Ці даўно астраўчане сябруюць з “раёнкай”
08:57 / 24.09.2018
Іван Фёдаравіч Цярэшка, пенсіянер:
– Не хопіць пальцаў на абедзвюх руках, каб палічыць гады майго сяброўства з «Астравецкай праўдай»! У Астраўцы жыву каля 40 гадоў – столькі ж чытаю газету. Як успомню, якая яна была, дык не магу паверыць: тэксты друкаваліся вялікім шрыфтам, радкі часам расплываліся, а на фотаздымках нельга было пазнаць людзей. Не тое што цяпер! Каляровая, прыгожая, а раз на месяц дык і ўвогуле «таўстушка». Першай свежую газету чытае жонка, потым – я. Любімая рубрыка – «Лёсы людскія», праекты – «Залаты ўзрост», «Радзімка мая». Не падабаецца толькі, што ажно два лісты займае праграма тэлебачання – але і яна, напэўна, камусьці патрэбна.
Аляксандра Казюлевіч, вучаніца СШ №1 г. Астраўца:
– Напэўна, ніхто так, як мая бабуля Люда, не сябруе з «Астравецкай праўдай». Часта прыязджаю да яе ў госці ў Гудагай. Разам з бабуляй у суботу мы вымаем пошту са скрынкі – і чытаем газету. А бацькі чытаюць навіны ў інтэрнэце.
Улад Ляховіч, вучань Варнянскіх ясляў-сада – сярэдняй школы:
– Дзякуючы знаёмству з галоўным рэдактарам «Астравецкай праўды» Нінай Аляксееўнай Рыбік маё жыццё змянілася да лепшага, а галоўнае – збылася мая мара: я пакатаўся на матацыкле і больш таго – пасябраваў з астравецкімі байкерамі. Газету выпісваюць бацькі, а я чытаю навіны ў суполцы «Астравецкай праўды» ў сацыяльнай сетцы «УКантакце».
Ганна Міхайлаўна Кяжун, пенсіянерка:
– Канешне, сябрую! Ужо каля 30 гадоў. Люблю чытаць пра людзей, падабаюцца апавяданні Ніны Рыбік, не абмінаю і рэкламу. Газета добрая. Адзінае, што засмучае, – дорага каштуе.
Таццяна Здзіславаўна Андралойць, прыбіральшчыца:
– Колькі памятаю сябе, столькі і чытаю «раёнку». Бацькі жылі ў Жукойнях-Жалядскіх і заўсёды выпісвалі газету. Я таксама, калі выйшла замуж і пераехала ў Астравец, не адмовілася ад гэтай традыцыі. Мая дачка Алена працуе аператарам на вузле паштовай сувязі, таму без перабольшвання магу сказаць, што «Астравецкая праўда» – наша сямейная газета.
P.S. Паспяшайцеся! Аформіць падпіску на “Астравецкую праўду” яшчэ можна ў любым паштовым аддзяленні ці ў паштальёна да 25 верасня. Будзем сябраваць і надалей!