Уражаннямі ад свята горада дзеляцца госці Астраўца

16:55 / 27.08.2018

Алена Пятроўна Бераснева, старшыня Гродзенскага абласнога камітэта Беларускага прафсаюза дзяржаўных і іншых устаноў:

Береснева.JPG 

– З вялікім захапленнем пазнаёмілася я з сённяшнім Астраўцом. Некалі, у час працы галоўным рэдактарам “Гродзенскай праўды”, я часта тут бывала. Але, прызнаюся шчыра: калі б сёння высадзілі дзе-небудзь на ўскрайку новага горада – дарогі б у цэнтр самастойна не знайшла – так непазнавальна змяніўся за апошнія некалькі гадоў Астравец.

Радуе, што ўсё гэта робіцца для людзей, якія тут жывуць. З’яўляюцца новыя рабочыя месцы, прычым камфортныя і добраўпарадкаваныя – як, скажам, у новым пажарным дэпо, якое сёння адкрылася. Тут усе ўмовы для працы не толькі для выратавальнікаў, але і для так званых неатэставаных катэгорый. Думаю, людзі будуць ісці сюды на працу з задавальненнем.

У сённяшняга майго візіту ў Астравец ёсць яшчэ адна місія: уручыць Ганаровую грамату абласнога камітэта прафсаюзаў работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў старшыні Астравецкага райкама прафсаюзаў Яніне Вікенцьеўне Кірэевай. А таксама – пасведчанне аб занясенні Яніны Вікенцьеўны ў Кнігу славы Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў: гэтага гонару яна ўдастоена за заслугі ў справе абароны сацыяльна-эканамічных правоў і інтарэсаў членаў прафсаюза і асабісты ўклад ў развіццё прафсаюзнага руху.


Мікалай Васільевіч Галай, былы старшыня Астравецкага райвыканкама:

Галай.jpg

– Я вельмі задаволены, што нас, ветэранаў, былых кіраўнікоў раёна, запрасілі на юбілей, спецыяльна прыслалі за намі машыну ў Гродна – значыць, шануюць і паважаюць старэйшае пакаленне. Без вопыту старэйшых немагчыма нешта пабудаваць, павінна быць пераемнасць пакаленняў.

 Я сёння нават “Астравецкую праўду” выпісаў у рэдакцыйнай палатцы: буду зараз у курсе ўсяго, што адбываецца ў раёне!

А ад таго, якім стаў Астравец, я проста ў захапленні: такога я не мог уявіць нават у сне! Канешне, мы ў свой час пра такое і думаць не смелі…

Вельмі спадабаўся канцэрт астравецкіх артыстаў – больш за ўсе музычныя нумары, што былі на сцэне. Малайцы, астраўчане!


Наталля Іосіфаўна Станкевіч, намеснік старшыні Ашмянскага райвыканкама.

– Я тут знаходжуся, можна сказаць, у двух іпастасях: па-першае, як намеснік старшыні Ашмянскага райвыканкама, прыглядваюся да таго, як арганізавана свята і стараюся пачэрпнуць нейкія ідэі: праз два гады мы будзем адзначаць юбілей Ашмян, і хочацца арганізаваць яго на такім жа высокім узроўні.

А, па-другое, Астравец – мой родны горад, і я не магу не радавацца тым зменам, што тут  адбываюцца.

Пажадаць у дзень юбілею гораду хачу працвітання, а яго жыхарам – росту дабрабыту.

 

Ірына Ігараўна Рогава, старшыня фонда “Белыя росы”:

– Цудоўны, поўны энергія жыцця і стварэння атрымаўся ў Астраўцы. Мы рады, што тут сустрэліся і пасябравалі людзі розных краін.

Дзякуй табе, Астравец, за тое, што ты такі – прыгожы, гасцінны, сардэчны. Поспехаў табе і працвітання!

 

Андрэй Уладзіслававіч Янчэўскі, старшыня Слуцкага райвыкакнама:

Янчевский.JPG

– Мяне запрасілі на юбілей Астраўца – але нават калі б і не запрасілі, я б усё роўна прыехаў: гэта горад, дзе я нарадзіўся і вырас – хоць тады ён яшчэ не быў горадам. Астравец – мая малая радзіма, і я проста абавязаны быў прыехаць і раздзяліць з землякамі радасць свята.

Я аб’ехаў горад – хоць, як мне сказалі, пабачыў яшчэ не ўсё, і вельмі ўражаны нават тым, што ўбачыў. Гэта зусім іншы, новы горад, дзе развіваецца інфраструктура, павялічваецца насельніцтва, расце дабрабыт людзей. Я вельмі рады за свой горад і сваіх землякоў.

Текст: Главный администратор