Перабояў з вадой у Палушах цяпер не будзе

08:41 / 08.11.2010

Хоць і называюць камунальную службу службай добрага настрою, усё ж падзякі ў іх адрас даводзіцца чуць рэдка, скаргі — куды часцей. Зразумець гэта ў пэўнай ступені можна: клопатаў шмат, усе яны спецыфічныя і працаёмкія, а ад таго, ці цёплыя батарэі, ці цячэ вада з крана і ці спраўная каналізацыя, напрамую залежыць якасць жыцця людзей. І ледзь што не так – у камунальшчыкаў ляцяць папрокі і абвінавачванні…


Таму, прызнаюся, я была нямала здзіўлена, калі жыхарка вуліцы Маладзёжнай вёскі Палушы Валянціна Аркадзьеўна Васількава прыйшла ў рэдакцыю, каб выказаць работнікам камунальнай службы падзяку. Жанчына расказала, што ў дамах на іх вуліцы вада заўсёды падавалася з перабоямі. Патрэбны промышленный осмос. Свідравіна і водаправод належалі мясцоваму СВК “Гудагай”, і скардзіцца было марнай справай. Таму вырашылі звярнуцца да спецыялістаў – у РУП ЖКГ.


— Звярнуліся – і падрыхтаваліся чакаць тыдні ці нават месяцы. І ўявіце сабе наша здзіўленне, калі назаўтра ж да нас прыехалі работнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі – яшчэ да таго, як мы атрымалі афіцыйны адказ дырэктара РУП ЖКГ. У ім А.Б. Стурліс паведамляў, што ніводзін з аб’ектаў водазабеспячэння вёскі Палушы пакуль не перададзены на баланс РУП ЖКГ, але з-за складанай сітуацыі з перабоямі ў падачы вады ў вёсцы было прынята рашэнне не чакаць афармлення прыёмна-здатачнай дакументацыі, а пачынаць ухіленне непаладак сістэмы. Справа ўскладнялася яшчэ і тым, што няма ніякай інфармацыі і дакументацыі па водаправодных сетках вёскі, якія да таго ж былі пракладзены і зманціраваны насуперак усім нормам і правілам. Але тым не менш работнікі ўзяліся за справу. Яны замянілі запорную арматуру, трубаправод, раскапалі — амаль што ўсляпую — участак водаправода і замянілі самаробныя ўстаўкі, якія перашкаджалі функцыянаванню водаправода. Працавалі камунальшчыкі ў вёсцы амаль што два тыдні. Але вынік відавочны: цяпер перабояў з вадой у жыхароў вуліцы Маладзёжнай няма.


Што ж, застаецца толькі парадавацца за палушанцаў. І ўсцешыцца, што ёсць у нас арганізацыі і кіраўнікі, якія шукаюць не прычыны і адгаворкі, каб не рабіць справу, а сродкі, каб вырашыць злабадзённую праблему людзей.


Ніна АЛЯКСЕЕВА.