Як АПэшка талент шукала

12:30 / 29.09.2018
7
Прывітанне, сябры! Нарэшце ў мяне з’явіўся час расказаць вам, дзе я была і што бачыла.
 
Доўга не гаманіла з вамі – мае бацькі раптам вырашылі, што я ўжо вялікая: раз чытаць, лічыць і думаць умею, то трэба мяне аддаваць у школу. Ну вось у гэтай мітусні і прабеглі мае канец жніўня і пачатак верасня. 

Увесь верасень я не магла вызначыцца, чым заняцца ў вольны ад школы час – столькі прапаноў было! Настаўнікі запрашалі наведваць факультатывы, спартыўныя секцыі, школьныя гурткі. Трэнеры са спартыўнай школы да сябе клікалі, расказвалі пра нашых чэмпіёнаў і пераконвалі, што спортам займацца карысна і модна. Школа мастацтваў вабіла перспектывай навучыцца іграць на музычных інструментах, прыгожа танцаваць і маляваць. Словам, я ледзь галаву не зламала, выбіраючы, куды мне больш хочацца. 

АПэшка радость.jpg


Тады ўспомніла відэаролік цэнт­ра творчасці дзяцей і моладзі, які бачыла «УКантакце». Зачапілі мяне словы: «Калі ты любіш маляваць, майстраваць, канструяваць, фатаграфаваць, спяваць, танцаваць, гуляць у шашкі ці футбол і хочаш удасканаліць свае ўменні, калі ў цябе актыўная жыццёвая пазіцыя і ты хочаш прыносіць карысць іншым і навакольнаму свету, калі ты маеш жаданне навучыцца нечаму новаму, – тады табе да нас».  Дык гэта ж усё тое, што я люблю і хачу! 

Вырашыла зазірнуць у цэнтр творчасці – тым больш, туды ходзяць шмат маіх сябровак. Зайшла – і ахнула: столькі дыпломаў і грамат вісіць на сцяне за абласныя, рэспубліканскія і нават міжнародныя конкурсы! А колькі там фотаздымкаў з розных святаў і выступленняў, а на іх – мае сяброўкі, аднакласніцы, суседкі. Мне так зайздросна стала!  Стаю, разгубіўшыся, перамінаюся з нагі на нагу, цераблю сукеначку: як жа мне трапіць менавіта ў той гурток, у якім мой талент не толькі знойдуць, але і раскрыюць? Кажуць, што ўсе дзеці адораныя ад прыроды – а паспрабуй адшукай той схаваны талент!  

робототехніка.jpg

І тут да мяне падышла нейкая цёця – пазней я зразумела, што яна тут самая галоўная, – і спыталася, ці патрэбна мне дапамога. 
Даведаўшыся, што мяне турбуе, Святлана Казіміраўна – так завуць тую цёцю – стала распытваць, чым я люблю займацца, чаму хачу навучыцца. А потым завяла ў вучэбныя класы, расказала, што, апроч гурткоў, для дзяцей, якія тут займаюцца, ладзяцца дыскатэкі, розныя экскурсіі, што яны ўдзельнічаюць ва ўсіх святах і канцэртах, гуляюць у квест-гульні, ездзяць на конкурсы ў Гродна і Мінск і нават дапамагаюць сваім настаўнікам майстар-класы праводзіць… І я захацела запісацца адразу ўсюды! 
Але Святлана Казіміраўна ўс­міх­нулася і прапанавала ўсё па­спра­баваць, – а потым вызначыцца, дзе больш падабаецца, – і запі­сацца. Класна! Вось бы і ў школе дазвалялі выбіраць урокі!.. 

настаўнікі на творчай алеі.jpg

Мне спадабалася ўсё: плесці з саломы, бісеру і нітак, ляпіць з салёнага цеста розныя фігуркі, маляваць на паперы і распісваць шкло, дрэва і тканіну, спяваць, танцаваць, рабіць робатаў, займацца фітнесам, рабіць добрыя справы з валацёрамі і гуляць у інтэлектуальныя гульні, – нават на авіямадэліраванне вока кінула! Але хутка зразумела, што, хоць я спрытная і таленавітая дзяўчынка, але ўсюды не паспею – не разарвацца жа мне? Таму запісалася ўсяго ў пяць гурткоў:  на фітнес, выраб сувеніраў, танцавальны гурток non-stop, вітраж і ў вакальную студыю. 

реклама кружков.jpg

Мне там так падабаецца, так падабаецца, што перадаць словамі не магу і не магу дачакацца наступных заняткаў! 
Праўда, бацькі-журналісты бурчэ­лі, што я буду стамляцца, бо і ўрокі ж трэба вучыць, і не абы як, але я цвёрда стаяла на сваім – і так гэта далёка не ўсё, дзе я б хацела пашукаць свае таленты – тым больш, на некаторыя заняткі буду хадзіць у суботу. 

центр1.jpg

Так што тым, у каго яшчэ застаўся вольны час паміж школай і сном, раю: ідзіце ў цэнтр творчасці дзяцей і моладзі – там зной­дзеце сабе занятак па душы, можа, і не адзін!
Ай, забылася сказаць: колькі б вы гурткоў у цэнтры творчасці  ні наведвалі, плаціць за гэта вашым бацькам не прыйдзецца і запісацца туды можна ў любы час – там настаўнікі добрыя, не адмовяць.

Ваша таленавітая АПэшка.


Текст: Главный администратор