Карэнная астраўчанка Яніна Кунэйка ўспамінае Астравец свайго дзяцінства

14:18 / 26.08.2018
2

За веснічкі свайго пана­дворка Яніна Адольфаўна Кунэйка зараз ужо амаль не выходзіць – ногі не ідуць, хоць душа і рвецца насустрач усяму новаму і прыгожаму, чым насычаны кожны дзень роднага Астраўца
Але яна знайшла выйсце: падтрымліваць сувязь са светам і горадам, дзе нарадзілася, вырасла і пражыла жыццё, жанчыне дапамагаюць стасункі з сябрамі, былыя калегі і вучні, шматлікія знаёмыя, тэлевізар, раённая газета. І – успаміны.

3.jpg 

На хвалях дзяцінства

Тут, на Мілешкавай яме, што была непадалёк ад хаты, Яніна вучылася плаваць…

– Бацькоўская хата была на месцы Белаграпрамбанка. А бабуліна, у якой нарадзілася мая маці, – праз дарогу.

Драўляная хата «на два канцы», крытая спачатку саломай, якую бацька пазней «акультурыў» дранкай, стаіць перад вачыма як стары і дарагі сэрцу фотаздымак – нібы не прайшло такіх доўгіх і ў той жа час такіх кароткіх васьмідзесяці гадоў…

Успамінаецца і стаў каля старога млына, парослы аерам, які мы пераплывалі разам з сёстрамі і сяброўкамі ўпотай ад бацькоў…

Я з сям'і астравецкіх гандля­­роў – дзед валодаў адзіным у вёсцы «рэстаранам». Прыязджалі людзі на млын, абавязкова заходзілі да яго і куплялі нешта перакусіць.  А маці была лепшай у акрузе паварыхай.

 8.jpg

Кропка ў памяці

Акупацыя паставіла на развіцці Астраўца тлустую кропку.

– Савецкія ўлады выехалі – пачаліся грабяжы. Цягнулі ўсе, усё і адусюль. Хто масла з прылаўкаў цягнуў, хто з печак у пакінутых хатах дзверцы здымаў… Аднойчы бацька прынёс дахаты рознакаляровыя алоўкі і альбомы. Маці яго ўшчувала – маўляў, разумныя людзі дзецям масла нясуць, а ты!

А бацька любіў паўтараць: галоўнае ў жыцці – каб дзеці былі адукаванымі! Некалькі гадоў, пакуль быў на заробках за мяжой – плавіў метал у Францыі, – паказалі яму, што, каб добра жыць, трэба вучыцца… Тата закончыў чатыры класы царскай школы – а дапамагаў нам рашаць задачы па алгебры.

Шмат цікавых кніг бацька прывёз з Францыі – свайго часу яны чакалі ў вялікім чорным куфары.

 6.jpg

Горыч вайны

На пытанне   Яні, куды са стала падзеўся цукар, маці коратка адказала: «Немец забраў…»

– І адразу над намі сталі самалёты лятаць… Убачу, як нямецкі самалёт у небе кружыць, трасу яму кулаком і крычу па-польску: «Ну-ну, немец, цукер забрал!»

Аднойчы з мамай з лазні іш­лі – яна недалёка ад нашага дома была, каля рэчкі – крыху прыпазніліся. Затрымалі. Прыйшлося  ў камендатуры ноч прася­дзець…

Немцы забралі нашы агароды – там устанавілі вялікую кухню, якраз насупраць ця­пе­раш­няга кінатэатра. Для нямецкага гарнізона з канцэртамі прыязджалі жанглёры, акрабаты,  круцілі ім нямыя фільмы. А нам так хацелася паглядзець! Пад лаўкамі хаваліся. Часта немцы рабілі выгляд, што не заўважаюць нас…

Цяжка даводзілася. Голадна… Мы, дзеці, хадзілі ў нямецкую сталоўку з маленькімі бідончы­ка­­мі – повары супу апалонік ці чаю салодкага налівалі… Я была чарнявая, загарэлая, з доўгімі валасамі. Маці  вялізны бант завяжа – прыгожую маленькую дзяўчынку шкадавалі… Горда та­ды шыбавала я дадому – здабытчыца!

