Гульнявая плавальная пляцоўка ЖКГ стала пераможцам конкурсу “Плаванне на чым папала”, прымеркаванага да юбілею Астраўца (+відэа)
Паплаваць на самаробных плавальных сродках прапанавалі ў дзень горада прадстаўнікам арганізацый Астравеччыны.
У другі раз самых крэатыўных аматараў актыўнага адпрачынку і майстроў на ўсе рукі сабраў конкурс “Плаванне на чым папала”, які сёлета прымеркавалі да 550-годдзя Астраўца.
На старт вадаёма ў першым мікрараёне выйшла 9 каманд: “Флагман” з аўтамабільнага парка №4, “Аварыйная газавая служба” з Астравецкага раёна газавага забеспячэння, “Лясны крэйсер “Ёлкі-палкі” з Астравецкага лясгаса, “По Щучьему велению” з ДРБУ, “Формула 1” з гімназіі №1, “Машына хуткай дапамогі” з цэнтральнай раённай бальніцы, “Чырвоная маланка” з Астравецкага РАНС, “Bottle ship” з Беларускай АЭС і гульнявы комплекс “Крепыш” прадставіла Астравецкае РУП ЖКГ.
Удзельнікі конкурсу пастараліся: самаробныя плавальныя сродкі ўпэўнена і хутка пераадольвалі вызначаную дыстанцыю, прыцягвалі ўвагу яркімі фарбамі і сцягамі. Праўда, некаторыя, падчас перамяшчэння гублялі свае часткі.
І ўсё ж пераможца быў вызначаны. Гран-пры конкурсу журы, ды і гледачы таксама, аддалі Астравецкаму РУП ЖКГ. Самым хуткім быў прызнаны “бутэлечны карабль” Беларускай АЭС, самай музыкальнай стала плавальная аварыйная машына Астравецкага раёна газазабеспячэння, а самы арыгінальны плот збудаваў Астравецкі лясгас.
– Вельмі падабаецца ўсё, што сёння адбываецца ў Астраўцы, – падзялілася ўражаннямі сям’я Субаткевіч. – Хочацца ўсюды паспець і ўсё паглядзець. Спачатку прыйшлі на конкурс “Плаванне на чым папала” – хацелася б, каб перамагла цэнтральная бальніца. Аднак плот, зроблены Астравецкім РУП ЖКГ, заслугоўвае найвышэйшай узнагароды.
Пераможцы конкурсу былі ўзнагароджаны дыпломамі і падарункамі ад раённай арганізацыі “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”.