Музей-усадьба М.-К. Огинского приглашает на выставку картин Олега Дробышевского

15:21 / 05.09.2018

ДГКУ “Музей-сядзіба М.К. Агінскага”

Персанальная выстава вядомага беларускага мастака-жывапісца Алега  Драбышэўскага “Водар Радзімы”, прысвечаная Году малой радзімы ў Беларусі.

выстава.jpg

Творчая дзейнасць Алега Драбышэўскага шырока вядома, яго карціны экспануюцца ў Беларусі і за мяжой, знаходзяцца ў музеях, галерэях, прыватных калекцыях шматлікіх краін свету, матэрыялы пра мастака змешчаны ў многіх выданнях, у тым ліку і ў кнізе “Памяць”, энцыклапедыі “Рэспубліка Беларусь”.

Жыве і працуе ў Мінску.

Вучыўся ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце (выкл. А. Анікейчык,  М. Данцыг, В. Александровіч), закончыў БДУ. Прафесію мастака, кіраўніка выяўленчай студыі атрымаў у Мінскім педінстытуце, прайшоў курс навучання ў пецярбургскіх мастацтвацаў. Выкладаў выяўленчае мастацтва, сусветную мастацкую культуру, працаваў мастаком у выдавецтве “Тэхнапрынт”, вядучым мастацкім рэдактарам, загадчыкам мастацкай рэдакцыі ў выдавецтве “Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі”.

А. Драбышэўскі – удзельнік Рэспубліканскіх выстаў, фіналіст, прызёр Міжнародных конкурсаў мастакоў, пераможца Міжнароднага конкурса “Вернісаж 2017”.

Народны пісьменнік Беларусі І. Шамякін адзначыў асаблівасць пейзажаў жывапісца – абагулены вобраз радзімы.

“Творчасць Алега Драбышэўскага прасякнута аптымізмам, святлом, сонечнасцю, празрыстасцю, цеплынёй. І колеры ў яго нясуць дабро і супакаенне, што вельмі важна ў наш крызісна-дыскамфортны час. І колеры-фарбы мастак пераважна бярэ з канкрэтных мясцін – сваёй Малой радзімы Астравеччыны, агульнай для нас абодвух. І таму гэта – увасабленне патрыятычных пачуццяў”, – выявіў знакаміты беларускі вучоны, даследчык А. Мальдзіс.

Любоў да роднага куточка, беларускай зямлі знайшла сваё адлюстраванне на палотнах  “Родны кут. Гудагай. Табарышкі”, “Астравец. Лоша”, “Чубэйка 50-х”, “Завадзь”, “Сонечнасть Траецкага…”, “Паўночныя Афіны Агінскага”, “Над Нёманам…”, “Водар радзімы…”, і іншых.

Спецыялісты, аматары жывапісу характарызуюць творчасць жывапісца як “прасветла-чыстае мастацтва”, якое перадае нам часцінку дабрыні, святла і любові, якіх так не хапае ў паўсядзённым жыцці. Менавіта гэтыя духоўныя каштоўнасці нам дорыць упершыню прадстаўленая на выставе ў Доме Урада карціна “Будслаўская святыня”, якую ў 2004 годзе благаславіў у сваёй рэзідэнцыі кардынал К. Свёнтэк.

“Узровень мастацкасці ўражвае”, – адзнака прафесара, галоўнага рэдактара часопіса “Мастацтва”  В. Салеева.  Мастацтвазнаўца  Г. Багданава падкрэсліла: “Ён піша не проста карціны – ён піша паэзію сваёй зямлі”.

Паэты Т. Трафімава, З. Падліпская, В. Мілаш, А. Рудзь, А. Гаравенка і іншыя прысвяцілі мастаку свае творы.

“Праспяваю я карціну, нібы верш, ціха ўпотай памалюся толькі перш… бо карціны, як іконкі, – не грашу, асвятляюць, нібы зоркі, боль-душу,”– такія радкі напісала Т. Трафімава пад час выставы жывапісца ў Маладзечне. Уражанне ад твораў мастака на выставе ў Цэнтры Скарыны галоўны рэдактар часопіса “Роднае слова” З. Падліпская перадала словамі “…Каля кожнай, як жыццё, карціны наталюся водарам радзімы”. Водар – якраз тое, што ўспрымаецца  непасрэдна душою.

Творам А. Драбышэўскага ўласцівы прафесійная кампазіцыйная завершанасць, мастацкае абагульненне, дасканалая перадача колеравай гамы, арыгінальнасць стылю – “аксамітнасць”, экспрэсія, імпрэсія, рамантычны настрой…

На выставе прадстаўлены некалькі новых карцін, спецыяльна напісаных да Года малой радзімы. Кожны наведвальнік зможа выказаць свае меркаванні і прапановы па назве гэтых твораў.

 

                                                                                               ДГКУ “Музей-сядзіба М. К. Агінскага”

Текст: Главный администратор