Бацька неяк даведаўся, што Астравец бамбіць будуць. Сабралі мы пажыткі, сёе-тое з ежы і з іншымі астраўчанамі схаваліся за мурам каля касцёла – тады ён быў высокі-высокі, а потым – у касцёльны падвал: доўгі такі, цёмны, з целамі даўно памерлых людзей. Дарослыя казалі, што тут манахі пахаваныя. Але не гэтага баяліся: з неба ляцелі бомбы – адна зрабіла варонку пасярод брукаванай дарогі, другая пацэліла ў мост, трэцяя – у млын. Дзякуй богу, у касцёл ні адна не трапіла…

У канцы вайны адзін немец па сакрэту папярэдзіў дзядзьку Стася, што іх войскі будуць адступаць, а Астравец спаляць. Так і сталася: згарэла ўсё да маста. А далей, як людзі расказвалі, выйшла жанчына з хлебам святой Агаты, памалілася – і адвярнула агонь.

Памятаю, як ужо пасля вызвалення Астраўца да нас у клас зайшла настаўніца ў ваеннай гімнасцёрцы і паношаных ботах. Былая партызанка… Выжыць у галодныя пасляваенныя гады ёй з дзвюма дзецьмі дапамагалі не толькі бацькі вучняў, але і незнаёмыя: прывозілі муку, бульбу. Добрыя людзі тады былі...

 5.jpg

Святло мірнага жыцця

Так цікава жыць!..

– У школу, што за помнікам Леніна, я пайшла ў 8 клас – яе і скончыла. Да гэтага была школа каля старога могільніка. Яе строгі дырэктар Рыбакоў вельмі любіў кветкі…

Кожны год перад першым верасня ўсе вучні дружна ішлі ў «цэнтральную» школу: мылі вокны, парты, падлогі…

Канцэрты, выступленні лілі­путаў, мясцовы духавы аркестр... Абавязковая частка жыцця – першамайскія дэманстрацыі.

Найбольшай папулярнасцю ў моладзі карысталася танц­­­­п­ля­цоўка. Танцы былі амаль за на­шым плотам. Як з'яўлялася сва­бодная хвілінка – так і беглі ту­ды. Уваход быў бясплатны.

2.jpg

…Адукацыю атрымала ў Нова­віленскім настаўніцкім  інсты­­туце на польскай мове. Пакуль вучылася, працавала піянер­важатай у польскай адзі­наццацігодцы. З дыпломам вярнулася на радзіму. Вяла гісторыю ў вёсцы Меднікі, затым у Валэйкішках – там замуж выйшла і сына нарадзіла.

Некалькі гадоў разам з мужам жыла і працавала ў Гальшанах, затым на Гомельшчыне, у вёсцы Абакумы. А потым нас пацягнула на радзіму, таму вярнуліся ў Астравец.

…Працаваць настаўніцай гісто­рыі пайшла ў сярэднюю школу №1. Прысвяціла дзецям трыццаць гадоў. Урокі, мерапрыемствы, летнія паходы – гады пранесліся, як адно імгненне, і запаволілі свой бег толькі тады, калі падвялі ногі…

3.jpg

Цікава жыць, калі ты малады, калі добра ведаеш людзей, кожны кусцік, кожны паварот дарогі...

Але і цяпер я стараюся быць у курсе таго, чым жыве родны горад. Усе яго змены, безумоўна, да лепшага. Яны проста глабальныя. Каб мае бацькі змаглі ўбачыць Астравец сёння, яны б яго не пазналі…

Яніне Адольфаўне пада­баецца абноўлены Астравец, малады і перспектыўны, – бо гэта яе радзіма, самае лепшае і самае прыгожае месца на зямлі.
А душой яна адданая Астраўцу былому – маленькаму і непрыкметнаму –  сваёй радзімцы, моцна звязанай з яе сэрцам вуліцамі дзяцінства і маладосці. 

4.jpg

7.jpg

Текст: