І ў выхадныя працуюць камбайнеры
Раніца суботы. На небе – ні аблачынкі, а слупок тэрмометра няўмольна паўзе ўверх. Добра, хоць ветрык ратуе ад спёкі.
– Для ўборкі такое надвор’е – тое, што трэба, – расказвае дырэктар РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі» Дзяніс Валер’евіч Кірпа. – Вільготнасць намалочанага збожжа вагаецца ў межах 12-14% – яго дастаткова адзін раз прагнаць на сушылцы і ачысціць. Эканомія відавочная.
Агульнымі намаганнямі дзесяці камбайнаў за дзень у гаспадарцы ўбіраецца каля 100 гектараў. Хлебаробы ўжо цалкам убралі азімыя пшаніцу і трыцікале, якія далі на круг крыху больш чым па 19 цэнтнераў.
– Ураджай сёлета не самы лепшы: дзе-нідзе пасевы падпаліла, – расказвае дырэктар. – Але жаліцца і ківаць на надвор’е не варта. Галоўнае – у максімальна кароткія тэрміны ўбраць тое, што саспела, выканаць дзяржзаказ і пакінуць збожжа на камбікорм. Адначасова нарыхтоўваем кармы. Спадзяюся, яшчэ закладзём дзве сянажныя траншэі і нарыхтуем у стрэйч-плёнку каля 1,5 тысячы травяністых кармоў. Ужо рыхтуем глебу пад сяўбу рапсу.
З кожнага абмалочанага гектара ў саўгасе збіраюць каля 20 цэнтнераў
Загадчыца зернесклада Галіна Янкойць
– Дзесяць гадоў працую на камбайне, але такога слабага ўраджаю не прыпомню, – гаворыць камбайнер Дзмітрый Шэша. – Найбольш запомнілася жніво 2015-га, калі намалаціў амаль дзве тысячы тон збожжа. Сёлета ў нас ніхто нават тысячы не збярэ.
Падчас абедзеннага перапынку тату Дзмітрыя Шэшу і дзядулю Міхаіла Козела падтрымлівае сын і ўнук Арцём
Да размовы далучаецца яго калега Аляксандр Шостак:– Цэлы дзень працуем, а ў выніку каля 30 тон за дзень намалочваем. У лепшыя гады за сотню малацілі… Але год на год не прыходзіцца.
Як і хлебаробы, без выхадных працуюць работнікі кухні.
– Трэба хлопцаў смачна і сытна карміць, каб ураджай добра ўбіралі. Абеды і падвячоркі прывозім у поле, – расказвае раздатчыца Ала Крывіцкая, наліваючы чарговую порцыю халадніку.
Хлебаробаў корміць раздатчыца Ала Крывіцкая
Механізатары хуценька паабедалі і скіраваліся да сваіх камбайнаў. Хвіліна-дзве – і магутная жніўная песня зноў палілася над наваколлем.– У 7 раніцы хлопцы ўжо ў майстэрнях: рыхтуюць камбайны, запраўляюцца – і ў поле. Шчыруюць да 9 гадзін вечара – даўжэй працаваць не дазваляюць росы. Ніхто не скардзіцца, механізатары разумеюць: трэба як мага хутчэй завяршыць уборку, – гаворыць Дзяніс Кірпа. – Я ўзначальваю гаспадарку толькі тры месяцы. Праблем, канешне, шмат. Радуе, што людзі тут шчырыя, цягавітыя. Разам, спадзяюся, у нас усё атрымаецца.
Для памочніка камбайнера Дзмітрыя Родзя сёлетняе жніво – першае, і, спадзяецца ён, не апошняе
Памочнік брыгадзіра Марыя Асьмінкіна адказная за ўборку
Станіслаў Васілеўскі працуе ў Астравецкай ЖКГ і дапамагае саўгасаўцам вазіць збожжа
Вадзіцель Падольскай СШ Анатоль Супрановіч на жніве дапамагае вяскоўцам
На камбайне КЗС-1218 Аляксандр Шостак працуе восьмы сезон
Камбайнер Іван Аўгуль спраўляецца без памочніка
Яўген Крывіцкі не першы год працуе камбайнерам. Сёлета разам з рапсам механізатар намалаціў каля паўтысячы тон