З юбілеем, родны горад!

08:00 / 24.08.2018

Сёння мы адзначаем 550-гадовы юбілей нашага горада – свята  ўсіх, хто лічыць Астравец сваёй радзімай; хто шануе памяць продкаў, паважае працу людзей, якія робяць наш горад камфортным, прыгожым і зручным. Гэта свята ўсіх, хто нарадзіўся і вырас тут, хто аднойчы прыехаў – і  стаў астраўчанінам, і тых, хто па розных прычынах пакінуў Астравец, але душой і сэрцам застаўся верным сваёй малой радзіме.              

DJI_0003_MOV_snapshot_00_32.jpg

З глыбіні стагоддзяў бярэ свой пачатак гісторыя Астраўца. У 1468 годзе ў старажытных летапісах ўпершыню ўспамінаецца яго назва: 550 гадоў таму Юрый Гаштольд, уладальнік Геранёнаў, адпісаў  касцёлу Дзевы Марыі і Усіх Святых (цяпер гэта касцёл Космы і Даміяна) фундуш у дзве меры мёду. Хачу падзякаваць нашаму земляку прафесару Адаму Восіпавічу Мальдзісу, які ў архівах адшукаў арыгінал летапісу аб першым успаміне пра Астравец,  дзякуючы якому мы сёння маем магчымасць адзначаць такі пачэсны  юбілей.

Шматвекавая гісторыя напоўнена радаснымі і сумнымі, гераічнымі і трагічнымі старонкамі. На ўсіх этапах яго развіцця астраўчане адказна і добрасумленна выконвалі свой грамадзянскі абавязак, захоўвалі традыцыі дзядоў і бацькоў, ганарыліся іх баявой славай і працоўнымі дасягненнямі.

Астравецкая зямля нарадзіла нямала знакамітых дзяржаўных і палітычных дзеячаў, паэтаў, майстроў культуры і мастацтва. Мы ганарымся  ўраджэнцамі Астравеччыны, якія праславілі наш край і ўсю Беларусь.

З удзячнасцю мы  ўспамінаем легендарнае пакаленне воінаў-вызваліцеляў, тых, хто лепшыя гады жыцця аддаў пасляваеннаму аднаўленню горада і раёна, ветэранаў працы.

Словы падзякі за вялікі асабісты ўклад у развіццё горада і раёна хочацца выказаць яго былым кіраўнікам: Лідзіі Аркадзьеўне Белабокай, Мікалаю Васільевічу Галаю, Мечыславу Браніслававічу Кудырку, Віталію Іванавічу Лянкевічу, Ірыне Баляславаўне Шляхтун, Адаму Дзмітрыевічу Кавальку.

Сёння Астравецкі раён імкліва развіваецца. Горад мяняе сваё аблічча, будуюцца новыя жылыя дамы, дзіцячыя садкі, аб’екты фізічнай культуры і спорту, медыцыны, культуры, мадэрнізуюцца і добраўпарадкоўваюцца дзеючыя. Усё гэта адбываецца дзякуючы таму, што на нашай тэрыторыі рэалізуецца самы маштабнамы энергетычны праект Рэспублікі Беларусь – будаўніцтва Беларускай атамнай электрастанцыі. На вачах сваіх жыхароў Астравеччына з чыста сельскагаспадарчага раёна ператвараецца ў прамысловы рэгіён з развітой інфраструктурай.

Нашай агульнай перамогай стала тое, што Астравецкі раён стаў пераможцам  рэспубліканскага спаборніцтва у намінацыі «За дасягненне найлепшых паказчыкаў у сферы сацыяльна-эканамічнага развіцця» і занесены на Рэспубліканскую дошку Гонару – гэта адбылося ўпершыню ў яго гісторыі.

Паважаныя жыхары раёна, працаўнікі сельскагаспадарчых і прамысловых прадпрыемстваў, работнікі сацыяльнай сферы, усе, хто забяспечвае насельніцтва неабходнымі паслугамі, стаіць на ахове правапарадку і законнасці, памнажае нацыянальнае багацце краіны – вялікі дзякуй усім вам за працу!

 Віншую усіх астраўчан і гасцей, якія прыехалі раздзяліць з намі радасць гэтага юбілейнага дня нараджэння, са святам – 550-годдзем Астраўца.

Шчыра жадаю ўсім дабрыні, спагады і любові, згоды і ўзаемаразумення ў кожнай сям’і, моцнага здароўя, упэўненасці ў заўтрашнім дні і вялікіх духоўных і матэрыяльных  набыткаў. Натхнення  вам  і  сіл  на  добрыя  справы  і  ўчынкі.

Шчыра жадаю усім, хто лічыць сябе астраўчанінам, каб мы ніколі не страцілі пачуцця гонару за адзін з самых цудоўных куточкаў Беларусі – наш Астравец!

Са святам!

Ігар ШАЛУДЗІН, старшыня раённага выканаўчага камітэта

Текст: Главный администратор