Японскі сад Ганны Сінкевіч
08:08 / 04.10.2018
Аднойчы ў раённай бібліятэцы пашчасціла ўбачыць нешта ўвогуле незвычайнае – сад у японскім стылі бансай: маленькія дрэўцы ў вазонах: квітнеючая сакура, раскідзісты дуб, клён напачатку восені… Зводдаль яны здаваліся жывымі, іх хацелася пакратаць, панюхаць кветачкі. І толькі зблізку зразумела, што гэта штучнае хараство. Выканана яно з бісеру Ганнай Францаўнай Сінкевіч.
Тое, што Ганна Францаўна праявілася як мастачка, шчыра парадавала. Мы даўно знаёмыя з гэтай працавітай, творчай жанчынай. У свой час яна займалася перацяжкай мяккай мэблі і выконвала гэтую працаёмкую справу прафесіянальна, акуратна і з густам. Калі выйшла на пенсію, пераключылася на вязанне адзення, у асноўным для сваёй сям’і: дагэтуль захавалася ажурная сукеначка з лёну, некалі – абнова для дачушкі, зараз – ужо рэліквія. У вазе красуецца букет кветак з рознакаляровых нітак.
А ўвогуле ў доме Ганны Францаўны можна прасачыць усе этапы яе творчага пошуку: акрамя вязання – розныя віды вышывак: мулінэ, бісерам, стужкамі…
Бісерапляценне – нятанная справа: наборы бісеру каштуюць дорага, патрэбна іх шмат і розных колераў. А яшчэ – танюткі медны дрот, і магазіннымі скупымі пучкамі ніяк не абысціся. Таму знаёмыя часам аддаюць адходы з аджыўшых свой век электраматораў. Для бансай неабходны яшчэ і гіпс, і больш тоўсты дрот, і фарба. А творы свае Ганна Францаўна найчасцей дорыць, нават калі выконвае на заказ.
На рабочым стале майстрыхі – пялёсткі пунсовай ружы з бісеру. Самы пачатак будучага мастацкага твора. На фота ў часопісе ён выглядае вельмі прыгожа. А ўвасоблены ўмелымі рукамі мастачкі – атрымаецца проста шыкоўным. Можна не сумнявацца!
Я многае спрабавала, пакуль зразумела: бісерапляценне – гэта маё, – адкрывае свет сваіх захапленняў Ганна Францаўна Сінкевіч. – Тут шмат нязведанага, неапрабаванага. Каб дасягнуць вяршынь майстэрства, трэба вучыцца. Запісалася ў кніжны інтэрнэт-клуб, заказваю розныя дапаможнікі, каталогі, бяру адтуль узоры вырабаў і потым, у асноўным зімой, карпею над навінкамі. Тыдзень, два, цэлы месяц… Карпатлівая праца.