Валерый Мальдзіс: “Нават цвік трэба забіваць правільна”

11:18 / 02.09.2018

Усё ў сваім жыцці слесар па рамонту вонкавых газаправодаў Астравецкага раёна газазабеспячэння Валерый Яўгенавіч Мальдзіс прывык рабіць адказна і дабротна, што і стала адным з паказальнікаў, па якіх яго здымак быў занесены на раённую Дошку гонару.

IMG_4793.jpg

КАРОТКАЯ ДАВЕДКА

Нарадзіўся ў в.Задворнікі Астравецкага раёна.

У 1974 годзе з бацькамі пераехаў у Астравец.

Пасля заканчэння школы паступіў у Маладзечненскае вучылішча №78 на токара.

Служыў у Падмаскоўі ў войсках супрацьпаветранай абароны.

Жыве ў Астраўцы. Жанаты. Гадуе траіх дзяцей.

Мары і будні школьніка

– У школе марыў стаць аўтамеханікам, – расказвае Валерый Яўгенавіч. – Але не атрымалася. Хоць рукі аж гарэлі аж жадання што-небудзь канструяваць, я рэальна ацаніў свае магчымасці – і пайшоў вучыцца на токара – яго работа, можна сказаць, пераплятаецца слесарскай – а я, дзе ні працаваў, быў слесарам – наладчыкам, рамонтнікам, інструментальшчыкам…

Не баяцца “ручной” працы Валерыя прывучылі гады вучобы: без школьнага “дэсанта” не абышлося будаўніцтва сярэдняй школы №2, дзе вучні першай – і на той час пакуль адзінай – праходзілі летнюю практыку або адпрацоўвалі тэарэтычныя веды, атрыманыя на ўроках працы. Удзельнічаў Валера з аднакласнікамі і ў будаўніцтве бальніцы: хто падлогу падмятаў, а хто цэглу насіў.

У пошуках пастаянства

Пасля арміі Валерый Мальдзіс уладкаваўся на працу ў падсобны цэх завода “Радыёдыталь”  у Малях.

– Цікавая была работа, – успамінае мужчына. – Займаліся мы наладкай абсталявання, рабілі мікрасхемы і абслугоўвалі паўаўтаматы, якія іх выраблялі. Добры быў у нас кіраўнік – Жыгулёў, светлая галава, і творчы калектыў, кожны у якім – са сваімі ідэямі…

У 90-х гадах, калі ваенная вытворчасць стала скарачацца, завод закрылі. І Мальдзіс пайшоў працаваць у астравецкую БПМК. Эксперыментальны цэх, дзе мужчыне вельмі падабалася,  быў яго стыхіяй – тут можна было праявіць усе свае творчыя і канструктарскія здольнасці. Стварэннем “пробных” канструкцый і ўзораў, якія дапамагалі па гатовых памерах хутка зварыць з металу патрэбную рэч, мужчына займаўся да самага развалу арганізацыі.

Так Валерый трапіў у фірму “Верас”, дзе нейкі час быў наладчыкам па абслугоўванню ліцейных аўтаматаў і паўатаматаў, якія працавалі з пластмасай. Магчымасць праявіць свае здольнасці канструктара дазваляла слесару-вынаходніку Мальдзісу  і тут адчуваць як рыба ў вадзе.

– Нешта мы прыдумвалі самі, некаторыя ідэі пазычалі, – дзеліцца Валерый Яўгенавіч. – Каб быць у курсе навінак, ездзілі на выставы і прэзентацыі ў Зяленаград і Маскву. Але галоўнымі былі свае рукі і галава.

 Прыйшоў – і застаўся

Калі і ў “Верасе” насталі нялёгкія часы, Мальдзісу зноў прыйшлося шукаць новае месца работы. “Падвярнуўся” гаргаз – прадпрыемства, куды трапіць на работу шанцавала далёка не кожнаму. Так, дзякуючы абставінам, Валерый Яўгенавіч стаў слесарам па рамонту вонкавых газаправодаў Астравецкага раёна газазабеспячэння, дзе і працуе ўжо дзесяць гадоў.

