Як АПэшка ў летніку адпачывала

08:33 / 13.08.2018
А я сёлета ў летніку адпачывала! 

АПэшка.jpgЯк жа там добра! Як класна ўсім разам класціся спаць, вы­бя­гаць раніцай на зарадку, гуляць, спаборнічаць, ха­дзіць на дыс­ка­тэкі! Мы нават пра ма­біль­нікі забыліся – вы­хава­целі давалі нам іх толькі два разы на дзень, каб бацькам патэ­ле­фа­наваць. А мы і не прасілі больш – не да таго было! 

Тым больш што бацькі і без таго часта праведвалі, усялякай смакаты прывозілі. І вось гэта, скажу я вам, было адзіным непрыемным момантам у летніку, з-за якога я расстройвалася і часам нават плакала.

Не, вы не падумайце: мае бацькі-журналісты таксама мяне наведвалі. Але розных там чып­саў, кока-колы, снэкаў, цукерак, пірожных не прывозілі. Прын­цыпова. Яны, прызнаюся вам, і ў рэдакцыі мяне не асабліва песцяць гэтымі прысмакамі, а тут і зусім... «Сквапнюгі! – крыў­дава­ла я, з зайздрасцю назіраючы, як іншыя дзеці п’юць газі­роўку і хрумсцяць цукеркамі і чыпсамі. – Нібыта я ім не родная: пару яблычкаў-бананчыкаў, пачак соку ды пакецік ляндрынак…» 

Па праўдзе кажучы, я ў тым летніку не галадала: у сталовай кармілі смачна, нават фрукты розныя і прысмакі давалі. Але ж так хацелася гэтых «шкоднасцей»…  І я так зайздросціла шчасліўчыкам, якіх употайкі ад выхавальнікаў падкормлівалі бацькі! 

Неяк аднойчы не вытрывала і разгаласілася сваім бацькам у тэлефон, патрабуючы, каб прыехалі да мяне і, як  Алёнцы з Данікам, усяго-усяго прывезлі, хай сабе і не вельмі карыснага – але каб смачнага і шмат! Ужо і Марынка, і Надзейка, і Рытачка, і Антончык – амаль усе згадзіліся адзін-аднюсенькі разочак парушыць правілы летніка і пачаставаць мяне тым, чаго мая душа жадае – а мама Рыбік упёрлася і не дазволіла: сказала, што бацькі  купілі пуцёўку МНЕ ў аздараўленчы летнік, а не майму страўніку – у бальніцу. Я вырашыла, што мама Рыбік мяне зусім не любіць і я, калі вярнуся з летніка, уцяку ад сваіх сквапных бацькоў-журналістаў у якую-небудзь іншую газету – у той жа «Ашмянскі веснік», да прыкладу. Падумаеш, буду не АПэшкай, а АВэшкай – усяго і справы, што адну літару ў пасведчанні аб нараджэнні падправіць!

А потым у Алёнкі забалеў зуб – ды так моцна, што яна ўсю ноч плакала-скавытала. Ранкам прыехалі яе бацькі і, як яна ні спрабавала падмануць, што ўсё ўжо добра, і ўгаворвала, што  хоча застацца ў летніку, бо ў гэты дзень у нас быў канцэрт, павезлі яе да зубнога доктара. Выхавацелька сказала, што ўсё гэта ад таго, што Алёнка шмат газіроўкі піла і шакаладных цукерак ела, і зараз ёй будуць у зубе дзірку свідраваць альбо зусім выдзеруць яго з коранем. Жах які!!!

А назаўтра ў Даніка па ўсім целе чырвоныя плямы пайшлі, якія моцна свярбелі, – і яго паклалі ў ізалятар, дзе ён цэлы дзень ляжаў адзін і плакаў, бо ў той дзень быў конкурс, у якім Данік, вядома ж, перамог бы, бо ён самы прыгожы, самы дужы і самы разумны хлопчык у нашым летніку! Вось толькі надоечы ў ціхі час «затачыў» цэлы пакет апельсінаў, які яму бацькі прывезлі…

05.jpg

 

Я падумала-падумала – і зра­зумела, што мае бацькі-жур­налісты не прывозяць кока-колы і цукерак не таму, што не любяць мяне – а якраз наадварот! І мае рацыю мама Рыбік: не заўсёды нам, дзецям, трэба даваць тое, што мы просім, нават калі мы пры гэтым плачам і качаемся па падлозе. Выдам страшэнную таямніцу: гэта мы так хітруем, выпрошваючы, чаго нам хочацца, і не разумеючы, што не заўсёды яно нам патрэбна і тым больш – карысна…

Ну і хай сабе не вязуць мне бацькі тую колу, чыпсы і цу­керкі! І без гэтага ў летніку весела і цікава. Асабліва, калі ні зубы, ні жывот не баляць! А яблыкі і кефір з булачкай у сталовай вельмі нават смачныя – асабліва калі перад абедам ці падвячоркам добра набегаешся.

Ваша АПэшка.


Текст: Главный администратор