К 165-летию пожарной службы: Огненная трагедия деревни Тумки

11:19 / 13.09.2018
8744

Ёсць на карце Астравецкага раёна вёска, па якой аднойчы прайшоў вялікі пажар і амаль знішчыў яе – не закранутымі засталося ўсяго некалькі хат.

1.jpg

Пра тое, што вясной 1968 года вёска Тумкі згарэла амаль цалкам, расказаў старшы памочнік начальніка штаба ліквідацыі надзвычайных сітуацый Астравецкага РАНС Вадзім Келін. Але вёска жывая – і ў ёй ёсць людзі, якія памятаюць пра той пажар. Не адкладваючы справу на потым, выпраўляемся туды разам з выратавальнікамі.

Маленькая, з вуліцай усяго ў некалькі хат, вёска размясцілася ў 35 кіламетрах ад Астраўца на бе­разе возера Тумское. Цішыню парушаюць гук пілы і брэх сабакі. Жылыя тут толькі тры хаты, яшчэ ў некалькі прыязджаюць дачнікі.

На ўскрайку вёскі стаіць аку­рат­ны домік  Бярнарда і Гелены Ва­сілеўскіх. Яны добра памятаюць той страшны пажар. Гаспадара дома не было – ён не здраджвае даўняй звычцы ў вольны час парыбачыць на мясцовым возеры. А вось гаспадыня  адклала ўсе справы ў агародзе і падзялілася з намі ўспамінамі.

 2.jpg

Як нейкі цуд

– Я з Падольцаў, а ў Тумках жыву з 75-га года, як замуж пайшла. Я не бачыла таго пажару, але ведаю пра яго. Тады і з Падольцаў пажар было бачна. Гарэла, як нейкі цуд: некалькі хат гарыць, а другую агонь абыходзіць – і далей так.

Пажар пачаўся з боку возера. Хлопчык лісце апалае падпаліў – і раптам вецер моцны пад­няўся, вось і пайшоў агонь па вёсцы…

Мой Бярнард хлопцам тады яшчэ быў, трактарыстам рабіў у калгасе – у той дзень працаваў каля Глінішчаў, пад Падольцамі. Расказваў, што ўбачыў, як едуць на матацыклах – з Падольцаў  было відаць дым. Ён яшчэ не ведаў, што здарылася, але таксама кінуўся ў той бок. Калі прыехаў,  ужо позна было нешта рабіць.

У вёсцы на той час было 32 двары – амаль усе згарэлі. Людзі хто ў Ласі, хто ў Міхалішкі  паехалі, хто да суседзяў ці да радні пайшоў. Бацькі майго мужа таксама засталіся без хаты, але яны не з’ехалі адсюль – свякроўка не захацела, сказала: «Дзе бацькі пахаваныя, там і  я буду дажываць свой век». Засталіся – і сталі будавацца на тым жа месцы. Мы і цяпер у гэтай хаце жывём.

А вось насупраць нас хата стаіць – гэта новая пабудавана, але тая, што стаяла на яе месцы, пажарам не была пашкоджана. Вось такі цуд: хто згарэў – а каго абмінула…

З тых часоў на маёй памяці ў Тумках пажараў не было.

 

Хлопчык «дапамог»

У той трагічны нядзельны вясновы дзень у вёсцы амаль не было людзей: хто ў касцёле, хто ў Астраўцы. Напярэдадні гаспадары прыбіраліся на сваіх пана­дворках і палілі старое лісце.

Дарослы занятак зацікавіў вясковага хлопчыка. І калі бацькі паехалі ў Астравец, ён таксама вырашыў зрабіць добрую справу – спаліць сухое лісце. Неспадзявана ўзняўся вецер – і панёс агонь па вёсцы. Хаты стаялі блізка адна да адной і пачалі гарэць, як папяровыя…

Тумкоўцы разумелі, што хлопчык зрабіў гэта неспецыяльна – ніхто не вінаваціў ні дзіця, ні яго бацькоў, але сям’я не змагла жыць тут – і з’ехала.

Гэты пажар 50-гадовай даўнасці – яркая ілюстрацыя небяспечных дзіцячых забаў з агнём, якія могуць скончыцца трагічна.

 

Цікавы факт

Выратавальнік Станіслаў Тум­ке­віч абавязаны сваім проз­віш­чам вёсцы Тумкі.

У адной з хат, якія не закрануў пажар, жылі яго дзядуля і бабуля. Яны пераехалі ў Астравец, а за імі замацавалася прозвішча Тумкевіч.  Гэтую сямейную гісто­рыю Тум­кевічы добра памятаюць.

– На жаль, свайго дзядулю я не бачыў, – падзяліўся Стас. – Але з баць­­кам ездзіў у вёску, і ён рас­каз­ваў мне пра той страшны пажар. У нашым сямейным альбоме ганаровае месца займаюць фота­здымкі дзя­дулі Вітольда і бабулі Ядвігі.

 3.jpg

Текст: Светлана Фёдорова
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений