Ангеліна Тамашэвіч – пераможца конкурсу Беларускага фонда міру

09:51 / 21.09.2018

Верш Ангеліны Тамашэвіч з Варнянскага НПК “Шчасце у згодзе нам жыць” стаў адным з пераможцаў рэспубліканскага конкурсу і ўвайшоў кнігу “Дзеці за мір”.

Прэзентацыя кнігі прайшла у Мінску ў Дзень міру, які сёлета адзначаўся 18 верасня. Астравеччыну на свяце міру прадстаўлялі старшыня раённага аддзялення Беларускага фонда міра Альдона Станіславаўна Сухадольская, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Варнянскага НПК Валянціна Андрэеўна Боўша і дзесяцікласніца гэтай школы Ангеліна Тамашэвіч.

5.jpg

Пасля перамогі на раённым этапе верш варнянскай школьніцы Ангеліны Тамашэвіч трапіў на разгляд абласнога журы: з больш чым 400 работ былі выбраны 60 лепшых, якія прадоўжылі барацьбу ў рэспубліканскім фінале.

А 18 верасня таленавітых школьнікаў з усёй Беларусі і іх педагогаў   запрасілі ў Нацыянальную бібліятэку – тут прайшла цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў рэспубліканскага конкурсу, аб’яўленага Беларускім фондам міра, і прэзентацыя кнігі іх вершаў.

3.jpg

– Уражанні найлепшыя, – расказала Ангеліна Тамашэвіч. – Было вельмі цікава сустрэцца са знакамітымі беларускімі паэтамі і выканальнікамі песень, пагутарыць са сваімі аднагодкамі, якія таксама прайшлі ў фінал конкурсу, пазнаёміцца з кніжнай скарбніцай нашай краіны – Нацыянальнай бібліятэкай.

У гэты дзень Ангеліну чакала яшчэ некалькі прыемных сюрпрызаў. Акрамя таго, што яе верш “Шчасце ў згодзе нам жыць” увайшоў у зборнік “Дзеці за мір”, яна была ўзнагароджана Дыпломам ІІ ступені за ўдзел у рэспубліканскім конкурсе і мноствам падарункаў.

– Мне пашанцавала стаць ўдзельніцай гэтага цікавага мерапрыемства, і я шчыра ўдзячна майму кіраўніку – настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Варнянскага НПК Валянціне Андрэеўне Боўша і старшыні раённага аддзялення Беларускага фонда міра Альдоне Станіславаўне Сухадольскай за прапанову паўдзельнічаць у конкурсе “Шчасце жыць у мірнай краіне”, – сказала Ангеліна Тамашэвіч.


Текст:
Фото: фота з архіва Варнянскага НПК