Пра першыя фінансы раскажуць спецыялісты Белаграпрамбанка
У пяты раз па ўсёй краіне пройдзе рэспубліканская акцыя па павышэнні фінансавай граматнасці “Твае першыя фінансы”.
Акцыя стартавала 1 верасня. На працягу трох месяцаў – у гэты перыяд Белаграпрамбанк будзе ажыццяўляць свой праект – далучыцца да яе змогуць каля 103 тысяч пяцікласнікаў па ўсёй краіне.
У рамках урокаў фінансавай граматнасці хлопчыкаў і дзяўчынак чакаюць віктарыны, гульні і конкурсы. Не абыдуцца такія сустрэчы без сюрпрызаў. А кульмінацыяй гэтых незвычайных урокаў стане ўручэнне маляўнічых зборнікаў тэматычных апавяданняў на беларускай мове «Твае першыя фінансы».
Брашура штогод удасканальваецца і дапаўняецца. У гэтым годзе да фінансавых казак, гісторый аб узнікненні грошай, укладах, крэдытах, парад па правільным выкарыстанні зберажэнняў, расповедаў пра важнасць і неабходнасці банкаў дадалі цэлы раздзел займальных галаваломак і рэбусаў з каляровымі ілюстрацыямі, табліцамі і малюнкамі. З іх дапамогай дзеці змогуць праверыць атрыманыя веды ў сферы фінансаў.
Даведка
Праект “Твае першыя фінансы” вядзе свой адлік з верасня 2014 года. Тады зборнік дзіцячых казак атрымалі каля 25 тысяч пяцікласнікаў сельскіх і некаторых гарадскіх школ. У 2015 кнігі былі ўручаны ўжо 88 тысячам пяцікласнікаў, у 2016-2017гг. удзельнікамі акцыі сталі каля 100 тысяч чалавек. З улікам сёлетняй акцыі кнігі па фінансавай граматнасці атрымаюць каля 350 тысяч школьнікаў.