пі­шуць, якія каментарыі да здым­ка «Што б гэта значыла?» у «Адна­класні­ках» пакі­даюць – з некаторых ад душы насмяешся. Ну і, вядома ж, пра што «Тыповы Астравец» піша, паглядзець цікава.  
Зайшла – а там… Нейкі ананім   скардзіўся, што ў Гудагайскай школе дрэнна кормяць – і фотаздымак абеду змясціў:  на жалезнай талерцы –  морква тушаная і каўбаса вараная. Паглядзела –  падумала: а ці ела б я гэта? Нават і не ведаю – не спрабавала. Увогуле я свежую моркву больш люблю. Але наш бухгалтар Наталля Уладзіміраўна казала, што нават у  санаторыі тушаную моркву падаюць, бо яна карысная і на вітаміны багатая. 

carrots_021.jpg

Вырашыла я сама ў Гудагайскую школу завітаць і пакаштаваць, чым там дзяцей кормяць. І ў адзін дзень, калі мама Генрыхаўна сабралася ў Гудагай ехаць, я з ёй напрасілася.

Ну, для мамы Генрыхаўны Гудагайская школа – лепшая ў свеце, бо яна там вучылася  і нават працавала нейкі час,  і сын яе Дзімка гэтую школу заканчваў. Таму, вядома, для яе там усё самае цудоўнае: і дзеці, і настаўнікі, і абеды ў сталоўцы. І хоць я маме Генрыхаўне веру, але ж лепш адзін раз пакаштаваць, чым сто – пачуць, праўда?

…Вахцёр сустрэў мяне з усмешкай – пазнаў, сказаў, што любіць чытаць мае заўважынкі. А калі даведаўся, чаго я прыйшла, накіраваў да нейкай цёці: якая ў школе пасля дырэктара –  галоўная!  І яна адвяла мяне ў сталоўку.

Як жа там прыгожа! Плітка новая і мэбля! І пахне смачна! А повар – усмешлівая, доб­рая цёця Крысціна. Яна даўно працуе ў школьнай сталоўцы і цудоўна ведае, што дзеці любяць есці, а што ім не вельмі падабаецца. Але абеды рыхтуе ў адпаведнасці з прыкладным меню, распрацаваным спецыялістамі аддзела адукацыі і зацверджаным цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі. Так што аніякіх моркваў па-карэйску: сказалі «тушаная» – значыць, тушаная! Для страўніка так нашмат больш карысна – толькі хто ж пра страўнік думае, пакуль ён не забаліць?

Калі верыць меню, у той дзень на абед было пюрэ з бульбы, каўбаса вараная, салата са свежай капусты, вафля, хлеб, батон  і  кампот з сухафруктаў. 

IMG_9933 В ПЕЧАТЬ.jpg

Цёця Крысціна дазволіла ўсё гэта пакаштаваць і расказала, што па папярэднім заказе тут харчуюцца і настаўнікі, а напрыканцы месяца  аплочваюць абеды. Гэтак жа могуць зрабіць і бацькі, калі хочуць праверыць якасць абеду свайго дзіцяці. Повар мне расказала, што за адзін перапынак тут амаль сотню дзяцей кормяць, а ўсяго 240 вучняў. Гэта ж колькі нарыхтаваць трэба, а потым яшчэ і посуд вымыць! Бедная цёця Крысціна, як ёй цяжка… І, напэўна, крыўдна, калі дзеці не ядуць тое, што яна прыгатавала. Каб яе не крыўдзіць, з’ела я ўсё да апошняй крошачкі і кампотам запіла. 
А падчас абеду і са школьнікамі пазнаёміцца паспела, распытацца, ці падабаюцца ім школьныя абеды? 

IMG_9953.jpg

Васьмікласніца Віка расказала, што вельмі падабаюцца, і яна, як і я, з’ядае ўсё. А пяцікласнік Аляксей прызнаўся, што ён рыбу не любіць – вось дзівак, я магу хоць кожны дзень яе есці. Максім – забылася, з якога ён класа,  – той увогуле два разы на дзень тут харчуецца, казаў, што і моркву тушаную еў – і не скардзіўся. Хаця большасць дзяцей яе нават і не пакаштавала, і ніякімі размовамі пра яе карысць іх не пераканалі з’есці той абед.
Дарэчы, калі мы абедалі, школьнікі падчысцілі талеркі з каўбасой і пюрэшкай, а вось салату многія не елі, хоць была яна вельмі смачная. 

IMG_9942.jpg 

А пра посуд цёця, якая мяне ў сталоўку прывяла, расказала, што ў Гудагайскай школе талеркі для супу і для салаты  фарфоравыя. Магчыма, неўзабаве і пюрэшку з катлетамі ці каўбасой стануць падаваць  у прыгожых, а не ў жалезных талерках. 

IMG_9936 В ПЕЧАТЬ.jpg

Не ведаю, ці стануць ад таго морква і каўбаса смачнейшымі і ці будуць іх з’ядаць дзеці, якія любяць чыпсы і колу? Да таго ж прыгожыя талеркі так прыгожа б’юцца: р-раз – і сотні дробных вострых кавалачкаў на падлозе! І зноў жа цікава: калі гэтая талерка раптам выслізне ў мяне з рук – хто будзе купляць новую: мае бацькі-журналісты, цёця Крысціна ці тая цёця, што самая галоўная пасля дырэктара? 

Ой, наелася – а на сыты страў­нік неяк не думаецца! Ды і мама Генрыхаўна падганяе, кажа, што газету адпраўляць трэба… Падумаю пра гэта заўтра! Можа, разам з вамі? Падкажыце, што думаеце пра гэта – вы ж часта меркаванні свае пакідаеце на сайце і ў сацыяльных сетках… 


 Ваша АПэшка.


Текст: Главный администратор