– Хто сказаў, што быць слесарам нудна? – перапытвае мужчына. – Няпраўда! Як можа быць нецікава тое, што можна пакратаць, разабраць, сабраць, пытацца зразумець, як што працуе? У такі момант у галаве раіцца мноства думак. Нават у гаргазе, дзе ўсё “па стандарту”, можна праявіць вынаходлівасць.

Раней, пакуль астравецкі райгаз не ўліўся ў рады унітарнага прадпрыемства “Смаргоньгаз”, у абавязкі слесара Мальдзіса ўваходзіла абслугоўванне і наладка абсталявання на газа-размеркавальных пунктах – і зрабіць гэта трэба было згодна з чарцяжамі, роўна і прыгожа.

Цяпер яго асноўная работа – абыходы газаправода.

– Ідзеш па вуліцы і назіраеш: там дрэва расце – трэба гаспадару дома падказаць, каб убраў; труба газаправода “аблезла” – трэба падказаць людзям, каб пафарбавалі; катлаван каля трубы рыюць – прасачыць, каб яе не зачапілі, – пералічвае свае абавязкі слесар райгаза. – Рамонт газаправода таксама на слесарах: падварваем, калі яму “стукнула” больш за 20 гадоў.

АДНЫМ СКАЗАМ

* У любой справе галоўнае – галава на плячах.

*Слесар бывае розны: адзін проста скруціць паміж сабой дзве трубы, а другі падумае, як зрабіць гэта лепш і прыгажэй.

*Аднолькава працую ў любое надвор'е: трэба варыць трубу ў мароз – паеду варыць, капаць траншэю ў дождж – буду капаць.

*Работа з газам можа быць небяспечнай. Але баяцца не трэба – трэба быць уважлівым і асцярожным.

*Працаваць трэба з усімі аднолькава – з начальнікам, і з простым чалавекам.

*У калектыве важней за ўсё – давер.

Цяпло дамашняга ачага

– Дома люблю канструяваць усё – ад трактара да прадметаў інтэр'ера, – прызнаецца Валерый Мальдзіс. – Жонка Святлана, з якой пазнаёміўся, калі прыйшоў да яе рамантаваць тэлевізар, спакойна адносіцца да майго хобі. Яна ў нашай сям'і – дызайнер, я ж рэалізую яе ідэі.

Да выбару другой палавіны Валерый адносіўся, як і да ўсяго навокал, сур'ёзна, бо быў упэўнены: яна ў яго жыцці будзе адна –  і назаўсёды.

Сям'я для Валерыя – гэта жыццё. І яно, сапраўднае і самае важнае, для мужчыны крыецца не ў пакарэнні горных вяршынь і не ў тысячах кіламетраў да вядомага ўсяму свету мора, а ў цёплых вечарах разам з дарагімі людзьмі, у магчымасці абмеркаваць з жонкай працоўны дзень, пасмажыць з сынам шашлык, паплаваць з дачкой у басейне, што яны разам устанавілі ў двары дома.  І ў нядзельным адпачынку на канапе, калі гукі і яркія краскі тэлевізара – усяго толькі фон яго ціхага сямейнага шчасця…

Я ЛЮБЛЮ…

– Прайсціся ранкам па перыметру двара, агледзець гаспадарку, выпіць кубачак кавы, які для мяне прыгатавала Святлана – і з лёгкім сэрцам пайсці на работу.

– Пасля работы зайсціся па магазінах, каб купіць прадукты. Муж стаміўся на рабоце? Але ж і жонка працавала, так што лік 1:1.

– Рабіць усё так, каб потым не перарабляць. Атрымоўваецца доўга – але надзейна.

Адказнасць за сваю работу Валерый Мальдзіс адчувае заўсёды. Ён упэўнены: нават цвік трэба не проста забіваць у сцяну – рабіць гэта трэба роўна, прыгожа і надзейна.

Текст: